“Іронія Зімы, ці У пошуках страчанага свята”. Рэзідэнцыя Бераст-Зюзі запрашае

Актуально Культура Лента новостей

У пятніцу, 17 снежня, на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера “Бераставіцкі” адкрылася рэзідэнцыя Бераст-Зюзі і Спадарыні Завеі. Гэтае месца па праву з’яўляецца візітнай карткай навагодніх святаў на Бераставіччыне і карыстаецца папулярнасцю не толькі ў мясцовай дзетвары, але і ў экскурсантаў па-за межаў раёна. Першыя групы ўжо наведалі казачную сядзібу бераставіцкага Дзеда Мароза, дзе разам з каларытнымі персанажамі далучыліся да прыгод анімацыйнай праграмы “Іронія Зімы, ці У пошуках страчанага свята”. Разам з макараўскімі вучнямі на экскурсіі ў рэзідэнцыі пабывалі і мы.

На ўваходзе ва ўладанні Бераст-Зюзі юных гасцей сустрэлі Снегавікі і  прапанавалі ім згуляць у квэст-гульню.

На кожнай пляцоўцы сядзібы дзецям неабходна адшукаць магічныя артэфакты кожнай пары года і з іх дапамогай скласці чароўны каляндар, пераблытаны міфалагічным персанажам Хапуном. Тады Вясна, Лета і Восень змогуць вярнуцца ў свой час і Новы год наступіць у тэрмін.

І вось прыгоды пачынаюцца. На пляцоўках юныя госці знаёмяцца з міфалагічнымі істотамі Начніцай, Вужалкай, Паветнікам, Гаёўкай, са старадаўнімі беларускімі легендамі і паданнямі, магічнымі заклічкамі і народнымі гульнямі, а таксама з вартаўнікамі кожнай пары года – вясновымі птушкамі-Жаўрукамі, летнім Царом-вужом, восеньскім Млынаром і зімовым Бераст-Зюзяй.

Каб прайсці квэст, удзельнікам трэба пастарацца – праявіць кемлівасць і спрытнасць пры выкананні заданняў гаспадароў казачных пляцовак.

Дзеці з запалам і азартам уключаюцца ў гульню. І вось усе згубленыя часткі календара знойдзены, магічныя артэфакты – птушка, папараць-кветка, збожжавы сноп і калядная зорка – сабраны, усе заданні выкананы і нават флэшмоб з Завеяй і Гаёўкай станцаваны. Засталося толькі сустрэцца з Бераст-Зюзяй у яго чароўных пакоях, правільна скласці каляндар і паклікаць Новы год.

Канешне ж, доўгачаканая  сустрэча з міфалагічным уладаром зімовых халадоў адбылася.  Дзеці, якія яшчэ загадзя атрымалі ад бераставіцкага Дзеда Мароза лісты з запрашэннем у рэзідэнцыю і віншаваннямі, з задавальненнем прачыталі яму навагоднія вершыкі, праспявалі песні і атрымалі салодкія падарункі. Навагодні карагод вакол прыгажуні-ёлкі завяршыў прыгодніцкую квэст-гульню.

Але вандроўка ў рэзідэнцыю яшчэ не завяршылася. У пакоях Спадарыні Завеі – незвычайна прыгожых і ўтульных – юныя экскурсанты пазнаёміліся з вырабамі раённай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Самаробны цуд», пабывалі ў “Чароўнай краме”, дзе змаглі згуляць у бяспройгрышную латарэю і набыць  навагоднія вырабы ручной работы майстроў Бераставіцкага Дома рамёстваў. Сувеніры стануць выдатным напамінам пра казку, якая ажыла ў гэтыя навагоднія дні ў рэзідэнцыі Бераст-Зюзі і Спадарыні Завеі.

Рэзідэнцыя будзе адкрыта для наведванняў да 15 студзеня. Дні працы –  27, 30 снежня, 3-6 і 13-15 студзеня. Пачатак анімацыйных праграм у 15:00 і 16:30. Тэлефоны для даведак 2-21-51, 2-20-03. Кошт білета 6 рублёў, бяспройгрышнай латарэі – 3 рублі.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *