Бераставіцкія выканаўцы прынялі ўдзел у абласным фестывалі “Панямоння жыватворныя крыніцы”

Культура Лента новостей

У суботу, 4 верасня, у Шчучыне адбыўся абласны фестываль рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”, на які з’ехаліся лепшыя фальклорныя калектывы Гродзеншчыны. Удзел у фестывалі прынялі і прадстаўнікі Бераставіцкага раёна.

Абласны фестываль рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы” праводзіцца адзін раз у два гады з мэтай захавання рэгіянальнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны, традыцый песенна-танцавальнага і гульнёва-абрадавага жанраў, выяўлення самабытных носьбітаў беларускага фальклору, далучэння падрастаючага пакалення да аўтэнтычнай народнай творчасці. З красавіка да чэрвеня ў Гродзенскім, Ваўкавыскім, Лідскім, Смаргонскім і Навагрудскім раёнах праходзілі занальныя агляды-конкурсы абласнога фестывалю, дзе вызначаліся лепшыя фальклорныя выканаўцы ў розных намінацыях. Нагадаем, бераставіцкія выканаўцы прадстаўлялі на занальным этапе ў аграгарадке Дзітва Лідскага раёна конкурсную праграму з удзелам фальклорнага гурта “Вясёлая бяседачка” філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Алекшыцы, юнай удзельніцы дзіцячага аматарскага фальклорнага гуртка “Бабулiна скрыня” філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Пархімаўцы  Міланы Скокавай, якая распавядала паданне “Бераставiчанка”, і асобных выканаўцаў з аг. Пархімаўцы Надзеі Цандзер, Валянціны Бычкоўскай і Зоі Юрчык.

Па выніках занальнага этапу ў заключны тур прайшлі  гурт “Вясёлая бяседачка” і Мілана Скокава.

–  Творчае спаборніцтва праходзіла на галоўнай сцэне фестывалю каля Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, – расказвае метадыст па фальклору і этнаграфіі Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Святлана Затаўка. – Выступленні канкурсантаў ацэньвала журы на чале з ганаровым госцем з Мінска, выкладчыкам этналогіі і мастацтваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мікалаем Козенкам. Мікалай Аляксеевіч – вядомы збіральнік, даследчык і папулярызатар беларускай народнай танцавальнай культуры. Фальклорны марафон уключаў больш за 60 канцэртных нумароў. Гучалі народныя беларускія песні, паданні і легенды. Нашы выканаўцы выступілі годна. Юная апавядальніца Мілана Скокава ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені.

У фестывальным “Горадзе майстроў” дзейнічала выстава-кірмаш вырабаў народнай творчасці. На ёй была прадстаўлена і экспазіцыя Бераставіцкага Дома рамёстваў. Умельцы з усёй Гродзеншчыны не толькі прадэманстравалі арыгінальныя творы ручной работы, але і пазнаёмілі з сакрэтамі свайго рамяства падчас майстар-класаў. Дарэчы, майстар вышыўкі Анастасія Касьян атрымала дыплом за пераемнасць народных традыцый.

Фестываль «Панямоння жыватворныя крыніцы» ў чарговы раз даказаў, што фальклорная самабытнасць вызначае нашы духоўныя вытокі і нацыянальную свядомасць.  Культурная пляцоўка ў Шчучыне аб’яднала людзей самых розных інтарэсаў і ўзростаў у іх памкненні падзяліцца народнымі скарбамі, таму невыпадкова фестываль прысвяцілі Году народнага адзінства.

Святлана Ганчарова

Фота прадастаўлена Бераставіцкім раённым цэнтрам культуры і народнай творчасці



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *