Хутка мы будзем адзначаць адно з самых галоўных хрысціянскіх святаў – Божае Нараджэнне. Аб тым, якое значэнне нясе ў сабе гэтая ўрачыстаць, як падрыхтавацца да яго згодна з каталіцкай традыцыяй і аб чым не забыць у перадсвяточнай мітусні, мы размаўляем з ксяндзом Андрэем Казлоўскім, дэканам Бераставіцкага дэканата, пробашчам парафіі Святога Антонія з Падуі ў Малой Бераставіцы.
– Айцец Андрэй, Божае Нараджэнне скіроўвае нас да біблійскай падзеі прыходу ў свет Езуса Хрыста, ад якой і пачаўся адлік “нашай эры”. Але ў чым галоўная сутнасць гэтага свята?
– Нараджэнне Езуса Хрыста – гэта вялікі цуд і вялікая таямніца. Сутнасць Божага Нараджэння ў тым, што Божы Сын, прыняўшы чалавечае цела, прыйшоў у гэты свет, каб даць людзям магчымасць вярнуць адносіны з Богам, якія яны страцілі праз першародны грэх. Ён нарадзіўся для нашага збаўлення, каб паказаць нам бясконцую любоў Бога і стаць прыкладам святасці. Хрыстос – гэта Святло, якое асвячае цемру чалавечага граху і надае нашаму жыццю новую перспектыву, гэта знак выканання Божага абяцання аб збаўленні свету. І кожны год, святкуючы Божае Нараджэнне мы маем магчымасць зноў запрасіць Хрыста ў сваё сэрца, дазволіць Яму перамяніць наша жыццё, напоўніць яго радасцю і любоўю.
– Парайце, як падрыхтавацца да Божага Нараджэння, каб свята было па-сапраўднаму хрысціянскім?
– Самае важнае – гэта духоўная падрыхтоўка. На жаль, у некаторых людзей святкаванне Раства Хрыстова зводзіцца да таго, каб навесці парадак дома, упрыгожыць ялінку, купіць падарункі і прыгатаваць стравы на святочны стол. Гэта знешняя падрыхтоўка, яна таксама патрэбна, але галоўнае ж – паклапаціцца пра стан сваёй душы і духоўна падрыхтаваць свае сэрцы на прыход Збаўцы. І Касцёл дае нам добрую магчымасць – перыяд Адвэнту. Гэта час пабожнага і радаснага чакання, які пачынаецца за чатыры тыдні да свята. У гэты час святары апранаюцца ў фіялетавыя адзенні – арнаты, якія сімвалізуюць пост, побач з алтаром з’яўляецца хваёвы вянок з чатырма свечкамі. Кожны тыдзень запальваецца новая свечка, нагадваючы аб хуткім прышэсці ў свет Хрыста. Раніцай у касцёлах праходзяць богаслужэнні ў гонар Дзевы Марыі, якія называюць Рараты. Святая Імша распачынаецца пры выключаным святле, дзеці, трымаючы ў руках запаленыя свечкі, разам са святаром і літургічнай службай урачыстай працэсіяй накіроўваюцца да алтара на супольную Эўхарыстыю. Гэта вельмі хвалююча і прыгожа, прымаючы ўдзел у Раратах, мы кожны дзень Адвента можам распачынаць свой дзень з Богам. А яшчэ вельмі важна пры падрыхтоўцы да Божага нараджэння знайсці час на супольную малітву, чытанне Святога Пісання, паяднацца з Богам у сакраманце пакаяння.
– Як у традыцыі каталіцкага Касцёла прынята адзначаць Вігілію і само свята Раства Хрыстова? Ці ёсць пэўныя патрабаванні да вігілійнага стала?
— Згодна з традыцыяй, вігілійная вячэра распачынаецца пасля таго, як на небе загарыцца першая зорка. Звычайна на Вігілію збіраецца ўся сям’я, на стол пад абрус кладуць сена, якое сімвалізуе, што Езус нарадзіўся ў стайні, запальваецца свечка як знак прысутнасці Бога сярод нас. На стале павінны быць толькі посныя стравы, абсалютна выключаны алкаголь. Памаліўшыся і зачытаўшы адпаведны ўрывак з Евангелля (Лк 2, 1–20), усе дзеляцца аплаткай і перадаюць адзін аднаму калядныя віншаванні і пажаданні. Асаблівую атмасферу гэтага вечара ствараюць калядкі, якія можна спяваць усёй сям’ёй. Пасля вігілійнай вячэры людзі ідуць на Пастэрку – святую Імшу, якая служыцца апоўначы ці трохі раней. У само свята, 25 снежня, таксама абавязкова трэба схадзіць у касцёл на Святую Імшу, ну а потым святкаваць з роднымі і блізкімі.
– Айцец Андрэй, а як у Вашай бацькоўскай сям’і святкавалі Божае Нараджэнне?
– У маёй сям’і гэта заўсёды было вялікае свята. Мы з сястрой вельмі чакалі гэты дзень, чакалі, калі ўжо будзем дзяліцца аплаткай, з цікавасцю назіралі, як на стол пад абрус кладуць сена, як упрыгожваецца ялінка, ну і, вядома,чакалі падарункаў. Памятаю, што пасля дзялення аплаткай першай стравай абавязкова спажывалі куцю, на стале таксама былі баранкі з макам, ламанцы, карп і другія вігілійныя стравы. І заўсёды ў нашым доме было месца для Бога, абавязкова была малітва. Я нарадзіўся і вырас у Гродне, у простай сям’і, мой бацька быў вадзіцелем, а маці працавала спачатку швачкай, а потым прыбіральшчыцай. Але колькі сябе памятаю, бацькі вечарам заўсёды станавіліся на калені і маліліся, і мы з сястрой таксама далучаліся да іх.
