Да жыхароў аграгарадка Вялікія Эйсманты і вёсак Рымуцеўцы, Каенеўцы, Кавалі завіталі калядоўшчыкі.
Сярод разнастайных кірункаў дзейнасці Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці асаблівая ўвага надаецца захаванню фальклорнай спадчыны і народных традыцый. Удзельнікі народнага ансамбля польскай песні “Стокроткі” (“маргарыткі”) аддзела па правядзенню культурных мерапрыемстваў ставяць сваёй задачай адраджэнне нацыянальных абрадаў і ў сваім рэпертуары маюць нямала абрадавых народных песняў. Цяпер – час для “калядак”. А таму “Стокроткі” сумесна з работнікамі філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. В. Эйсманты і аг. Канюхі, а таксама сектара па нестацыянарнаму абслугоўванню насельніцтва правялі калядны абыходны абрад “Браму адчыняйце, Каляду пускайце”.
– У вобразах традыцыйных маскіраваных персанажаў — “казы”, “мядзведзя”, “зорканошы”мы наведалі хаты вяскоўцаў са шчырымі каляднымі і навагоднімі віншаваннямі, – расказала хормайстар народнага ансамбля польскай песні “Стокроткі” аддзела па правядзенню культурных мерапрыемстваў Вікторыя Бажко. – На беларускай і польскай мовах праспявалі калядкі і шчадроўкі – асаблівыя абрадавыя песні, якія з даўніх часоў выконвалі ражаныя падчас калядавання. Мясцовыя гаспадары і гаспадыні сустракалі нас з радасцю.
Адкуль свята
Каляды — народнае зімовае свята дахрысціянскага паходжання. З усталяваннем хрысціянства – прымеркавана да рэлігійных святаў Нараджэння Хрыстова і Вадохрышча. На Беларусі шчыльна пераплецена з народнымі звычаямі. У калядныя вечары па хатах ходзяць калядоўшчыкі з віншаваннямі і велічальнымі песнямі. У адрозненне ад сельскагаспадарчага новага года на Каляды “нараджалася новае сонца”, час “паварочваўся на вясну”. Само слова “каляды” мае паходжанне ад лацінскага calendae, “календы” – назва першага дня кожнага месяца (ад таго кораня пайшоў і “каляндар”), а таксама ад старажытнай назвы сонечнага дыску – Кола.
Да Калядаў старанна рыхтаваліся. Прыбіраліся ў хаце, гатавалі смачную ежу і ўпрыгожвалі пакоі. Пад абрус на стол абавязкова клалі сена, якое пасля вячэры аддавалі каровам, што спрыяла павелічэнню надояў малака.
Калядаванне — адна з самых яркіх традыцый, што дайшла да сучаснасці. Адмовіць калядоўшчыкам у пачастунках было тое самае, што пазбавіць сябе дабрабыту на ўвесь наступны год.
Ведаць вытокі
– Рыхтуючы свята-абрад мы ставілі перад сабой мэту паказаць невычэрпнасць і разнастайнасць народных звычаяў, якія выдатна адлюстроўваюць святочны настрой і пачуцці людзей, – падкрэслівае Вікторыя Бажко. – Далучыць насельніцтва, асабліва падрастаючае пакаленне, да скарбаў нацыянальнай культуры, да яе каранеў і вытокаў вельмі важна. Праз веданне гістарычнай спадчыны і звычаяў нашага народа фарміруецца любоў да Радзімы і яе духоўных каштоўнасцяў.
Абрад калядавання ў розных формах правялі і ў іншых філіялах клубнай і бібліятэчнай сістэмы раёна, у тым ліку з удзелам юных наведвальнікаў аматарскіх аб’яднанняў і гурткоў.
Святлана ГАНЧАРОВА