17 верасня спаўняецца 85 гадоў з дня ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Як жылі нашы продкі пад уладай панскай Польшчы, як разгортвалася нацыянальна-вызваленчая барацьба на тэрыторыі Бераставіччыны, даследаваў вучань 7 класа Пархімаўскай базавай школы Ягор КАЗАК на падставе збору ўспамінаў землякоў і вывучэння краязнаўчай літаратуры.
Неабыякавыя землякі
Кожная мясціна, як і чалавек, мае сваю гісторыю. Аграгарадок Пархімаўцы багаты на знакамітых людзей, цікавыя падзеі, легенды і паданні. Захаваць спадчыну для будучых пакаленняў – задача няпростая. Сведкаў далёкіх падзей становіцца ўсё меней. На шчасце, ёсць людзі, якія з любоўю ставяцца да роднага краю і перадаюць нашчадкам неабходную інфармацыю. Такімі неабыякавымі ў Пархімаўцах з’яўляюцца былы дырэктар Пархімаўскай базавай школы Ніна Багуцкая і былая журналістка “Бераставіцкай газеты” Марыя Драпеза. Яны дзеляцца ўспамінамі сваіх родных, якія жылі ў гэтай мясцовасці, дапамагаюць знайсці цікавых людзей. Так адраджаецца гісторыя.
Пад Польшчай
Бераставіцкі раён тады ўваходзіў у склад Беластокскага ваяводства. У ходзе даследавання ўдалося выявіць, што сядзіба ў Пархімаўцах належыла Ключэўскім-Яцунскім-Барэці. Як расказала Ніна Багуцкая са слоў свайго бацькі Аляксандра Аляксеевіча, большасць землякоў цяжка парабкавала на мясцовых паноў. І так было паўсюдна. Як адзначаецца ў кнізе “Памяць”, урад Польшчы праводзіў, па сутнасці, каланіяльную палітыку, накіраваную на пераўтварэнне Заходняй Беларусі ў крыніцу таннай сельскагаспадарчай сыравіны і працоўнай сілы. Абсалютная большасць сялян была малазямельная ці беззямельная. Цяжарам на сялянства ляглі падаткі.
Вызваленчы рух
Сацыяльны ўціск, нацыянальная дыскрымінацыя, дрэнныя эканамічныя ўмовы прывялі да таго, што на Бераставіччыне шырока разгарнуўся нацыянальна-вызваленчы рух. Нашы землякі сталі актыўнымі ўдзельнікамі мясцовых партячэек Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, гурткоў Таварыства беларускай школы. Ужо ў 1923 годзе дзейнічала 11 партячэек. Наш зямляк Лявон Лазарчык узначаліў раённы саюз моладзі, праводзіў сходкі, маніфестацыі. Быў арыштаваны польскай дэфензівай (тайнай паліцыяй) і 6 гадоў правёў у турме. Пасля ўз’яднання Лявон Міхайлавіч працаваў на кіруючых пасадах.
Жыхарка вёскі Жабры Вера Ігнатаўна Ядэйка у той перыяд таксама была камсомолкай-падпольшчыцай. Па ўспамінах жанчыны, прадстаўленых Марыяй Драпезай, актывістамі падпольнай дзейнасці ў вёсцы былі браты Уладзіслаў і Міхаіл Хвайніцкія, Уладзімір Саланевіч – брат Веры Ігнатаўны. Часта ў хаце Саланевічаў збіраліся тайныя сходкі. Сувязь з рэвалюцыйна настроенай моладдзю трымаў Сяргей Восіпавіч Прытыцкі – дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, які ў маладыя гады быў цесна звязаны з нацыянальна-вызваленчым рухам на Бераставіччыне. Ён часта бываў у бераставіцкіх вёсках, прысутнічаў на сходках і вечарынках, маёўках і мітынгах, даваў парады, даручэнні, выступаў, агітаваў, заклікаў. Яго ведалі асабіста і падпольшчыкі з вёскі Жабры, у тым ліку брат Веры Ігнатаўны. Прытыцкі не раз бываў у хаце Саланевічаў. Але канспірацыя была надзвычай строгай, нават жорсткай. І Вера не магла ведаць, каторы з хлопцаў Сяргей. Дзяўчына была незаменнай сувязной-падпольшчыцай, расклейвала улёткі, у ноч на рэвалюцыйныя і савецкія святы разам з іншымі вывешвала чырвоныя сцягі. Па справах падполля Вера хадзіла ў вёскі Даўбянкі, Старынцы, Леснявічы і многія іншыя. Двойчы была ў Гаркавічах, што пад Крынкамі, – яе адправілі да Прытыцкіх, якія былі родам з гэтай вёскі.
Уз’яднанне
Незвычайна цікавымі сталі ўспаміны маці Марыі Драпезы Веры Андрэеўны Шымавалос. Вера Андрэеўна добра памятае восень 1939 года: “У той час мне было 10 гадоў. Я слухала, аб чым гаварылі дарослыя, і ўсё, што адбывалася, было цікавым і незвычайным. Паны забіралі сваё багацце, коней, і ўцякалі на захад. А мы ўсе з дня на дзень чакалі рускіх. Мая родная вёска Каленікі размешчана ўздоўж шашы Ваўкавыск – Гродна. Вось на гэтую дарогу і адпраўлялі дарослыя дзяцей паслухаць, ці не чуваць, як ідзе армія. Мы бегалі, прыкладвалі вушы да зямлі, але было ціха. Так працягвалася каля двух дзён. А на трэці дзень раздаўся гул з боку Ваўкавыска. Ён набліжаўся, грукацела ўсё мацней і вось з’явіліся танкі. Яны рухаліся ў бок Гродна цэлы дзень да вечара. А назаўтра паехалі машыны з салдатамі. Ваенныя ішлі тры дні! Радасці нашай не было канца! Нарэшце рускія прыйшлі! Танкі былі ўсе ў вянках і кветках – дзяўчаты рвалі іх і кідалі салдатам.
Пачалося новае жыццё. Моладзь стала збірацца ў клубе ў Старым Дворцы, які размясціўся ў палацы былога пана. Там былі арганізаваны гурткі, спявалі песні, танцавалі, ладзілі пастаноўкі. І я бегала, хоць яшчэ дзяўчом была… Радасць была ва ўсіх – і ў дарослых, і ў дзяцей. Але ненадоўга сонейка выйшла – хутка і вайна пачалася.”
Да патрыятызму праз краязнаўства
Даследаванне выявіла шмат цікавых фактаў гістарычнага перыяду, пазнаёміла з мужнымі землякамі, якія змагаліся за вызваленне роднай зямлі, і выклікала пачуццё павагі і гонару за іх.
Гэта яшчэ раз пацвярджае, што краязнаўства з’яўляецца выдатным сродкам выхавання патрыятызму ў падрастаючага пакалення. У музеі Пархімаўскай базавай школы аформлена экспазіцыя “Мой край пад уладай панскай Польшчы”, дзякуючы якой вучням стаў больш зразумелы сэнс свята, якое адзначаецца беларускім народам 17 верасня – Дзень народнага адзінства.
Людміла ТУРОК, настаўніца Пархімаўскай БШ
Фота з архіва аўтара