Нам здаецца, што самае цікавае і неверагоднае дзесьці далёка. А часам тое, што знаходзіцца побач, мы не заўважаем і, магчыма, не ведаем і не вывучаем. Таму, калі паўстала пытанне куды паехаць на экскурсію, навучэнцам Макараўскай сярэдняй школы было прапанавана пазнаёміцца са славутасцямі абласнога цэнтра, – аднаго са старажытнейшых гарадоў Беларусі, – Гродна.
Шматвекавая гісторыя гэтага горада пераплецена падзеямі, пачынаючы з XII стагоддзя: ад уваходжання ў склад Старажытнарускай дзяржавы, затым Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай Імперыі.
Наш маршрут пралягаў праз Новы і Стары замкі з маляўнічым краявідам на раку Нёман. Дзеці даведаліся, што замкі ўзводзіліся ў горадзе па загаду Вітаўта, караля Стэфана Баторыя, караля Аўгуста II. А ў Новым замку, падчас апошняга сейма Рэчы Паспалітай, у 1793 годзе было падпісана пагадненне аб яе падзеле. Цікава было спыніцца каля пажарнай каланчы і самім убачыць і пачуць, як у 12.00 выходзіць трубач і іграе мелодыю, адзначаючы, што ў горадзе поўдзень.
Далей нас сустрэла жамчужына горада – Барысаглебская Каложская царква XII стагоддзя, якая з’яўляецца сучасніцай падзей «Слова пра паход Ігаравы» і крыжовых паходаў. Сёння гэта адзін з самых старых дзеючых праваслаўных храмаў на тэрыторыі Беларусі. Школьнікі з захапленнем разглядалі руны – таямнічыя знакі, і з дапамогай экскурсавода спрабавалі іх разгадаць.
Наведалі мы і езуіцкі (Фарны) касцёл Св. Францішка Ксаверыя. Гэта адзін з самых каштоўных помнікаў архітэктуры стылю барока ў нашай краіне, які ўражвае сваёй веліччу і манументальнасцю. На асвячэнні храма ў 1705 г. прысутнічалі Кароль Аўгуст II і імператар Пётр I. Тут адлічвае час самы стары вежавы гадзіннік Еўропы.
У Свята-Пакроўскім кафедральным саборы дзецям расказалі, што храм быў пабудаваны ў памяць аб афіцэрах і ніжэйшых чынах 26-й артылерыйскай брыгады, якія загінулі падчас руска-японскай вайны 1905 года. Зараз у храме знаходзіцца асабліва ўшанаваны вернікамі цудатворны абраз Казанскай Божай Маці.
І хоць надвор’е не вельмі спрыяла, але мы яшчэ прайшліся па пешаходных вуліцах, адкрылі таямніцы некаторых будынкаў (Вялікай харальнай сінагогі, Лютэранскай Кірхі і інш.).
Знаходзячыся ў горадзе, мы не маглі не наведаць музей Максіма Багдановіча, пра якога раней не раз чулі на ўроках беларускай літаратуры.
Напрыканцы экскурсіі самыя вытрыманыя схадзілі ў Гродзенскую кунсткамеру, створаную пры Гродзенскім медыцынскім універсітэце. Старшакласнікі сваімі вачымі ўбачылі, як дрэнныя звычкі могуць сказацца на здароўі і пашкодзіць органы чалавека.
Займальнае падарожжа ў часе атрымалася. Гартаючы старонкі гісторыі, мы атрымалі сапраўдную асалоду ад выдатных помнікаў архітэктуры, маляўнічых панарам горада над Нёманам. Зазірнулі ва ўтульныя, мілыя дворыкі, прайшліся па вуліцах і плошчах, дзе калісьці хадзілі каралі, князі ВКЛ і шляхетныя асобы. Падчас экскурсіі мы таксама адчулі сябе важнымі персонамі!
Святлана Мазавецкая, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Макараўскай сярэдняй школы