«Беларусь – мая слава, надзея і гонар!» На Бераставіччыне стартаваў марафон патрыятычных канцэртаў

Актуально Культура Лента новостей

У пятніцу, 21 студзеня, на Бераставіччыне стартаваў марафон канцэртаў пад назвай «Беларусь  –   мая слава, надзея і гонар!». У рамках гэтага музычнага праекта работнікі Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці накіруюцца ў аграгарадкі раёна, каб з дапамогай мастацтва прыцягнуць увагу насельніцтва да важнасці тэмы патрыятызму, умацаванню якого прысвечаны Год гістарычнай памяці. Першы канцэрт адбыўся ў філіяле па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Алекшыцы.

Як вядома, сёлетні год у краіне аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Захаваць памяць пра падзеі, якія перажылі розныя пакаленні нашай краіны, – гэта вельмі важна. Чым даўжэй мы будзем памятаць пра той уклад, які ўнёс наш народ у час ліхалеццяў, пра вялікі працоўны подзвіг беларусаў, тым мацнейшым будзе дух патрыятызму ў падрастаючага пакалення. А таму ў розных формах неабходна імкнуцца да таго, каб адданасць сваёй краіне і народу стала здабыткам нашчадкаў, каб у сэрцах і розумах моладзі  замацаваліся паняцці патрыятызму, абавязку перад Айчынай, гонару за свой народ.

Работнікі культуры могуць зрабіць гэта праз багатую песенную творчасць, у якой трапна адлюстроўваецца любоў да свайго народа, павага да яго працоўных і духоўных дасягненняў, неверагодная трываласць і моц характару беларусаў.

Канцэртная праграма ў філіяле па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Алекшыцы, дзе сабраліся гледачы рознага ўзросту, складалася якраз з такіх песень – услаўляючых Радзіму, подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, любоў да жыцця. Музычныя нумары, у тым ліку і на роднай мове, былі дапоўнены лірычнай літаратурна-харэаграфічнай замалёўкай з фотаздымкамі «Мой родны кут» і тэатралізаваным эпізодам на тэму вайны.

Кранаючыя выступленні артыстаў знайшлі водгук у сэрцах сяльчан, а гэта значыць, што духоўныя каштоўнасці, якія апяваліся ў песнях, усіх нас аб’ядноўваюць. Дарэчы, у праекце абноўленай Канстытуцыі, абмеркаванне якога сёння актыўна ідзе ў грамадстве, закладваецца палітыка такіх каштоўнасцяў: абарона гістарычнай памяці беларускага народа, ушанаванне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і падтрымка сям’і.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *