Бераставіцкая раённая бібліятэка знаёміць з навінкамі беларускай мастацкай літаратуры

Культура Лента новостей

Гадоў сорак таму паэт Леанід Галубовіч напісаў:

Шукаю чытача —Хаўрусніка душы…

Невядома, ці знайшоў спадар Леанід “хаўрусніка душы”, а вось Алесь Бадак ужо  мае  свайго “ідэальнага” чытача.  І той, хто прачытае яго кнігу з адпаведнай назвай “Ідэальны чытач”, даведаецца, што мае на ўвазе аўтар. У кнігу ўвайшлі аповесці і апавяданні, пераважная большасць з якіх у розныя гады друкавалася на старонках не толькі айчынных, але і замежных перыядычных  выданняў. Творы Алеся Бадака прыцягваюць да сябе ўвагу як цікавымі сюжэтамі, так і своеасаблівым аўтарскім стылем. Яны адрасаваны не толькі моладзі, як, напрыклад, аповесць “Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца”, але і сталым чытачам, якіх можа зацікавіць твор «Інструкцыя па спакушэнні замужніх жанчын». Апошні раздзел кнігі складаюць «Запіскі на хаду» — эсэ, прысвечаныя актуальным пытанням літаратурнага жыцця, а таксама той пары, калі аўтар пачынаў свой шлях у літаратуру.

Кнігу беларускага пісьменніка і навукоўца Аляксея Якімовіча “Карп у футры” адкрываюць апавяданні, у абсалютнай большасці дэтэктыўныя. Экстрэмальныя сітуацыі, захапляльныя прыгоды і неардынарныя сюжэты — так можна ахарактарызаваць гэтыя творы, дзе галоўнымі героямі выступаюць сучасныя падлеткі і дарослыя. Таксама ў кнігу ўвайшлі лірыка і «антывірусныя» прыпеўкі. Выданне адрасавана шырокаму колу чытачоў.

Кнігу  “Ніткі бліскавіц” народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна складаюць вершы розных гадоў, напоўненыя глыбокай філасофіяй, мудрасцю і шчырай любоўю да сваёй зямлі, бацькоў і найкаштоўнейшага, бясцэннага скарбу, атрыманага ў спадчыну ад іх, — роднага беларускага слова.

Раман Уладзіміра Навумовіча «НЕ», і як яго сказаць» — гэта «споведзь перад тварам Вечнасці» героя твора Руслана Роднага, сакратара камсамола і выкладчыка першай вышэйшай навучальнай установы краіны, літаратара, грамадскага дзеяча, але ў першую чаргу — вернага мужа, любячага бацькі і адданага сына. Гэта яго погляд на жыццё дзвюх вялікіх дзяржаў на рубяжы стагоддзяў, на культуру, палітыку і побыт скрозь існуючыя ідэалы і каштоўнасці. І асноўнай меркай на гэтай шкале герой выбірае Любоў, Вернасць і Сям’ю, у імя якіх і былі ўсе яго здзяйсненні на стыку дзвюх эпох.

У кнігу “Сэрца сваё не падманеш…” увайшлі тры раманы з палескага цыкла вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Гаўрыловіча. Творы ахопліваюць незабыўныя падзеі жыцця землякоў аўтара пачынаючы з 30-х гадоў мінулага стагоддзя, закранаюць перыяд Вялікай Айчыннай вайны і сённяшнія дні. Праз непаўторныя, у многім трагічныя лёсы палешукоў, якія насуперак усяму імкнуцца да шчасця, пісьменнік стварае шырокую панараму народнага быцця. Каханне і здрада, адданасць справе і абыякавасць да існага, імкненне да справядлівасці і пераадоленне ўсяго бесчалавечнага выяўляюць самыя розныя рысы характараў персанажаў, падкрэсліваючы: ніхто і нішто не можа скарыць наш народ, які жыве па адвечных законах дабра і справядлівасці.

У аснову дэтэктыўнай аповесці «Джэк» і апавядання «Анёлы» Дзмітрыя Пятровіча пакладзены рэальныя падзеі. Містычна-прыгодніцкая аповесць «Белая Жанчына» напісана на выключна новым для беларускай прозы матэрыяле – пра спелеолагаў. Як вядома, гэта людзі, апантаныя даследаваннем пячор. Апавяданне «Цана крыві» ўшаноўвае памяць пра ахвяр трагедыі ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года. Кожны твор гэтай кнігі прысвечаны звычайнаму чалавеку, a ўсе гісторыі ўзяты з жыцця. У кнізе шмат аўтабіяграфічнага. Аўтар лічыць, што самае галоўнае — прымушаць чытача думаць. I рабіць гэта далікатна. Свет жорсткі, але пісьменнік не мае права быць жорсткім са сваім чытачом. Таму жыццёвае спалучаецца з фантастычным. У новы зборнік Дзмітрыя Пятровіча ўваходзяць аповесці, апавяданні, эсэ, якія раней былі апублікаваны ў часопісах і газетах і атрымалі станоўчую ацэнку крытыкі і чытачоў.

Ірына Ражко, бібліятэкар аддзел інфармацыі і абслугоўвання дарослага і дзіцячага чытача Бераставіцкай райбібліятэкі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *