“Сапраўдны настаўнік павінен быць такім, як наша Ірына Іванаўна”

Лента новостей Образование Общество

“Сапраўдны настаўнік павінен быць такім, як наша Ірына Іванаўна” – так ахарактарызавала Ірыну Швек дырэктар Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы Галіна Македон. У гэтай школе Ірына Іванаўна працуе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ўжо амаль тры дзесяцігоддзі. А агульны педагагічны стаж у яе больш за сорак гадоў. І ўвесь гэты час яна аддае сваё жыццё школе, вучням і роднай мове. Ірына Швек не проста выкладае свой прадмет, а вучыць дзяцей думаць, разважаць, разумець жыццё і галоўныя яго каштоўнасці.

– А літаратура мне ў гэтым вельмі дапамагае, – усміхаецца Ірына Іванаўна. – Я, напэўна, больш настаўнік літаратуры, чым мовы, бо на ўроках літаратуры мая душа па-сапраўднаму раскрываецца. Я лічу, што літаратура выхоўвае чалавека, фарміруе яго душу, дапамагае разуменню жыцця. Вучу вучняў ставіць сябе на месца літаратурных герояў, разважаць, як паступіць у той ці іншай сітуацыі, спрачацца, выказваць свае думкі. І вядома ж, вучу любіць сваю родную мову, карыстацца ёй у штодзённым ужытку.

Сама Ірына Іванаўна паказвае вучням добры прыклад: заўсёды размаўляе толькі на беларускай мове. І яе субяседнікі стараюцца адказваць ёй таксама па-беларуску.

Любоў да беларускай мовы і літаратуры ў Ірыны Іванаўны пачалася яшчэ са школьных гадоў.

– У Вялікабераставіцкай сярэдняй школе, якую я заканчвала, – успамінае Ірына Іванаўна, – працавалі цудоўныя настаўнікі – Яўген Макаравіч Кажамякін, Аляксандра Ягораўна Важко, Зінаіда Васільеўна Шурба. Менавіта Зінаіда Васільеўна навучыла мяне любіць беларускую літаратуру, і мне вельмі хацелася быць падобнай на яе. Калі мы заканчвалі школу, Аляксандра Ягораўна спытала ў мае мамы: “А куды пойдзе вучыцца Іра?” Мама адказала, што я хачу быць настаўніцай. “І правільна, у яе атрымаецца!” – падтрымала мой выбар настаўніца. Мама яшчэ і сёння ўспамінае гэтыя словы Аляксандры Ягораўны. І я таксама за 40 гадоў не расчаравалася ў прафесіі, і каб прыйшлося пачынаць усё спачатку, усё роўна прыйшла б у школу.

Мы размаўляем з Ірынай Іванаўнай у кабінеце беларускай мовы і літаратуры, да якога яна прыклала шмат сваёй працы. Тут ёсць і этнаграфічны вугалок, экспанаты якога перыядычна мяняюцца, і выстава літаратуры для пазакласнага чытання, і навукова-даследчыя распрацоўкі, да якіх настаўніца заахвочвае сваіх вучняў. На працягу апошніх гадоў яе вучні становяцца прызёрамі абласных навукова-даследчых канферэнцый, такіх як “Крыштальная Альфа” і “Край Гарадзенскі”. За гады працы ў школе яна падрыхтавала шмат алімпіяднікаў, 27 гадоў кіруе раённым метадычным аб’яднаннем настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. У апошні час яна захапілася герменеўтыкай, прапагандуе гэты даследчы метад аналізу твораў не толькі сярод сваіх вучняў, але і калег.

А яшчэ ў Ірыны Іванаўны шмат публікацый у рэспубліканскіх выданнях, піша матэрыялы для рэспубліканскіх купалаўскіх чытанняў, супрацоўнічае з кафедрай беларускай літаратуры. А яшчэ яна паставіла сабе мэту зрабіць метадычную распрацоўку для настаўнікаў беларускай мовы па пазакласнаму чытанню.

— Школа – гэта 95 працэнтаў майго жыцця, асабліва цяпер, — гаворыць Ірына Іванаўна. – Я не шкадую свайго асабістага часу, каб падрыхтавацца да ўрокаў, стараюся прадумваць іх да дробязей, нават да таго, як адкажуць на мае пытанні вучні, можа таму і мае ўрокі вельмі эмацыянальныя.

Можа менавіта дзякуючы гэтаму эмацыянальнаму запалу ў Ірыны Швек сем паслядоўнікаў – настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Дарэчы, двое з іх працуюць у Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школе. Пайшла па шляху маці і дачка Ірыны Іванаўны Святлана, яна таксама выбрала беларускую мову, цяпер працуе метадыстам у Гродзенскім інстытуце развіцця адукацыі.

Настаўнік вышэйшай катэгорыі, прызёр абласнога конкурсу “Настаўнік года”, педагог-наватар, высокакваліфікаваны спецыяліст, творчы і адказны чалавек, які пастаянна займаецца самаадукацыяй – гэта толькі нямногія вытрымкі з характарыстыкі Ірыны Іванаўны.

Да Дня настаўніка ў гэтым годзе Ірына Швек узнагароджана Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Але яна настойліва падкрэслівае, што працуе не дзеля ўзнагарод, яе галоўная задача – навучыць дзяцей, застацца ў іх памяці добрым настаўнікам, які пакінуў незабыўны след у іх душы. І я думаю, што гэта ў яе выдатна атрымліваецца.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *