Па ініцыятыве Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта нядаўна ўбачыла свет кніга з такой назвай. У прадмове адзначаецца, што ў выданні “собраны сведения о выдающихся людях, внесших значительный вклад в развитие Гродненской области”.
У кнізе змешчаны біяграфіі 230 чалавек. Гэта кіраўнікі ведамстваў, прадпрыемстваў, арганізацый, прадстаўнікі працоўных калектываў: настаўнікі, артысты, будаўнікі, механізатары, жывёлаводы…
Сярод іх ёсць прадстаўнікі Бераставіччыны, заслужаныя работнікі сельскай гаспадаркі: Іван Максімавіч Захарчук, Мікалай Рыгоравіч Зданчук, Анатолій Паўлавіч Коханаў. Гэтыя людзі вядомыя ў раёне, аб іх не раз пісала раённая газета.
У кнізе ёсць біяграфічныя даведкі аб ураджэнцах Бераставіччыны, якія жывуць за яе межамі. Аб іх мы коратка раскажам у алфавітным парадку, як яны падаюцца ў гэтым біяграфічным даведніку.
Белашэўскі Анатолій Аляксеевіч, генерал-маёр міліцыі. Нарадзіўся ў вёсцы Рудаўляны ў 1947 годзе. Пасля заканчэння Цецяроўскай сярэдняй школы працаваў на Гродзенскай абутковай фабрыцы. Прымаў актыўны ўдзел у рабоце народнай дружыны па ахове грамадскага парадку на вуліцах абласнога цэнтра. Па камсамольскай пуцёўцы быў накіраваны ў 1982 годзе на вучобу ў Мінскую вышэйшую школу міліцыі. Пачынаў службу інспектарам у Гродзенскім гарадскім аддзеле міліцыі, потым – начальнікам аддзялення, намеснікам начальніка, начальнікам Гродзенскага раённага аддзела міліцыі. Закончыў службу начальнікам Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама. Выбіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Грышук Анатолій Георгіевіч, ганаровы грамадзянін горада Гродна. Нарадзіўся ў 1955 годзе ў вёсцы Галынка. Закончыў Бераставіцкую сярэднюю школу ў 1972 годзе, Мінскі інстытут народнай гаспадаркі – ў 1976 годзе. Працаваў на Гродзенскім мясакамбінаце бухгалтарам, эканамістам, галоўным бухгалтарам, а з 1989 года – генеральным дырэктарам прадпрыемства. Ганаровы грамадзянін горада Гродна.
Зданчук Аляксандр Аляксандравіч, заслужаны пілот Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся ў 1949 годзе ў вёсцы Эймінаўцы. Закончыў Бераставіцкую сярэднюю школу, Крыварожскае авіяцыйнае вучылішча, Сасаўскае авіяцыйнае вучылішча. Служыў у грамадзянскай авіяцыі ў Гродне камандзірам экіпажа АН-2, камандзірам авіязвяна, эскадрыллі, авіяцыйнага атрада. Лятаў на самалётах савецкай грамадзянскай авіяцыі ў Балгарыі, Югаславіі, Судане. Зданчуку А.А. прысвоены першы клас пілота грамадзянскай авіяцыі.
Казлоўская Любоў Пятроўна, поўны кавалер ордэнаў Працоўнай Славы трох ступеняў (у СССР прыраўноўвалася да ганаровага звання Герой Сацыялістычнай Працы). Нарадзілася ў вёсцы Малыя Жукевічы. Пасля заканчэння мясцовай сямігадовай школы працавала ў калгасе, потым скончыла Ваўкавыскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Працавала загадчыцай свінафермы ў калгасе “Прагрэс” (зараз СПК “Драпава”) Слонімскага раёна. Была дэлегатам XXVII з’езда КПСС.
