Майстры Бераставіцкага Дома рамёстваў прынялі ўдзел у ХІІІ Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет”, які прайшоў 28 мая ў Мінску, у Верхнім горадзе.
Традыцыйна на фестываль з’ехаліся майстры-рамеснікі з усёй краіны. Арганізатары свята – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінгарвыканкам і Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.
У фестывальных мерапрыемствах прынялі ўдзел творчыя дэлегацыі ўсіх абласцей і сталіцы, усяго — больш за 350 майстроў-рамеснікаў.
У рамках фестывалю праходзілі конкурсы па салома- і лозапляценні, ткацтве, вышыўцы, ганчарстве, разьбе па дрэве, роспісе па шкле, выцінанцы, мастацкай апрацоўцы скуры, дрэва і іншых відах рамёстваў з прадстаўленнем майстрамі калекцый уласных творчых работ. Мастацкі ўзровень выставак, індывідуальных работ, майстар-класаў ацэньвала журы, у склад якога ўвайшлі дактары навук, прафесары, навуковыя работнікі і вядучыя спецыялісты краіны ў сферы народнай мастацкай творчасці на чале з беларускім мастацтвазнаўцам і этнолагам, прафесарам, старшынёй Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўгенам Сахутам.
Па выніках агляду работ майстроў загадчыца аддзела, майстар саломапляцення Тамара Касьян заняла першае месца і ўзнагароджана дыпломам.
На фестывалі-кірмашы “Вясновы букет” супрацоўнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Тамара Касьян, Алена Дзянішчык і Анастасія Касьян не толькі прадэманстравалі свае ўнікальныя вырабы ручной работы, але і правялі майстар-класы.
Святлана Ганчарова
Фота прадастаўлена Бераставіцкім раённым цэнтрам культуры і народнай творчасці