Бераставіцкія юныя аматары прыроды падрыхтавалі да Дня аховы навакольнага асяроддзя “Экалагічны каляндар–2022”

Лента новостей Образование Природа и мы

Дзень аховы навакольнага асяроддзя адзначаецца ў Беларусі 5 чэрвеня згодна з Указам Прэзідэнта краіны № 157 ад 26 сакавіка 1998 года. Адначасова з гэтай падзеяй усе жыхары планеты святкуюць Сусветны дзень навакольнага асяроддзя. Выбар даты для святаў, звязаных з навакольным асяроддзем, не выпадковы. Менавіта ў гэты дзень у 1972 годзе прайшла першая спецыяльная канферэнцыя ААН па пытаннях аховы прыроды.

У Беларусі аб’яўлены Тыдзень экалогіі, у рамках якога ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі праходзяць экалагічныя акцыі і мерапрыемствы. Юныя аматары прыроды  – члены аматарскага аб’яднання “Экалагічны буквар” Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага – сабраліся на апошняе ў гэтым навучальным годзе пасяджэнне клуба, якое адбылося ў форме экавандроўкі пад назвай “Жывёлы, птушкі, лес і я – разам дружная сям’я”, прысвечанай Сусветнаму дню навакольнага асяроддзя.

– Мы падвялі вынікі работы аб’яднання за прайшоўшыя тры гады, – расказвае кіраўнік клуба, бібліятэкар чытальнай залы Данута Лагада. –  Справа ў тым, што ўдзельнікі «Экалагічнага буквара» – а гэта вучні 4 «А» класа Вялікабераставіцкай СШ пад кіраўніцтвам Валянціны Карпуць – завяршылі сёлета сваю пачатковую адукацыю ў агульнаадукацыйнай школе і адначасова экалагічную адукацыю ў бібліятэцы. Увесь гэты час хлопчыкі і дзяўчынкі спасцігалі прыроду праз гульні-падарожжы, віктарыны  и конкурсы, пазнавальна-забаўляльныя гадзіны і экалагічныя паведамленні, вучыліся аберагаць жывёльны і раслінны свет, разумна выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы, несці ў навакольнае асяроддзе толькі стваральную энергетыку. Спадзяюся, што ў тым ліку і з нашай дапамогай у дзяцей выхавалася любоў да прыроды, заклаліся асновы экалагічнай культуры і экалагічнай граматнасці, якія станоўча паўплываюць на іх далейшае развіццё.

Аматарскае аб’яднанне «Экалагічны буквар» дзейнічае ў Бераставіцкай раённай бібліятэцы з 1996 года. Клуб юных аматараў прыроды з удзелам вучняў 2-4 класаў быў створаны пры падтрымцы Бераставіцкай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з мэтай экалагічнага выхавання падрастаючага пакалення, павышэння экалагічнай культуры школьнікаў, фарміравання  беражлівых адносінаў да прыродных рэсурсаў.

З улікам экалагічнага кірунку работы з дзіцячым чытачом адпаведным чынам у бібліятэцы камплектуецца і кніжны фонд. Увазе малодшых школьнікаў прадстаўлены маляўнічыя пазнавальныя прыродазнаўчыя энцыклапедыі, серыі кніг “Маленький профессор”, “Самые-самые”, “Рассказы Деда Природоведа”, “Белорусская детская энциклопедия”, часопісы «Мир путешествий», «В рюкзачке», «Вясёлка», «Шишкин лес», «Веселый зоопарк» і інш.

–Гэтыя выданні вельмі запатрабаваныя ў дзяцей, – падкрэслівае Данута Здзіславаўна, – а нам, бібліятэкарам, яны служаць выдатнымі нагляднымі дапаможнікамі ў рабоце па экалагічнаму выхаванню вучняў пачатковых класаў і актыўна выкарыстоўваюцца пры афармленні кніжных выстаў і тэматычных паліц, правядзенні бібліяграфічных аглядаў. Рыхтуючыся да заняткаў аб’яднання, мы карыстаемся таксама фондамі бібліятэчнай медыятэкі і інтэрнэт-рэсурсамі.

Спрыяе знаёмству з жывёльным і раслінным светам таксама і створаны ў чытальнай зале райбібліятэкі куток, дзе ў акварыуме жывуць рыбкі, на паліцах дэманструюцца чучалы птушак, а на падаконніку растуць пакаёвыя кветкі.

– Год заняткаў у “Экалагічным буквары” завяршыўся правядзеннем агляду-конкурсу дзіцячага малюнка “Гартаючы экалагічны каляндар – 2022”, – працягвае аповед кіраўнік аб’яднання. – Кожны з удзельнікаў клуба прадставіў на конкурс сваю творчую работу ‒ малюнак, прысвечаны пэўнай даце сусветнага экалагічнага календара. З выкананых работ быў складзены ілюстрацыйны альбом “Экалагічны каляндар – 2022”. Каляндар атрымаўся  маляўнічым, прыгожым, арыгінальным і застанецца ў нас у якасці выдатнага напаміну пра актыўных і цікаўных хлопчыкаў і дзяўчынак з 4 “А” класа.

Выхаванне беражлівых адносінаў да навакольнага асяроддзя ў дзяцей закладваецца найперш ў сям’і. А ўвогуле ў гэтай вялікай, працяглай і працаёмкай рабоце бяруць актыўны ўдзел установы сістэмы адукацыі і культуры, прыродаахоўныя структуры, грамадскія арганізацыі. І бібліятэкам у гэтым працэсе адводзіцца адна з кіруючых роляў.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *