Падчас школьных канікул у бібліятэчных установах традыцыйна праводзіцца Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі. Работнікі і чытачы Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага і яе філіялаў на вёсцы далучыліся да гэтага маштабнага мерапрыемства.
Да прыкладу, Канюхоўскую інтэграваную сельскую бібліятэку наведалі вучні, якія адпачывалі ў школьным лагеры “Сонейка”. Іх чакала сустрэча з бібліяглобусам “Іх ведаюць. Іх любяць. Іх памятаюць…”, які правёў хлопчыкаў і дзяўчынак па літаратурных прасторах дзіцячай кнігі. Госці бібліятэкі прынялі ўдзел у конкурсе загадак “Хто схаваўся за вокладкай кніжкі?”. У канцы сустрэчы кожны ўдзельнік мерапрыемства выбраў любімую кнігу і прымацаваў на яе цэтлік “Рэкамендую”.
У рамках Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі ў Канюхоўскай бібліятэцы была праведзена таксама літаратурная квэст-вандроўка.
У Пагранічнай сельскай бібліятэцы была арганізавана кніжная гасцёўня пад назвай “Вандроўка па кніжных старонках”, куды завіталі вучні пачатковых класаў мясцовай школы. Бібліятэкар нагадала дзецям правілы паводзін у бібліятэцы і карыстання кнігамі. Юныя чытачы атрымалі магчымасць самастойна выбраць і пагартаць прыгожыя, багата ілюстраваныя кнігі, папоўніць свае веды і пашырыць кругагляд.
У рамках Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі ў бібліятэцы адбылася таксама гульня-віктарына “Любімы дзядуля Карней”, прымеркаваная да 140-годдзя з дня нараджэння савецкага дзіцячага пісьменніка Карнея Чукоўскага. Школьнікі адгадвалі загадкі, адказвалі на пытанні віктарыны, удзельнічалі ў конкурсе знаўцаў літаратурных герояў казак Карнея Чукоўскага.
У Кватарскай інтэграванай сельскай бібліятэцы пачаткоўцы згулялі ў “кніжныя жмуркі”. Школьнікаў чакаў кніжны сюрпрыз – незвычайная выстава, друкаваныя экспанаты якой былі абгорнуты паперай або схаваныя ў пакеты для падарункаў. Каб атрымаць кнігу, чытачам неабходна было адгадаць яе назву па падказках бібліятэкара ў выглядзе жартоўных вершаваных апісанняў герояў ці адметных фактаў пра загадкавы твор.
***
Мерапрыемствы ў рамках Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі адбыліся і ў іншых філіялах райбібліятэкі
Падрыхтавала Святлана Ганчарова