Карчэўскі Уладзімір Максімавіч, заслужаны трэнер БССР, заслужаны работнік фізічнай культуры Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся ў 1943 годзе ў вёсцы Клепачы. Закончыў Кляпацкую сярэднюю школу ў 1960 годзе, Мінскі інстытут фізічнай культуры – ў 1964 годзе. Працаваў выкладчыкам у Гродзенскім фізкультурным тэхнікуме, загадчыкам кафедры, а потым дэканам фізкультурнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У 1983 – 1987 гадах працаваў у Алжыры трэнерам зборнай каманды па валейболу. Выдатнік фізічнай культуры СССР.
Коўшык Аляксандр Іванавіч, заслужаны работнік абслугоўвання Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся ў вёсцы Ярмолічы ў 1935 годзе. Скончыў гандлёвы тэхнікум, потым Гродзенскі педагагічны інстытут імя Янкі Купалы. Працоўную дзейнасць пачаў прадаўцом у магазінах горада Гродна. Потым працаваў бухгалтарам, галоўным бухгалтарам Гродзенскага “Горпромторга”. У 1973 годзе назначаны дырэктарам Гродзенскага ўнівермага (потым – гандлёвы дом “Нёман”). Пад яго кіраўніцтвам прадпрыемства стала перадавым у горадзе і вобласці. Быў пабудаваны новы будынак універмага, укараняліся новыя метады абслугоўвання насельніцтва. У савецкі час было прысвоена званне «Отличник советской торговли».
Кухарчык Аляксандр Мікалаевіч, кавалер ордэна “Знак пашаны” (1986 г.) і ордэна Айчыны III-й ступені (2004 г.), механізатар КСУП “Пагранічны-Агра”. Нарадзіўся ў 1961 годзе ў вёсцы Краснае. Скончыў мясцовую васьмігодку, а потым Бераставіцкае СПТВ-37. Спачатку працаваў шафёрам, а потым папрасіўся на трактар. Яго партрэт неаднаразова размяшчаўся на Дошцы Гонару гаспадаркі. Ордэн Айчыны III-й ступені яму асабіста ўручаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Мядзведзеў Уладзімір Іванавіч, кавалер двух ордэнаў Леніна, ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі і двух ордэнаў “Знак Пашаны”. Нарадзіўся ў 1928 у вёсцы Бераставічаны. У 1946 годзе закончыў Мінскую школу ветэрынарных фельчараў, у 1950 годзе – Шчучынскі сельскагаспадарчы тэхнікум, у 1960 г. – Вышэйшую партыйную школу. З 1951 па 1954 гады працаваў на камсамольскай і партыйнай рабоце, у 1955 г. у ліку трыццацітысячнікаў узначаліў калгас “Праўда” (потым імя Леніна) у Васілішках Шчучынскага раёна. Калгас быў перадавым не толькі ў раёне, але і ў вобласці, і рэспубліцы, быў занесены на Усесаюзную Дошку Гонару ў Маскве.
Машко Іван Рыгоравіч, кавалер ордэнаў “Знак Пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыны III-й ступені. Ганаровы грамадзянін горада Шчучына. Нарадзіўся ў вёсцы Сыраежкі, закончыў Кватарскую сярэдную школу, а ў 1962 годзе – Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Працаваў дырэктарам саўгаса “Гродзенскі” у Каробчыцах, старшынёй Астравецкага райвыканкама,першым сакратаром Шчучынскага райкама партыі, сакратаром абкама партыі. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Сяргейчык Уладзімір Міхайлавіч, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі імя А.І. Дубко, Кавалер ордэна Францыска Скарыны. Нарадзіўся ў вёсцы Трацякі ў 1938 годзе. Вучыўся ў Масалянскай сярэдняй школе, закончыў Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча (1956 г.), Ленінградскі інстытут культуры (1973 г.). Пасля дэмабілізацыі працаваў у Гродзенскім педагагічным інстытуце, у Гродзенскім культурна-асветным вучылішчы. З 1971 года – намеснік дырэктара, з 1984 года – дырэктар Гродзенскага культурна-асветнага вучылішча (зараз Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў).
Падрыхтаваў Мікалай Пацэнка, навуковы супрацоўнік Музея Вавёркі