У суботу, 1 красавіка, адбыўся рэгіянальны фестываль-кірмаш вырабаў рамеснікаў «Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня». Удзел у велікодным мерапрыемстве прынялі работнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Велікодны фестываль-кірмаш праводзіўся ў горадзе Гродна ўжо ў восьмы раз. Мерапрыемства, якое традыцыйна праводзіцца напярэдадні каталіцкай Вербніцы, карыстаецца попытам у насельніцтва. Людзі цікавяцца народнымі рамёствамі і промысламі, з задавальненнем удзельнічаюць у майстар-класах, набываюць велікодныя сувеніры ручной работы.
Майстры Бераставіцкага Дома рамёстваў прывезлі на фестываль-кірмаш вербачкі, упрыгожаныя саломкай, пісанкі, вышыванкі ў выглядзе велікодных яек, тэматычныя выцінанкі, кошыкі, цацкі, керамічныя вырабы і многае іншае. Бераставіцкая тэматычная выстава атрымала станоўчы водгук у наведвальнікаў.
На фестывалі-кірмашы адбылося ўзнагароджанне пераможцаў абласной выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Велікодны падарунак”.
Загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Тамара Касьян атрымала Дыплом III ступені ў намінацыі “Лепшыя традыцыйныя вербы”.
За шматгадовую працу па адраджэнні, зберажэнні і папулярызацыі рэгіянальнай народнай культуры і ўдзел у абласной выставе творчасці народных майстроў Гродзеншчыны «Народных традыцый выток» Падзячнымі лістамі Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адзначаны носьбіты і захавальнікі рамесных традыцый Бераставіччыны, народныя майстры ткацтва Марыя Кажанеўская і Алена Барцэвіч.
Святлана ГАНЧАРОВА
Фото предоставлено отделом ремёсел и традиционной культуры