Гісторыя Бераставіччыны цікавая і незвычайная. Пра яе помнікі архітэктуры пісалі як беларускія навукоўцы, так і замежныя даследчыкі мастацкіх стыляў. Нацыянальная бібліятэка Беларусі дае магчымасць пазнаёміцца і даследаваць рэдкія замежныя кнігі XIX—XX ст., аўтары якіх пісалі пра помнікі Вялікай Бераставіцы і яе будаўнікоў. Захаваліся ўпамінанні і пра мастацкія творы, на якіх адлюстравана Бераставіца XVIII ст.
Інвентар Лашскага замку
У 1747 г. падкаморы ВКЛ Ян Караль Мнішак, малодшы сын Канстанцыі Тарла і Юзафа Мнішка, уладальніка Вялікай Бераставіцы, атрымаў у спадчыну замак Лашкі Мураваныя (Львоўская вобл., Украіна). У красавіку 1748 г. Ян Караль правёў інвентарызацыю маёмасці свайго замку. Вынікам гэтай працы стала стварэнне кнігі “Інвентар замку Лашскага…1748 г .” У наш час каштоўны інвентар стаў сапраўднай крыніцай па гісторыі вывучэння збору рода Мнішкаў-Тарлаў XVI-XVIII ст. Узгадваецца там і Вялікая Бераставіца. Інвентар 1748 г. апублікаваў польскі гісторык мастацтва Мечыслаў Генбаровіч у “Асноўных матэрыялах да гісторыі культуры і мастацтва XVI-XVIII ст. ” (Вроцлаў. 1973). Карыстаўся інвентаром Лашскага замку польскі даследчык Раман Афтаназы, аўтар манаграфіі “Гісторыя рэзідэнцый на даўніх межах Рэчы Паспалітай”.
У інвентары 1748 г. ёсць апісанне бібліятэкі Лашскага замку, сцены якой былі ўпрыгожаны картамі, планамі, праектамі пабудоў ва ўласных маёнтках Юзафа Мнішка. У адным з пакояў бібліятэкі вісеў план з відам Вялікай Бераставіцы 1-й пал. XVIII ст., выкананы ў тэхніцы гравюры.
Гравюрны праект
План Вялікай Бераставіцы адносіўся да часоў Юзафа Вандаліна Мнішка (1670–1747), маршалка вялікага кароннага, уладальніка шматлікіх маёнткаў у Рэчы Паспалітай, у тым ліку замка ў Лашках Мураваных і Вялікай Бераставіцы.
З біяграфіі Ю. Мнішка вядома, што ён быў знаўцам архітэктуры, сабраў у Лашках Мураваных вялікую бібліятэку (да 1000 кніг). Асобная шафа бібліятэкі была прысвечана кнігам па архітэктуры і фартыфікацыі. Юзаф Мнішак найбольш цікавіўся французскай школай будаўніцтва. Інвентар 1748 г. падказвае, што бібліятэчныя пакоі замка былі ўпрыгожаны картамі, планамі, архітэктурнымі праектамі. Напрыклад, гравюрным праектам Варшаўскага палаца Мнішкаў па вуліцы Сенатарскай, планам з відам Вялікай Бераставіцы. Гравюра ўтрымлівала праект касцёла Звеставання Панны Марыі, які быў узведзены ў 1741–1768 гг.
План Вялікай Бераставіцы ўяўляў сабой ідэалізаванае мястэчка – кальцо з цэнтральнай плошчай, палацавым комплексам з касцёлам, паркам і жылымі забудовамі. Бліжэйшая аналогія – план мястэчка Крынкі (Падляшскае ваеводства, Польшча). Сучасны выгляд на Крынкі з вышыні птушынага палёту нагадвае прамянёвую зорку – план ідэальнага горада эпохі Рэнесансу. А гістарычны і абласны архівы Гродна пацвярджаюць, што Крынкі маюць даўнія гістарычныя сувязі з Вялікай Бераставіцай. Напрыклад, Магдэбургскі Прывілей жыхарам Вялікай Бераставіцы быў нададзены ў 1754 г. па ўзору мястэчак Крынкі і Гродна. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР (1939 г.) быў утвораны Крынкаўскі раён Беластоцкай вобласці, у склад якога ўвайшла Вялікая Бераставіца.
Архітэктар Тырэгайлі
На жаль, у інвентары 1748 г. прыводзіцца толькі агульная назва рэчаў з бібліятэкі Лашскага замку. Але біяграфія Ю. Мнішка знаёміць нас з імёнамі архітэктараў, скульптараў і мастакоў, якія працавалі па запрашэнні Ю. Мнішка ў Рэчы Паспалітай. Адзін з іх – французскі архітэктар П’ер Рыкарда дэ Тырэгайлі (1723 – пасля 1772). Дзейнасць сваю пачаў з вайсковай службы ў Львове, стаў ваенным інжэнерам, фартыфікатарам. У пачатку 1740-х гадоў маладога інжэнера Тырэгайлі запрасіў Ю. Мнішак да свайго замку ў Лашках Мураваных для распрацоўкі фартыфікацыйных збудаванняў паводле Генеральнага плана Клейна 1734 г. Магчыма, што па загаду Мнішка інжэнер Тырэгайлі зрабіў чарцёж мястэчка Бераставіцы. Бо П’ер Рыкарда дэ Тырэгайлі – майстар гравюры на медзі, аўтар малюнкаў гарадской архітэктуры і перспектывы.
У 1762 г. ён выканаў план Варшавы з панарамай горада і відамі яго 15-ці палацаў. У 1758 г. архітэктар Тырэгайлі ў чыне капітана пяхотнага палку Булавы Вялікай Кароннай знаходзіцца ў Львове, выконвае будынкі для дзяржаўных асоб і магнатаў Рэчы Паспалітай.
У 1762 г. Тырэгайлі ўжо падпалкоўнік на службе польскага караля Аўгуста III Саксонскага ў Варшаве. Будуе Каралеўскі палац, перабудоўвае палац Мнішкаў на вуліцы Сенатарскай. Архітэктар працаваў у Польшчы да 1772 г., зрабіў рэканструкцыю палаца і парку Браніцкага ў Беластоку. Супрацоўнічаў з архітэктарамі Якубам Фантана і Янам Генрыкам Клемам.
На жаль, план Вялікай Бераставіцы 1740-х гадоў са збораў Лашскага замку роду Мнішкаў не выяўлены ў наш час. Але яго існаванне ў 1748 г. пацвярджае інвентар Лашскага замку. Лёс гэтага замку склаўся трагічна: у час Першай сусветнай вайны (1914–1918) замак быў разбураны і больш не аднаўляўся. Каштоўныя і памятныя рэчы роду Мнішкаў у розныя часы разышліся па дзяржаўным музеям і прыватных зборах Заходняй Еўропы.
Андрэй ВТАРУШЫН, супрацоўнік Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага, краязнаўца