Адразу чатыры значныя ўзнагароды прывезлі бераставіцкія хлебапёкі з прэстыжнага рэспубліканскага конкурсу-агляду якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Смаката-2022”, які праходзіў у рамках Міжнароднай спецыялізаванай выставы-кірмашу прадуктаў харчавання, напіткаў і сыравіны “Прадэкспа-2022” у г. Мінску.
Хлебазавод Бераставіцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства на працягу ўжо многіх гадоў прымае ўдзел у гэтым конкурсе хлебапёкаў і кандытараў і неаднаразова яго прадукцыя атрымлівала заслужаныя ўзнагароды. А сёлета “ўраджай” прызоў аказаўся найбольш важкім.
Як паведаміла намеснік дырэктара філіяла Таццяна Хілюта, Гран-пры III ступені агляду якасці “Смаката -2022” заваявала булка “Гаджыеўская”, адразу два вырабы хлебазавода – багет “Бярэсце” і булачкі “Пампушачкі” – узнагароджаны залатым медалём, а пірог “Бераставіцкі” з карыцай атрымаў сярэбраны медаль.
– У гэтым конкурсе традыцыйна ўдзельнічаюць усе хлебапякарныя і кандытарскія прадпрыемствы нашай рэспублікі, не толькі дзяржаўныя, але і прыватныя, – адзначыла Таццяна Аляксееўна. – І тым больш прыемна, што ўсё вырабы, якія прадставіў на конкурс наш хлебазавод, былі адзначаны такімі высокімі ўзнагародамі.
Таццяна Хілюта расказала, што асартымент прадукцыі абнаўляецца на хлебазаводзе штогод, з цягам часу ўносяцца змены ў рэцептуру і адпаведна змяняюцца і назвы вырабаў. Напрыклад, рэцэптура багета “Бярэсце” і булачак “Пампушачкі” распрацавана сумесна з ААТ “БІЯМІ”, пірог “Бераставіцкі” з карыцай – уласная распрацоўка нашага хлебазавода, а булка “Гаджыеўская” выпякаецца па рэцэпце гродзенскіх хлебапёкаў.
Трэба адзначыць, што работнікі хлебазавода ўсе адказныя, старанныя працаўнікі, з вялікім вопытам работы, сапраўдныя майстры сваёй справы. Таму і вырабы ў іх атрымліваюцца добрай якасці. А яшчэ адзін сакрэт смаку бераставіцкіх булак і батонаў у тым, што іх хлебапёкі дзеляць з цеста рукамі, таму і структура мякішу становіцца больш пухнатай, чым ад машыннай раздзелкі.
Уся прадукцыя, якая адзначана ўзнагародамі на рэспубліканскім конкурсе, добра знаёма нашым пакупнікам і карыстаецца ў іх шырокім попытам. І цяпер яе якасць афіцыйна ацэнена важкім беларускім словам – смаката, якое несумненна з’яўляецца найвышэйшай пахвалой для любога прадукта харчавання.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара