«Памяць аб вайне нам кніга пакідае». Выхаванцы палатачнага лагера «Краяведы»Малабераставіцкай СШ правялі акцыю да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

80 лет Великой Победы Летнее оздоровление Образование

Зараз ідзе час летняга адпачынку… Дзеці па-рознаму бавяць свой вольны час: адныя засталіся дома, другія адправіліся ў горад, а трэція – у аздараўленыя лагеры.

         Дваццаць вучняў нашай школы з цікавасцю і вялікім задавальненнем прымаюць удзел у шматлікіх мерапрыемствах рознай накіраванасці  у аздараўленым палатачным лагеры «Краяведы». Адным з галоўных мерапрыемстваў у лагеры, з’яўляецца акцыя «Памяць аб вайне нам кніга пакідае», якая адбылася 10 ліпеня ў межах Дня беларускай мовы, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мерапрыемства арганізавана і праведзена сумесна з філіялам «Малабераставіцкая інтэграваная сельская бібліятэка». У ходзе мерапрыемства прагучалі літаратурныя творы беларускіх пісьменнікаў пра падзеі і герояў Вялікай Айчыннай вайны. Як адзначыла бібліятэкар Заміроўская М.М., многія з беларускіх пісьменнікаў прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на франтах Вялікай Айчыннай вайны і не па чутках былі знаёмы з жахамі тых страшных падзей. У сваіх творах яны паказалі праўду вайны, якую павінен ведаць кожны грамадзянін, каб жудасная трагедыя ніколі не паўтарылася.

У ходзе акцыі прагучалі вершы, урыўкі з твораў на ваенную тэматыку, якія прачыталі выхаванцы аздараўленчага лагера. Верш П.Панчанкі «Калі пачалася вайна для мяне» з дрыжаннем у голасе прачытала Даўгучыц Ксенія, вучаніца V класа. Памяць вайны … Гэта боль перажытага народам за гады вайны. Гэта страты і ахвяры, гераічная барацьба не на жыццё, а на смерць, цяжкія дарогі выпрабаванняў. Верш А.Вярцінскага «Агонь» пранікнёна прачытаў Лебедзь Раман, вучань VII класа. Першы бой прынялі на сябе абаронцы Брэсцкай крэпасці. У выкананні Нікалуты Аляксандра, вучня 9 класа, прагучаў верш П.Броўкі «Крэпасць над Бугам». Сацура Мікіта, вучань IX класа, з хваляваннем прачытаў верш Я.Купалы «Беларускім партызанам», у якім аўтар заклікаў партызан і ўвесь народ узняцца на барацьбу з лютым ворагам. Шмат вершаў беларускіх пісьменнікаў прысвечана жанчынам: жанчыне-маці, якая праводзіла на фронт мужа або сыноў; жанчыне-франтавіку, якая побач з мужчынамі знаходзілася ў самай гушчы баявых дзеянняў… Са слязмі на вачах прачытаў верш Е.Лось «Дзяўчаты мінулай вайны» вучань V класа Свіслоцкі Раман. Побач з дарослымі змагаліся дзеці, на долю якіх выпалі выпрабаванні, аб якіх немагчыма гаварыць  без болю ў грудзях. «Дзеці вайны», менавіта так і называецца верш П.Панчанкі, які з хваляваннем прачытаў вучань VIII класа Лукашэвіч Яраслаў.

Усе: салдаты і афіцэры, партызаны і падпольшчыкі, працаўнікі тылу, жанчыны і дзеці, не шкадуючы сваіх сіл, набліжалі Перамогу. Дзякуючы іх мужнасці і самаахвярнасці мы 75 гадоў жывём пад мірным небам. Як сімвалы вечнай славы і горкай памяці аб героях вайны ўзвышаюцца велічныя абяліскі ва ўсіх кутках Беларусі. Верш П.Панчанкі «Навекі слава» прачытала вучаніца V класа Хабец Вераніка.

Творы, якія прагучалі ў ходзе акцыі – гэта толькі малая частка таго, што напісана пра вайну. Даведацца больш пра трагічнае і гераічнае мінулае беларускага народа праз творы беларускіх пісьменнікаў заклікала дзяцей загадчык філіялам Рэйшаль Г.В.

 

Вікторыя Кісялеўская, дырэктар аздараўленчага палатачнага лагера «Краяведы» Малабераставіцкай СШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *