“Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, Якім ёсць Хрыстос Пан” (Лк 2,10-11).
Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!
Сёння мы зноў звяртаемся да падзей Бэтлеемскай ночы, калі Божае святло прыйшло на зямлю, каб развеяць цемру чалавечага сэрца. Разам з Марыяй і Юзафам, пераймаючы іх прастату і пакору, мы становімся на калені перад Словам, якое сталася Целам: Езусам Хрыстом, нашым Збаўцам. У маўклівым пакланенні мы схіляемся перад вялікай таямніцай Уцелаўлення, якая напаўняе радасцю і супакоем усіх, хто прымае ў сваё сэрца Дзіцятка Езуса.
Свята Божага Нараджэння – гэта асаблівы час, калі мы прыгадваем, што зямля не проста прымае Божага Пасланніка, але становіцца Яго домам ужо назаўсёды. Да тых месцаў, дзе Божае Слова прагне стацца целам, належыць і кожнае нашае сэрца, кожны наш дом. Няхай яны будуць адкрытыя на Божую праўду і няхай у кожным вашым сэрцы заяснее Святло Хрыста — Нованароджанага Збаўцы!
На Каляды мы будзем адчуваць Яго асаблівую прысутнасць, але верым, што Ён пастаянна прыходзіць да нас у кожнай малітве, парыванні сэрца, і перш за ўсё ў Святой Эўхарыстыі. Ён хоча толькі аднаго: каб мы прымалі яго з такой любоўю, якую толькі зможам адчуць.
Ламаючы калядны аплатак, жадаем вам, дарагія браты і сёстры, каб Нованароджаны Хрыстос напоўніў вашыя сэрцы непахіснай надзеяй, якая дазволіць пераадолець усе цяжкасці, моцнай верай, якая асвятляе нават самыя цёмныя дні, і глыбокай любоўю, якая можа ўбачыць пробліск дабра ў кожным чалавеку і заўсёды гатовая дараваць.
І няхай гэтае Божае Немаўля стане для кожнага з нас крыніцай надзеі, святла і супакою. А Яго бласлаўленне спадарожнічае нам праз увесь надыходзячы 2022 год.
З малітваю і благаслаўленнем, святары Бераставіцкага дэканата