– Значыць, Ваша святарскае пакліканне мела свой пачатак у сям’і?
– Пакліканне, як казаў святы Ян Павел II, – гэта дар Божы і вялікая таямніца, таму нельга адназначна сказаць, адкуль яно пачынаецца. Але сям’я, безумоўна, адыграла ў гэтым сваю ролю. Мае бацькі часта гаварылі пра Бога, кожную нядзелю мы хадзілі ў касцёл, я з самага дзяцінства зразумеў, што гэта важна. Калі трохі падрос, стаў наведваць касцёл нават без бацькоў, служыў каля алтара, прыходзіў не толькі ў нядзелю, але і буднія дні. Удзельнічаў у пілігрымках, нават быў на Сусветных днях моладзі ў Чэнстахове, куды прыязджаў Папа Рымскі Ян Павел II. Мы ішлі з Варшавы да Чэнстахова ў пілігрымцы, яна пакінула ў мяне вялікае ўражанне. Было дастаткова цяжка, мы ішлі дзесьці 300 км, а калі прышлі да цудоўнага абраза, то стамлення як і не было. Хацелася толькі як мага даўжэй затрымацца пры Маці Божай і прасіць за ўсіх сваіх родных і блізкіх. Духоўнае перажыванне было значнае, але думак аб пакліканні да служэння Богу тады яшчэ ў мяне не было. Яны з’явіліся пазней. Пасля 8 класа я паступіў у Гродзенскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 141 прыборабудавання, закончыў яго на спецыяльнасці мантажнік радыёэлектроннай апаратуры і прыбораў, стаў працаваць на заводзе аўтамагнітол. Мне было каля 20 гадоў, калі прыйшло разуменне таго, Бог кліча мяне. Адразу я нават бацькам гэтага не гаварыў, але набліжаліся экзамены ў семінарыю, і трэба было ўжо нешта вырашаць. Спачатку я прызнаўся аб сваім жаданні маме, яна не адгаворвала мяне, але сказала, што гэта цяжкі шлях, і я сам павінен прыняць рашэнне. А калі даведаўся бацька, то ён нават заплакаў. Гэты мужчынскія слёзы мяне вельмі ўсхвалявалі. Аказалася, што яго бацька, а мой дзед, вельмі хацеў, каб хто з яго двух сыноў стаў ксяндзом, ён шмат маліўся аб гэтым. І атрымліваецца, што я споўніў дзядуліну мару. Шкада толькі, што ён сам не дажыў да гэтага моманту. У 2000 годзе я закончыў Гродзенскую духоўную семінарыю, атрымаў святарскае пасвячэнне і распачаў сваё служэнне, спачатку ў Галынцы каля Гродна, затым у Вялікай Бераставіцы, а з 2006 года тут, у Малой Бераставіцы. Апошнія некалькі гадоў узначальваю Бераставіцкі дэканат.
– Што хацелі б пажадаць вернікам напярэдадні свята Божага нараджэння?
– Ад імя святароў Бераставіцкага дэканата я жадаю ўсім благаслаўлёнага перажывання святаў Божага Нараджэння. Дазвольце Богу нарадзіцца ў сваіх сэрцах. Няхай святочная радасць паселіцца ў нашых дамах, месцах вучобы і працы, няхай перадаецца ўсяму нашаму грамадству. Няхай Божае Дзіцятка кожнага з нас адорвае здароўем, супакоем у сэрцы, надзеяй і аптымізмам, узмацняе ў веры і ў жаданні ахвяраваць міласэрнасць.
Ірына МІКЛАШ
Фота аўтара
Сімволіка Раства
Аплаткі
Па-лацінску «oblatum» — ахвярны дар. Дзелячыся аплаткай, мы ахвяруем іншаму чалавеку нашу ўдзячнасць, прабачэнне, мы дзелімся з ім сваёй дабрынёй. Дзяленне аплаткай пасля прачытанага ўрыўку з Евангелля і малітвы з’яўляецца найважнейшым момантам вігілійнай вячэры.
Белы абрус
Бель вігілійнага абруса нагадвае нам пра бездакорную чысціню алтара, а таксама чысціню нашых сэрцаў, думак і памкненняў у гэты цудоўны вечар.
Сена
Жменя сена пад белым абрусам на стале сімвалізуе яслі, у якіх спаў маленькі Езус у Бэтлееме.
Святочная елка
Звычай упрыгожваць цацкамі елку на свята Божага Нараджэння нарадзіўся ў Германіі, але яго так палюбілі дзеці і дарослыя, што ён вельмі хутка распаўсюдзіўся па ўсім свеце. У Беларусі елкі пачалі ўпрыгожваць у ХVІІІ ст.
Падарункі
Езус, які нарадзіўся ў Бэтлееме больш за 2000 гадоў таму, – гэта вялікі дар людзям ад Бога Айца, які так палюбіў свет, што спаслаў у яго свайго адзінароднага Сына. Але ж Дзіцятка Езус таксама атрымаў у Бэтлееме падарункі ад пастушкоў і мудрацоў. Таму і мы рыхтуем падарункі сваім блізкім, дзелячыся праз гэта радасцю свята Божага Нараджэння.