Раны бываюць розныя і пакідаюць розныя сляды на целе і ў душы чалавека. Адны зажываюць бясследна, па іншых застаюцца рубцы, а некаторыя аддаюць болем на працягу ўсяго жыцця. Менавіта такой ранай, якая крывавіць, пакуль чалавек жыве, для воінаў-інтэрнацыяналістаў, зведаўшых пекла чужой вайны, застаецца Афганістан. Ужо 33 гады прайшло з дня вываду савецкіх войск з гэтай далёкай краіны, але для тых, хто прайшоў афганскую вайну, гэта незабыўны ўспамін…
-Афган не забудзецца ніколі і ўсё жыццё будзе са мною, гэта незагойная рана, — гаворыць воін-інтэрнацыяналіст Іосіф Барцэвіч. – І хоць я нават не быў паранены на афганскай вайне, але ў душы і памяці застаўся такі след, які і час не можа сцерці. Нават сёння я да дробязей памятаю аэрадром у Кандагары, размяшчэнне “кропкі”, на якой нёс службу, і тых, хто быў са мною побач…
Мы паразмаўлялі з Іосіфам Браніслававічам напярэдані памятнай даты, паглядзелі салдацкія фотаздымкі, і ён зноў і зноў вяртаўся ў памяці да тых падзей, якія адразу прымусілі пасталець васемнаццацігадовых юнакоў, сутыкнуўшыхся з вайной і смерцю. Вядома, гаварыць аб гэтым цяжка, але трэба: каб не забываць і не дапусціць паўтарэння вайны.
Нарадзіўся Іосіф Барцэвіч у 1967 годзе ў нашым раёне, у вёсцы Вішнеўка. Скончыў васьмігодку ў роднай вёсцы, а потым сярэднюю школу ў Адэльску Гродзенскага раёна. Пакуль споўнілася васямнаццаць гадоў, паспеў нават трохі папрацаваць на ферме ў Вішнеўцы, запускаў там дойку. 22 красавіка 1985 года яго прызвалі ў армію. Адыходзіў з Бераставіцкага ваенкамата, на перасыльным пункце ў Гродне яго спачатку размеркавалі ў вучэбны цэнтр у Печы, а на другім пастраенні ўжо даведаўся, што адпраўляюць у Маскву.І ўжо ў Маскве нам сказалі, што служыць будзем у Афганістане, — расказвае Іосіф Браніслававіч. — Спачатку на поездзе адправілі ў Ташкент, ехалі туды мы чацвёра сутак, а затым — у город Каршы, дзе салдат размяркоўвалі па воінскіх часцях, дарэчы, я трапіў у войскі сувязі. Там мы прабылі тры месяцы ў каранціне да прысягі, а літаральна праз тыдзень пасля яе нас паднялі ноччу, адвезлі ў Ташкент і ў наступную ноч на самалёце АН-26 перакінулі ў Кабул.
Праз суткі нас зноў пасадзілі на самалёт, праўда, гэтым разам на АН-24, і мы паляцелі ў Кандагар, там на аэрадроме і стаяў наш батальён сувязі.
Дзе будзе служыць, Іосіф Барцэвіч адразу не сказаў бацькам, ведалі толькі старэйшыя сёстры, бо калі прышло пісьмо з палявой поштай 33134, то швагры адразу здагадаліся, куды ён трапіў, ды і бацька таксама зразумеў, толькі маці некаторы час не гаварылі, баяліся яе хваляваць, але ж доўга гэтага не ўтоіш. Дарэчы, бацька са старэйшай сястрой нават прыязджаў на прысягу да Іосіфа Браніслававіча ў Ташкент, захаваліся нават фота.
-Маё першае ўражанне ад Афганістана – страх, -гаворыць воін-інтэрнацыяналіст. — Усюды страляюць, чутны выбухі, а мы маладыя, нявопытныя, да канца не разумеем, куды трапілі. Мы прыляцелі ноччу, салдат 170, нас адразу размеркавалі: каго ў аўтароту, каго ў батальён сувязі, каго ў дэсантна-штурмавую брыгаду. Я аказаўся ў батальёне сувязі. Нас пагрузілі па машынах і павезлі ў свае часці, а там адразу ў баню, выдалі новую форму. Спачатку нас пасялілі ў палатках, а потым мы зрабілі кубрык са скрыняў ад снарадаў, у якім і жылі, калі знаходзіліся ў воінскай часці. У Афганістане было вельмі горача, температура даходзіла да 60 градусаў, зямля ўся патрэсканая проста, да гэтага таксама было цяжка прывыкнуць.
Я лічыўся вадзіцелем-матарыстам і электрыкам, служыў на “кропцы” РСП. Такія ”кропкі” размяшчаліся каля ўзлётнай паласы аэрадрома, там стаялі маторы, якія давалі электрычнасць на станцыю, а яна ў сваю чаргу ўжо забяспечвала токам увесь аэрадром і падавала сігналы самалётам. Вакол “кропкі” быў капанір — гэта такое збудаванне, вялікі насып, пасярэдзіне якога праходы і толькі невялікія ваконцы для аўтаматаў. Усё гэта ацэплена калючым дротам у два рады, а паміж імі – міны, каб ніхто да “кропкі” падысці не змог. Бывала, калі самалёт сядае, то абрывае правады з лямпаў, што ўздоўж узлётнай паласы стаялі, а нам трэба было адразу гэта паправіць, каб свет быў на ўсім аэрадроме.
