Шмат розных прафесій існуе ў свеце, але хіба найбольш вартай павагі лічыцца прафесія педагога. Бо без настаўніка не было б і марака, і лекара, і машыніста, і нават самога настаўніка. У Макараўскім яслях-садзе-сярэдняй школе вялікая ўвага надаецца выхаванню ў дзяцей павагі да настаўніка. Ва ўстанове працуюць педагогамі чатыры выпускніцы школы, кіруе школай таксама выпускніца А.В. Панкевіч, а ў гэтым навучальным годзе педагагічны калектыў папоўніўся маладымі спецыялістамі, сярод якіх і выпускніца нашай школы Е.В. Болбат.
У рамках святкавання Дня настаўніка ва ўстанове на працягу тыдня праходзілі розныя мерапрыемствы, мэтай якіх з’яўлялася прыцягненне ўвагі да прафесіі педагога. Пры правядзенні дня самакіравання навучэнцы «прымерылі» на сябе ролю настаўніка.
А святочная праграма «Вам, настаўнікі!» паказала, з якой любоўю і ўдзячнасцю нашы дзеці ставяцца да сваіх педагогаў. Удзел у конкурсе «Сэлфі з настаўнікам» дапамагло развіць крэатыўнасць, а фатаграфіі з настаўнікамі, прынесеныя дзецьмі, ляглі ў аснову стварэння відэароліка «Любімым настаўнікам прысвячаецца», які дэманстраваўся ў час правядзення святочнай праграмы.
Члены валанцёрскага атрада «Данка» актыўна ўключыліся ў рэалізацыю абласной акцыі “За вашу працу дзякуем, настаўнік”. У рамках акцыі ва ўстанове працавала школьная пошта, і кожны жадаючы змог адправіць віншаванне свайму настаўніку. Затым валанцёры разносілі віншаванні адрасатам, не пакінулі без увагі і ветэранаў педагагічнай працы.
Спадзяемся, што і далей прафесія педагога стане запатрабаванай сярод навучэнцаў нашай установы.
Алена Будніцкая, намеснік дырэктара Макараўскага ясляў-сада — сярэдняй школы па выхаваўчай рабоце