Першы выпадак шаленства зарэгістраваны ў Бераставіцкім раёне ў студзені

Лента новостей

Страшнае захворванне працягвае свой небяспечны шлях па зямлі. Першы выпадак шаленства ў гэтым годзе зарэгістраваны ў нашым раёне ў вёсцы Жукевічы. У гаспадара сабака на падворку задушыў лісу. Яе закапалі. Праз некаторы час сабака стаў агрэсіўным. Ноччу ён сарваўся з ланцуга і задушыў суседскага сабаку. Толькі пасля гэтага людзі западозрылі, што ён, магчыма, захварэў на шаленства. Ветэрынар усыпіў сабаку. А галаву яго адвезлі ў Гродна ў лабараторыю, дзе ёсць вірусалагічны аддзел. Даследаванне пацвердзіла, што сабака быў хворы на шаленства. Паколькі за 10 дзён да праяўлення яўных прыкмет захворвання вірус ужо знаходзіцца ў сліне, і гаспадары падыходзілі да свайго чацвяраногага сябра, а, магчыма, і гладзілі яго, рэкамендавана ім зрабіць прышчэпкі.
Зразумела, што здаровая ліса не пойдзе ў двор, каб там яе задушыў сабака. Ужо такія «неадэкватныя» для дзікай жывёлы паводзіны маглі навесці на падазрэнне, што яна хворая. Лясныя жыхары звычайна не любяць паказвацца людзям на вочы. Калі страчваецца інстынкт самазахавання, зразумела, што гэта не проста так. Каб сабачка своечасова быў прышчэплены пасля кантакту з лісой, дык застаўся б жывы.
Варта памятаць, напрыклад, і пра такія сімптомы. Хворы сабака пачынае зімой лавіць уяўных мух, робіцца агрэсіўным. Затым, як ні ў чым не бывала, лашчыцца. У яго можа капаць сліна з пашчы. У любым выпадку, калі нешта не так, як звычайна, лепш параіцца з прафесіяналамі. Ветэрынар дапаможа вам пазбегнуць бяды.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *