Бераставіччына на шляху ўз’яднання. 17 верасня –  Дзень народнага адзінства

День народного единства Лента новостей Общество

У якіх умовах знаходзілася Бераставіччына ў перыяд 1921-1939 гадоў і як сустрэла ўз’яднанне з БССР. Гартаем старонкі раённай кнігі “Памяць”.

Крынкаўскі раённы Савет дэпутатаў 1940 г Фота з фондаў музея Вавёркі

У XX стагоддзі беларускі народ перажыў унікальны гістарычны вопыт: на працягу двух дзесяцігоддзяў нацыя была раз’яднана і жыла ў дзвюх процілеглых па палітыка-эканамічным ладзе краінах. Ва ўсходняй частцы Беларусі наш народ бадай упершыню ў сваёй навейшай гісторыі змог будаваць уласную дзяржаўнасць, адраджаць нацыянальную культуру і адукацыю. Заходняя Беларусь апынулася пад уладай Польшчы, якая не дбала пра эканамічнае і культурнае развіццё «крэсаў усходніх» і праводзіла ў дачыненні да беларусаў палітыку паланізацыі і асіміляцыі.

Палітыка дыскрымінацыі

Бераставіччына ўваходзіла ў склад Гродзенскага павета Беластоцкага ваяводства. Урад Польшчы ўстанавіў жорсткі акупацыйны рэжым, праводзіў палітыку нацыянальнага і рэлігійнага ціску, прымусовай паланізацыі беларусаў і людзей іншых нацыянальнасцей. У дзяржаўных установах і школах выкарыстоўвалася толькі польская мова.

Вельмі складаным было становішча ў сельскай гаспадарцы. Адна з прычын рэвалюцыйных выступленняў сялянства – цяжкае эканамічнае становішча, выкліканае галоўным чынам малазямеллем і беззямеллем. Сяляне імкнуліся набыць зямлю, але далёка не кожны мог гэта зрабіць, бо дзесяціна зямлі каштавала столькі, колькі 200 пудоў (пуд – крыху больш за 16 кг) хлеба.

Польскія памешчыкі карысталіся лепшымі зямельнымі ўгоддзямі, паўсюдна ўводзілася асадніцтва. Былыя афіцэры і салдаты польскай арміі, якія вызначыліся ў савецка-польскай вайне, а таксама чыноўнікі бясплатна ці на льготных умовах атрымлівалі буйныя надзелы зямлі або крэдыты і рассяляліся ў Заходняй Беларусі. Было іх шмат і на Бераставіччыне.

На тэрыторыі цяперашняга раёна да 1939 года было 27 панскіх маёнткаў. Іх уладальнікам належала 60 працэнтаў ворнай зямлі, і толькі 40 працэнтаў зямельнай плошчы размяркоўвалася сярод сялян, якія складалі больш за 90 працэнтаў насельніцтва. У выніку ў сярэднім на чалавека прыпадала 0,2 гектара зямлі, прычым малаўрадлівай. Больш паловы ўладальнікаў сялянскіх гаспадарак не маглі забяспечыць сябе харчаваннем.

Цяжкім гнётам на сялянства ляглі падаткі. У бязвыхаднае становішча селяніна ставіла дарагавізна прамысловых і таннасць сельскагаспадарчых тавараў. За кілаграм цукру, напрыклад, трэба было аддаць пуд хлеба, за пачак запалак – дзясятак яек,  кілаграм свініны прадавалі за 60-80 грошаў, а за кілаграм солі плацілі 55 грошаў.

На нізкай ступені была сацыяльная сфера. На Бераставіччыне было ўсяго два ўрача: Касакоўскі – у мястэчку Вялікая Бераставіца і Доха – у вёсцы Жукевічы. Не было ніводнай бальніцы.

