“Іх імёны ў нашых сэрцах”. У Бераставіцкай райбібліятэцы дзейнічае праект, прысвечаны Году гістарычнай памяці

Актуально Культура Лента новостей

22 кастрычніка ў чытальнай зале Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага для ўдзельнікаў ваенна-патрыятычнага клуба “Пошук” Вялікабераставіцкай СШ быў праведзены гістарычны экскурс “Іх імёны ў нашых сэрцах. І. П. Міхайлін”.

Мерапрыемства адбылося ў рамках патрыятычнага праекта “З чаго пачынаецца Радзіма…”, які рэалізуецца ў райбібліятэцы ў Год гістарычнай памяці.

Бібліятэкары пазнаёмілі школьнікаў з біяграфіяй і подзвігам героя, яго баявым шляхам. У тым ліку, і з інфармацыяй, апублікаванай у гісторыка-біяграфічным нарысе краязнаўца Мікалая Пацэнкі “Генерал Міхайлін Іван Пракопавіч” і ў кнізе Валянціны Чыкун “Ганарыся  сваім імем, вуліца”.

Паводле гэтых крыніц, генерал І.П. Міхайлін, памочнік камандуючага Заходняй Беларускай асобай ваеннай акругі па будаўніцтве ўмацаваных раёнаў, сустрэў вайну пад Беластокам, дзе ствараўся Беластоцкі абарончы вузел. Інжынерныя часткі, а таксама стралковыя падраздзяленні, якія знаходзіліся на будаўніцтве, ужо ў першыя гадзіны ваенных дзеянняў абмежаванымі сіламі адбівалі атакі гітлераўскіх захопнікаў. На іх вораг абрынуў усю моц сваёй артылерыі. Генерал-маёр І.П. Міхайлін здолеў арганізаваць разрозненныя вайсковыя падраздзяленні і адбіць некалькі нападаў ворага. Баі працягваліся да позняй ночы. Уначы сотні чырвонаармейцаў, якія засталіся ў жывых, пакінулі пазіцыі і выйшлі на мяжу Саколка-Крынкі і замацаваліся на паўднёвым захадзе Саколкі. 23 чэрвеня раніцай тут жа ўступілі ў бой. А ўвечары гэтага ж дня Іван Пракопавіч загінуў ад асколачнага ранення падчас бамбёжкі фашысцкіх самалётаў.

У 1975 годзе генерал Міхайлін быў перапахаваны ў брацкай магіле каля помніка Смуткуючай маці ў Вялікай Бераставіцы. Яго імя носіць вуліца, на якой знаходзіцца Вялікабераставіцкая СШ. Удзячнасць герою за мірнае неба над галавой жыве ў нашых сэрцах, і сённяшняе пакаленне не павінна забываць пра подзвіг генерала Міхайліна.

Данута ЛАГАДА, бібліятэкар чытальнай залы аддзела інфармацыі і абслугоўвання дарослага і дзіцячага чытача Бераставіцкай раённай бібліятэкі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *