Рашыцца пакінуць дзяцінства за плячыма і надзець кадэцкія пагоны можа далёка не кожны. Аднак, ёсць і тыя, хто свядома выбірае для сябе гэты няпросты шлях. Ягор Хілюта, кадэт Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча. Карэспандэнт “БГ” пацікавілася ў маладога чалавека, чым адрозніваецца вучоба ў кадэцкім вучылішчы ад звычайнай школы, якія ў гэтым плюсы і чаму быць кадэтам – ганарова.
Свядомы выбар
Аб тым, каб стаць кадэтам, чатырнаццацігадовы бераставічанін Ягор Хілюта ўпершыню задумаўся яшчэ ў шостым класе.
– Ужо тады мой бацька неяк жартаваў, што я буду вучыцца ў кадэцкім вучылішчы, – з усмешкай гаворыць Ягор. – Але свядома стаць кадэтам я вырашыў у сёмым класе. Усю неабходную інфармацыю для паступлення даведаўся ў знаёмага, які на той момант ужо вучыўся ў кадэцкім вучылішчы, а таксама на сайце ўстановы.
Юнак адзначае, што для таго, каб стаць кадэтам, аднаго толькі жадання недастаткова. Каб патрапіць у вучылішча, школьнікі праходзяць медыцынскі адбор, які ўключае псіхалагічнае тэсціраванне, а таксама залікі па фізічнай падрыхтоўцы. Зрэшты, нарматывы, якія прапануюць выканаць будучым выхаванцам, не завоблачныя, яны цалкам па сілах нармальна развітым хлопцам і дзяўчатам. Акрамя таго, будучым кадэтам неабходна здаць і два пісьмовыя экзамены: рускую або беларускую мову і матэматыку.
– Асаблівых цяжкасцей у паступленні для мяне не было, – прызнаецца Ягор Хілюта. – У фізічным плане я быў добра падрыхтаваны, бо да гэтага займаўся вольнай барацьбой. Да пісьмовых экзаменаў рыхтаваўся заранёў, а залікі па фізічнай падрыхтоўцы здаў на “дзевяць”. Таму, калі даведаўся, што паступіў, асабліва не здзівіўся, але быў вельмі рады.
Створаны ўсе ўмовы
Безумоўна, жыццё і вучоба ў кадэцкім вучылішчы значна адрозніваецца ад звычайнай школы. Кадэты кругласутачна знаходзяцца ў навучальнай установе, а ўмоўны дзелавы стыль адзення грамадзянскіх школ – не для вучылішча.
– Зрэшты, адрозненні ад звычайных школ на гэтым не заканчваюцца, – адзначае Ягор Хілюта. – Па-першае, гэта заўсёды форма “з іголачкі”. Па-другое, дапрызыўная падрыхтоўка ёсць у раскладзе ўрокаў з першага года навучання і сустракаецца значна часцей, чым у звычайных школах. Асаблівае месца адводзіцца і фізічнай падрыхтоўцы. Рэжым кадэта, канешне, няпросты, але цікавы. У нас строгая дысцыпліна, а ва ўзаемаадносінах паміж кадэтамі адчуваецца асаблівая згуртаванасць, узаемадапамога і мэтанакіраванасць.
У той жа час у навучальнай установе створаны ўсе ўмовы для таго, каб вольны час кадэты праводзілі з карысцю. Для гэтага на базе вучылішча функцыяніруюць шматлікія спартыўныя секцыі, факультатыўныя заняткі і гурткі, арганізуюцца экскурсіі і разнапланавыя культурныя мерапрыемствы.
– Свой вольны час разам з сябрамі мы праводзім у спартыўнай зале, гуляем у футбол, валейбол і баскетбол, – гаворыць Ягор. – Акрамя гэтага, актыўна прымаем удзел і ў культурна-масавых, спартыўных мерапрыемствах, патрыятычных акцыях, конкурсах і спаборніцтвах. Адным словам, стараемся праводзіць час актыўна і з карысцю.
Павага і гонар
Вучыцца ў кадэцкім вучылішчы гэтак жа цікава, як і складана. Патрабаванні да кадэтаў вялікія. На пытанне “А ці варта такое навучанне тых эмацыйных, разумовых і фізічных выпрабаванняў, якія праходзяць вучні?” Ягор Хілюта без сумненняў адказвае: “Адназначна, так”.
– Быць кадэтам для мяне – вялікі гонар і разам з тым вялікая адказнасць, – адзначае малады чалавек. – Гэта значыць валодаць такімі якасцямі, як доблесць, гонар і годнасць. Усе мы вырасцем, станем дарослымі, аднак перш за ўсё мы застанемся кадэтамі, сапраўднымі патрыётамі сваёй Айчыны, якія заўсёды будуць працаваць на карысць грамадства і ўсёй краіны. Мы – будучыня Беларусі, і я мару пра тое, каб наша Радзіма заўсёды заставалася магутнай, квітнела і нікола не здавала сваіх пазіцый. А мы, яе абаронцы, будзем рабіць усё неабходнае для гэтага.
Ганна ПУГАЧЭЎСКАЯ
Фота аўтара