У многіх старажытных гарадах Беларусі была развіта вытворчасць кафлі. Гэта керамічны выраб для абліцоўкі і дэкаратыўнага аздаблення печаў, камінаў, архітэктуры. Кафля вядома на Беларусі з 14 ст. Яна знойдзена ў беларускіх гарадах і мястэчках, дзе былі замкі, палацы, кляштары, сядзібы. У навуковай літаратуры Беларусі апісаны звыш 30 гарадоў, дзе была выяўлена археолагамі кафля і керамічная аздоба камінаў. Кафля атрымала назву па месцы знаходкі. Напрыклад, кафля Лідская, Гродзенская, Полацкая, Мірская, Заслаўская і інш. Да гэтага ліку можна дадаць і Вялікую Бераставіцу.
Цікавая знаходка зроблена падчас будаўніцтва дарогі вакол Бераставіцкага возера. На старажытнай частцы Вялікай Бераставіцы, там, дзе ўзвышаецца стары касцёл кармелітаў і заканчваецца былы гаспадарчы двор Мнішкаў (зараз масласырзавод) быў знойдзены фрагмент кафлі (на здымку). На пласціне памерам 10,5 х 10 см захаваўся рэльефны малюнак паўкруглай разеткі з двумя пялёсткамі і стылізаваная расліна – падвоеная лілія ў картушы. Яна нагадвае герб “Газдава”, альбо сімвал улады з пучком маланак “Трызубец”. Мяркуемая аздоба печы Бераставіцкай ратушы адбылася ў 1755 – 1760 гг. Будынак ратушы быў разбураны ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941 – 1945). Каменны друз і асколкі збудавання перавезены праз Ратушную плошчу для ўмацавання берагоў з боку старога касцёла.
Адваротны бок фрагмента кафлі мае ляпную фармоўку з квадратным вусцем. Гэтая акалічнасць у дадатак з невысокай якасцю рэльефу падказваюць аб мясцовай вытворчасці кафлі. Знойдзены фрагмент Бераставіцкай кафлі паліваны зялёным эмалем. Гэты колер быў распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі ў 17 – пач.18 ст. Рэканструкцыя фрагмента кафлі па вертыкальнай і гарызантальнай восі дае памер пласціны 20 х 20 см, які адпавядае паліванай кафлі на Беларусі ў 17 – 18 ст. (Нарыклад, Мінская кафля і Мірская кафля).
На Бераставіцкай кафлі адсутнічае рамка. Гэта стылевы прызнак кафлі 17 – пач.18 ст., які называецца “дывановы”. Арнамент яго складаецца з некалькіх частак, аб’яднаных адным малюнкам стылізаванага ўзора. (Напрыклад, Віцебская кафля, Лідская кафля).
Выява геральдычнай ліліі на Бераставіцкай кафлі мае падабенства з гербам “Газдава” роду Пацаў. Адзін з яго прадстаўнікоў звязаны з гісторыяй Вялікай Бераставіцы ХVII ст. Гэта Сафія Пац ( ?- 1665), падканцлерка літоўская, жонка Яна Казіміра Хадкевіча (1616 – 1660), апошняга ўладальніка Вялікай Бераставіцы з роду Хадкевічаў. Сафія Пац была апякункай старога касцёла Звеставання, якому фундавала вялікі звон у 1661 г. У тым жа годзе яна выдала замуж сваю дачку Ганну Хадкевіч за ваяводу валынскага Ежы Яна Мнішка. Магнацкі род Мнішкаў узвысіў Бераставіцу да статуса “Вялікая” праз Магдэбургскі Прывілей 1754 г., аднавіў у мурах касцёл Звеставання Панны Марыі. У часы Мнішкаў дзейнічаў гаспадарчы двор з майстэрнямі па вуліцы Луненскай (зараз вул. Дзяржынскага). Двор знаходзіўся на тым месцы, якое цяпер займае Бераставіцкі масласырзавод. Гэта старажытная частка Вялікай Бераставіцы і месца знаходкі Бераставіцкай кафлі, якая адпавядае часу вытворчасці 17 – 18 ст.
На жаль, на тэрыторыі Вялікай Бераставіцы не вяліся археалагічныя даследаванні. Толькі выпадковыя знаходкі жыхароў адкрываюць нам страчаную спадчыну Бераставіччыны. Гэтаму спрыяе Год гістарычнай памяці, прасякнуты словамі нашага гісторыка з Малой Бераставіцы Ігната Анацэвіча: “Гісторыя запальвае ў сумленных сэрцах агонь любові да роднага краю”.
Андрэй Втарушын, супрацоўнік Бераставіцкай раённай бібліятэкі
імя В. М. Кавалеўскага
Фота і малюнак аўтара
А не может этот рисунок на кафле быть грубым изображением ворона с кольцом в клюве сидящего на подкове? Герб Коссаковских?