У суботу, 9 красавіка, адбыўся рэгіянальны фестываль-кірмаш вырабаў рамеснікаў «Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня». У ліку 100 майстроў народнай творчасці ўдзел у велікодным мерапрыемстве прынялі работнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
– Велікодны фестываль-кірмаш праводзіцца ў горадзе Гродна ўжо ў сёмы раз, – расказвае загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Тамара Касьян. – Мы пастаянныя ўдзельнікі гэтага святочнага мерапрыемства. Рыхтуемся загадзя, каб выстава-продаж велікодных дэкаратыўна-прыкладных вырабаў нашага Дома рамёстваў мела шырокі асартымент. Велікодныя творы, выкананыя ў традыцыйным народным стылі, карыстаюцца вялікім попытам у гасцей кірмашу. Людзі цікавяцца рамёствамі і промысламі нашых продкаў, з задавальненнем удзельнічаюць у майстар-класах і пераймаюць вопыт, што асабліва актуальна ў Год гістарычнай памяці.
Майстры Бераставіцкага Дома рамёстваў прывезлі на фестываль-кірмаш «Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня» вербачкі, упрыгожаныя саломкай, пісанкі, вышыванкі ў выглядзе велікодных яек, тэматычныя выцінанкі, кошыкі, цацкі і многае іншае. Усё гэта ахвотна раскуплялі гараджане напярэдадні Вербніцы і Вялікадня.
На фестывалі-кірмашы адбылося таксама ўзнагароджанне пераможцаў абласной выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Велікодны падарунак”.
Конкурсныя работы бераставіцкіх майстроў мелі поспех, а іх аўтары – загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Тамара Касьян і майстар народных промыслаў і рамёстваў Алена Дзянішчык – сталі лаўрэатамі ІІ ступені ў намінацыях “Лепшая калекцыя велікодных вербаў” і “Лепшая калекцыя велікодных паштовак” адпаведна.
Святлана Ганчарова