Інтэрактыўная пляцоўка, якая дзейнічала ў скверы райцэнтра, прыйшлася даспадобы многім юным бераставічанам і прыезжым хлопчыкам і дзяўчынкам, якія завіталі на свята ў Вялікую Бераставіцу.
Дзеці з вялікім задавальненнем далучыліся да прапанаваных гульняў і майстар-класаў ад міфічных істот – Жытніцы і Азярніц. Хлопчыкі і дзяўчынкі гулялі ў “Вяселы ручаёк”, “Міфічныя класікі”, гатавалі абед для Азярніц, закідвалі вяночкі на слупы, пераходзілі праз балота і малявалі міфічных істот.
Радасныя ўсмешкі, якія на кожным кроку расцвіталі на тварах маленькіх жыхароў і гасцей Бераставіччыны, сталі пацверджаннем – свята ўдалося на славу!
Святлана Пасько з сынам Арцёмам, жыхарка Вялікай Бераставіцы:
— Цудоўная гульнявая праграма! Дзеткам было вельмі весела і цікава. Нават дарослыя прымалі ўдзел у разнастайных конкурсах і гульнях. Дзякуй арганізатарам за такое цудоўнае свята!
Ганна ПУГАЧЭЎСКАЯ, фота аўтара