У клубе прыёмных бацькоў “Сямейны ачаг” прайшла калядная сустрэча

Лента новостей Наши дети Образование Общество

Традыцыйна ў перыяд   навагодніх свят адбываюцца калядныя сустрэчы ў клубе прыёмных бацькоў “Сямейны ачаг”. Сёлета такая сустрэча адбылася 4 студзеня на базе сядзібы міфалагічнага ўладара халадоў Бераст-Зюзі, якая размяшчаецца на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера «Бераставіцкі». Арганізатарамі мерапрыемства выступілі  раённае аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду сумесна з раённым сацыяльна-педагагічным цэнтрам і сектарам аховы дзяцінства аддзела адукацыі райвыканкама.

Ля варот рэзідэнцыі Бераст-Зюзі членаў клуба з ліку  прыёмных бацькоў і іх выхаванцаў сустрэлі Дамавы і Спадарыня Мяцеліца, якія запрасілі ўсіх прыняць удзел у незвычайных навагодніх прыгодах па пошуку страчаных  літар у слове “надышоў”, што дапамогуць зняць чары злых духаў і вярнуць спынены час.

Дарослыя і дзеці з задавальненнем уключыліся ў захапляльны квэст і адправіліся па анімацыйных пляцоўках, дзе знаёміліся з міфічнымі персанажамі беларускага народнага фальклору, танцавалі з дзяўчынай Гаёўкай і калядоўшчыкамі, трымалі іспыты на Ягусіным падворку, паказвалі свой   спрыт і ўменні на пляцоўцы “Разгульнёвачка”, спаборнічалі з ляснымі разбойнікамі ў баі мяшкамі, паказвалі зладжанасць і камандны дух, ідучы на лыжах сяброўства. З асаблівым захапленнем яны зазірнулі ў пакоі да Спадарыні Мяцеліцы, дзе падзівіліся на цудоўныя навагоднія вырабы, якія ўдзельнічаюць у раённай выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Самаробны цуд”, змаглі прыняць удзел у майстар-класе па вырабу навагодняга сувеніра

Паспяхова выканаўшы ўсе прапанаваныя заданні і знайшоўшы згубленыя літары, члены клуба “Сямейны ачаг” трапілі да самога гаспадара рэзідэнцыі – Бераст-Зюзі, якому прадэманстравалі свае таленты ў дэкламацыі вершаў, вадзілі з ім карагоды ля ўпрыгожанай навагодняй елкі,  атрымалі ад яго  ў падарунак невялікія календары з выявамі міфічных істот і салодкія пачастункі.

Затым усе яшчэ зазірнулі ў “Этнакраму”, дзе змаглі набыць сувенірную навагоднюю прадукцыю або паспрабаваць выйграць яе ў бяспройгрышнай латарэі.

Несумненна, усе ўдзельнікі каляднай сустрэчы  атрымалі вялікі зарад станоўчых эмоцый, і нягледзячы на халоднае і сырое надвор’е, былі задаволены сумесным адпачынкам. А ў канцы мерапрыемства прыёмных бацькоў і іх дзяцей  чакаў яшчэ салодкі стол – арганізатары паклапаціліся, каб сагрэць іх гарачым чаем з салодкім пачастункам, які быў набыты за сродкі раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду.

На развітанне я пацікавілася ўражаннямі ў некаторых удзельнікаў каляднай сустрэчы.

Ала Філон, прыёмная маці:

— Дзякуй арганізатарам за захапляльныя навагоднія прыгоды!  Мне асабліва спадабалася ў пакоях Спадарыні Мяцеліцы, я сама займаюся дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, таму з цікавасцю паглядзела, якія цудоўныя вырабы створаны рукамі ўдзельнікаў конкурсу “Самаробны цуд”. А дзецям  было больш цікава паўдзельнічаць у розных гульнях і конкурсах, яны атрымалі шмат незабыўных уражанняў.

 

Сцёпа Барташук, выхаванец дома сямейнага тыпу Артамонавых:

— У рэзідэнцыі Бераст-Зюзі я ўжо другі раз, і  тым не менш,  зноў у захапленні! Мяне найбольш уразіла пляцоўка з ляснымі разбойнікамі, цікава было з імі паспаборнічаць, спадабаліся конкурсы ў Ягусі і сам Бераст-Зюзя. Я вельмі задаволены, што нам арганізавалі такую цікавую экскурсію.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *