У нашай краіне пытанню прафесіянальнай арыентацыі моладзі і навучэнцаў надаецца вялікая ўвага.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Масалянскі яслі-сад-пачатковая школа” не застаецца ў баку ад гэтай важнай справы. Настаўнікі і выхавальнікі дашкольнай адукацыі расказваюць дзецям аб розных прафесіях, запрашаюць ў яслі-сад-пачатковую школу прадстаўнікоў гэтых прафесій.
Вось і некалькі дзён назад у групу прыйшла школьны повар Лізавета Валер’еўна Піліпчук. Дзеці ў группе рознаўзроставыя – ад двух да шасці гадоў, але яны ўсе добра ведаюць, што робіць повар. Тым больш, што Лізавета Валер’еўна так цікава расказвала пра сваю работу. Пра тое, што ежа павінна быць і смачнай, і карыснай ды яшчэ і прыгожа аформленай.
Дзеці мелі магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі повара: разам з Лізаветай Валер’еўнай яны прыгатавалі салат “Здароўе”. Дзеці былі ў захапленні.
-Ну што, дзеці, ці падабаецца вам прафесія повара? – спытала дырэктар школы Галіна Мікалаеўна.
— Та-а-а-к! – хорам адказалі дзеці.
— Я буду заўсёды дапамагаць маме гатаваць ежу, — гаворыць Ілона.
А Рома сказаў: “Як вырасту, абавязкова стану кухарам і буду прыдумваць розныя смачныя стравы».
А што? Магчыма, сапраўды хто-небудзь з нашай малечы стане знакамітым кухарам і атрымае Мішленаўскую зорку, вышэйшую міжнародную кухарскую ўзнагароду.
Любоў Касі, выхавальнік дашкольнай адукацыі Масалянскага ясляў-сада-пачатковай школы