Спачатку Іосіф Барцевіч служыў у Кандагары, а потым яшчэ сем месяцаў на такой жа “кропцы” ў Лашкаргаху.
-Ужо набліжаўся наш “дзембель”, з Саюза прыбылі маладыя салдаты, і нас вырашылі вярнуць у часць у Кандагар, — успамінае Іосіф Браніслававіч. -Усе машыны ішлі сваім ходам, я таксама гнаў машыну, ГАЗ-66, вёз станцыю, машына была ўся абвешана бранёй, толькі маленькае акенца, каб глядзець на дарогу. Было вельмі страшна, бо ехалі па бетонцы, якая з бакоў была замініравана. Нас адразу папярэдзілі, што ехаць трэба толькі па цэнтры, убок не з’язджаць, на максімальнай скорасці. У Кандагары нас сустракалі танкі па перыметру дарогі і сцяжкамі ўказвалі напрамак. Памятаю, што вакол дарогі былі раскіданыя апельсіны, мандарыны, іншыя фрукты – гэта рабілі “душманы” з надзеяй, што хтосьці спыніцца, і яго можна будзе “зняць”. Але загад быў строгі: не спыняцца.
Калі мы прыбылі ў Кандагар, якраз пачалася баявая аперацыя, і дамоў нас не адпусцілі, мая служба зацягнулася яшчэ на паўгода.
На маіх вачах загінулі мае таварышы з аўтароты: АН-24, які перавозіў бомбы, заходзіў на паласу, і яму падбілі шассі. Пілоты катапульціраваліся, крычалі, каб не ехалі туды, бо там бомбы, а самалёт ужо пачаў гарэць. А нашы хлопцы з аўтароты і пажарныя паехалі яго тушыць, і ў гэты час ірванула. Выбух быў страшны, мы ўсе пападалі, а ў кіраўніка палётаў на вышцы ўсе шыбы павыляталі. Загінула 6 чалавек, усе хлопцы былі перад самым “дзембелем”, а вярнуліся дадому на “чорным цюльпане”…
Іосіф Барцэвіч адзначае, што іх батальён сувязі ў непасрэдных баявых дзеяннях не ўдзельнічаў, бо ў сувязістаў была другая задача – забяспечваць бесперабойную падачу электрычнасці на аэрадроме. Але ўсё ж вайна ёсць вайна — аэрадром неаднаразова абстрэльвалі, многа таварышаў гінула на яго вачах, асабліва дэсантнікаў. І псіхалагічна было цяжка знаходзіцца на чужой зямлі, бо ў любы момант нават пяцігадовы хлопчык мог выстраліць з прыхаванай зброі. Таму і з кішлакоў адыходзілі заўсёды задам, не адварочваючыся, каб не атрымаць кулю ў спіну.
-Ніхто не верыць, але ў Афганістане я еў сухары 1941 года, — гаворыць Іосіф Браніслававіч, — яны былі ў бляшаных банках, адкрываеш яе, а там бірка ляжыць “1941 год” – такая вось сувязь з мінулай вайной атрымліваецца.
Мала таго, што Іосіф Барцэвіч пераслужыў на паўгода ў Афганістане, перад ад’ездам дадому здарылася яшчэ адна непрыемнасць – ён захварэў на тыф. Яго нават хацелі пакінуць у санчасці ў Афганістане, але хлопец ужо меў дакументы на руках і змог пераканаць усіх, што ўжо здаровы, падбадзёрваючы сам сябе і мабілізуючы ўсе рэсурсы маладога арганізма на выздараўленне.
— На ІЛ-76 мы прыляцелі ў Ташкент, а адтуль на скарасным цягніку прыбылі ў Мінск, — завяршае свой аповед Іосіф Барцэвіч. — З Мінску я ехаў аўтобусам у Гродна. Як сёння помню, што білет быў на 14.25. Ніхто з родных не ведаў, што я еду, бо калі ішлі баявыя дзеянні, пошта не даходзіла да нас, і я ўжо пісьма не напісаў. У Гродна адразу накіраваўся да сястры, а швагер ужо прывёз мяне дадому, у Вішнеўку, гэта было 15 жніўня 1987 года. Маці вельмі плакала пры сустрэчы, усё пытала, ці хоць рукі-ногі цэлыя…
Пасля дэмабілізацыі воін-інтэрнацыяналіст паехаў працаваць у Гродна, ажаніўся, у сям’і нарадзіліся дзве дачкі. Але потым пачаў хварэць яго бацька, і Іосіф Браніслававіч прыняў рашэнне вярнуцца з сям’ёй на малую радзіму. І ўжо 27 гадоў жыве ў роднай Вішнеўцы, працуе ў мясцовай гаспадарцы.
-Нікому не пажадаю перажыць таго, што перажылі мы ў Афганістане, – гаворыць на развітанне мой субяседнік. – Бо толькі перажыўшы вайну, разумееш, што найвышэшая каштоўнасць — мір і чалавечае жыццё. І трэба зрабіць усё магчымае, каб захаваць мір не толькі ў сваёй краіне, але і на свеце, бо як паказвае наш прыклад, чужой вайны не бывае.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара і з архіва Іосіфа Барцэвіча