Трэці год запар навучэнцы мастацкага аддзялення Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў прымаюць удзел у рэспубліканскім конкурсе плакатаў “Небяспека— СНІД”, арганізатары якога — Міністэрства культуры, Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. У мінулым годзе заахвочвальнай прэміяй быў адзначаны плакат Дар’і Коўган, а пачатак гэтага года стаў удалым для вучаніцы 3-га класа школы мастацтваў Анастасіі Галавач. Дзяўчынка атрымала званне лаўрэата І ступені абласнога тура гэтага конкурсу і ўзнагароджана за мастацкае раскрыццё тэмы дыпломам упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама і абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, а таксама вялікай энцыклапедыяй жывапісу “Нацыянальная галерэя. Лондан”.
Галоўная мэта конкурсу—адлюстраваць праз мастацтва плаката глабальную праблему ВІЧ/СНІД, прыцягнуць увагу моладзі да гэтай рэальна існуючай пагрозы, павысіць інфармаванасць падрастаючага пакалення па пытаннях прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі, сфарміраваць бяспечныя і адказныя паводзіны ў грамадстве, выявіць пазітыўныя ідэі, якія пануюць у маладзёжным асяродку. Нездарма лепшыя работы выкарыстоўваюцца ў далейшым для выдання тэматычнай друкаванай прадукцыі: календароў, плакатаў, лістовак, буклетаў і інш.
Удзельнікамі сёлетняга конкурсу былі як прафесійныя мастакі, так і студэнты сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў, а таксама навучэнцы дзіцячых школ мастацтваў. Каля 100 работ прыйшло ў Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці! Тэмай плаката Анастасіі сталі дзве зоркі, якія па-сяброўску трымаюць адна адну сваімі праменьчыкамі. Побач – пазітыўнае сцвярджэнне: “І нават пасля хваробы жыццё прадоўжыць можна”.
Дзевяцікласніца з Малой Бераставіцы—натура вельмі творчая. Яна ўжо неаднаразова ўдзельнічала ў абласных і рэспубліканскіх мастацкіх конкурсах, займала прызавыя месцы, а вось першай стала—упершыню. Насця вельмі задаволена сваёй перамогай, на якую, прызнацца, і не разлічвала.
Дзяўчынка з ранняга дзяцінства малюе, найбольш захапляецца акварэллю, маслам, роспісам па дрэву, а цяпер яшчэ і фатаграфіяй. Такія здольнасці да выяўленчага мастацтва ў яе — ад бацькоў. Анастасія—з творчай сям’і. Мама і тата дзяўчынкі ў свой час скончылі Мірскае мастацкае вучылішча, працягваюць ствараць прыгажосць і сёння. Тата, Міхаіл Міхайлавіч, майструе сталярныя вырабы. Мама, Наталля Рышардаўна, іх прыгожа распісвае… Наталля Рышардаўна, дарэчы, кіруе студыяй выяўленчага мастацтва пры Цэнтры дзіцячай творчасці, і гурткоўцам вельмі падабаецца ў яе на занятках.
У сям’і Галавачоў, акрамя Насці, ёсць яшчэ дачка Карына—навучэнка чацвёртага курса Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа, і сын Аляксей, якому дзесяць гадоў. Кожны з іх сябруе з творчасцю, з выяўленчым мастацтвам, якое, без сумнення, упрыгожвае жыццё, робіць яго цікавым і насычаным.
Работа Анастасіі Галавач прыме ўдзел у рэспубліканскім туры конкурсу. Дарэчы, граматай удзельніка абласнога конкурсу адзначаны таксама і вучань 2-га класа мастацкага аддзялення Вадзім Карпуць. Вынікова і з энтузіязмам рыхтуе навучэнцаў да конкурсаў на такую глабальную і складаную тэму настаўнік мастацкага аддзялення Андрэй Втарушын пры падтрымцы і садзейнічанні дырэктара Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў Ірыны Баер.
Віншуем Анастасію Галавач з перамогай у абласным конкурсе і жадаем поспехаў на рэспубліцы!
Святлана Ганчарова