Пратэстны рух

Уся гэта дыскрымінацыя паўплывала на рост рэвальцыйнага руху за вызваленне ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту. Узначальвалі яго камуністы і прадстаўнікі іншых прагрэсіўных рухаў. У снежні 1923 года ў Вялікабераставіцкай гміне было 59 членаў КПЗБ і 28 членаў КСМЗБ. З 21-й вёскі гміны ў 11-ці былі партыйныя ячэйкі. У 1923 годзе была створана першая падпольная ячэйка КПЗБ у Алекшыцах. А ў цэлым у гады польскага панавання на Бераставіччыне дзейнічалі Вялікабераставіцкі, Галынкаўскі, Алекшыцкі, Індурскі і Свіслацкі райкамы КПЗБ, якія згуртоўвалі людзей на барацьбу за сваё нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне, праводзілі дэманстрацыі пратэстаў  і мітынгі. Польскія ўлады рэагавалі хвалямі масавых арыштаў.  Нямала землякоў былі арыштаваны, адпраўлены ў турму, у канцлагер Картуз-Бярозы. Былі і ахвяры. Так, у час арыштаў у 1929 годзе загінуў член КПЗБ з в. Кватары Сяргей Флюрык, у беластоцкай турме закатаваны камуніст з в. Гарбачы Аляксей Шашаль.

Прытыцкі на Бераставіччыне

Нягледзячы на рэпрэсіі, сяляне Бераставіччыны ўсё больш актыўна выступаюць супраць падаткаў, паліцэйскага самавольства і дзяржаўнага тэрору. Маніфестацыі, мітынгі, масоўкі прадаўжаліся. 22 мая 1933 года ў лесе каля вёскі Жукевічы адбылася масоўка, на якой з прамовай выступіў тагачасны сакратар Гродзенскага акруговага камітэта камсамола, а ў далейшым дзяржаўны палітычны дзеяч БССР Сяргей Прытыцкі. Варта адзначыць, што наогул пачатак рэвалюцыйнай дзейнасці Прытыцкага цесна звязаны з Бераставіччынай. Вёска Гаркавічы (цяпер у Польшчы), адкуль быў родам падпольшчык, знаходзілася недалёка ад вёсак Кавалі, Дзіневічы, Малая Бераставіца, Жабры.

Адкрыццё бюста Сяргея Прытыцкага. Вялікабераставіцкая СШ 1977 г.

Як успамінаў былы ўдзельнік рэвалюцыйнага руху Аляксандр Грышэнь з в. Кавалі, Прытыцкі часта бываў у гэтых вёсках, а ў 1936 годзе, калі Сяргей Восіпавіч знаходзіўся ў турэмных засценках і яму пагражала смерць, на Бераставіччыне шырока і актыўна вялася работа па яго выратаванні, збіраліся грошы ў яго падтрымку.

Прытыцкі ў 1930-я гады. Фота з заключэння ў Гродна

Крок да лепшага жыцця

17 верасня 1939 года часці Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую мяжу. У Вялікую Бераставіцу яны ўступілі 20 верасня. Былі гарачыя сустрэчы чырвонаармейцаў з хлебам-соллю і кветкамі, са слязамі радасці на вачах.

Пачынаецца арганізацыя работы нацыяналізаваных прадпрыемстваў, разгортваецца будаўніцтва, ствараюцца калгасы. Прымаюцца меры па ліквідацыі непісьменнасці. Уводзіцца абавязковая пачатковая адукацыя ў вёсках і сямігадовая – у мястэчках. Школы пераводзяцца на беларускую мову навучання. Адкрываюцца тры бальніцы. Арганізоўваецца кааператыўны гандаль, ствараюцца прадпрыемствы бытавога і камунальнага абслугоўвання. Разгортваецца культурна-асветніцкая работа. У кожным сельсавеце адкрываюцца хаты-чытальні. У 1940 годзе з’явіўся клуб у Вялікай Бераставіцы. Развіваецца мастацкая самадзейнасць.

За год і дзевяць месяцаў пасля ўз’яднання Бераставіччына зрабіла значны крок у сацыяльна-эканамічным  развіцці і ажыццяўленні культурных пераўтварэнняў, нягледзячы на складанасці часу. На жаль, Вялікая Айчынная вайна парушыла мірнае жыццё, якое толькі пачало наладжвацца.

Падрыхтавала да друку Святлана ГАНЧАРОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *