СВК імя Варанецкага: «Культ» сучасных тэхналогій, сумленныя працаўнікі

Лента новостей

СВК імя Варанецкага – адна з самых перадавых гаспадарак нашага раёна. Такія выдатныя традыцыі падтрымліваюцца тут дзесяцігоддзямі. Вось і ў гэтым годзе наш раён стаў вядомым на ўсю краіну – у рэспубліканскім спаборніцтве на ўборцы збожжавых і зернебабовых стаў бясспрэчным лідарам па Гродзенскай вобласці, а ў СВК імя Варанецкага ўраджайнасць збожжавых  дасягнула 84,2 цэнтнера з гектара, што намнога вышэй за сярэднюю па рэспубліцы.  Крок за крокам, укараняючы новыя тэхналогіі,  ішлі людзі да такіх поспехаў. А ў той дзень, калі я прыехала ў сельгаскааператыў, тут працягвалася ўборка багатага сёлетняга  ўраджаю —  убіралі і сушылі кукурузу. На зернесушыльным комплексе паветра смачна пахла падсушаным кукурузным  зернем.  Яго тут сапраўды “залатыя горы” – прыгожага, спелага. Аператар Станіслаў Талочка і рабочыя Наталля Абуховіч і Ірына Барысік клапоцяцца, каб на КЗС  работы вяліся эфектыўна і якасна.
Працаўнікі гэтай гаспадаркі пастаянна ўносяць свой важкі ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу раёна. Тут дружны калектыў – кожны чалавек разумее, што сумленна працуючы на сваім месцы, ён умацоўвае агульны дабрабыт, а значыць, павышаецца ўзровень жыцця ўсіх.
У СВК імя Варанецкага прыязджаюць вучыцца перадавому вопыту. Тут высокая культура вытворчасці і, можна сказаць, сапраўдны культ перадавых сучасных тэхналогій. Датычыцца гэта і раслінаводства, і жывёлагадоўлі.
Гонар гаспадаркі – механізатары і вадзіцелі. Вядомымі  на ўсю рэспубліку сталі вадзіцель Васіль Легашчоў і  аператар КЗС  Станіслаў Эйсмант. Сярод самых паважаных земляробаў тут таксама механізатары Антон Іядкоўскі,  Іван Болдак і многія іншыя. Абодва працуюць больш за два дзясяткі гадоў, яны сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, берагуць і любяць тэхніку, перадаюць каштоўны вопыт маладым. Яны перавыконваюць нормы, а праца іх заўсёды якасная.
Свінакомплекс апраўдвае чаканні людзей. З мая гэтага года начальнік там Васіль Жукоўскі, малады, перспектыўны. Ён для сябе выбраў факультэт ветэрынарнай медыцыны Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Справу сваю любіць. У гэтым годзе на свінакомплексе закончылі рэканструкцыю трох секцый адкорму і адну секцыю рэпрадуктара. Абсталяванне еўрапейскае. Яно дазволіла адысці ад ручной працы. Аўтаматычная лінія на адкорме  кругласутачна забяспечвае  свіней кармамі. Тут ёсць цікавы момант – еўрапейцы першымі звярнулі ўвагу на тое, што ў свіней свая  “іерархія” і мацнейшыя, здараецца, не даюць пад’есці слабейшым не таму, што самі галодныя, а таму, што паказваюць “характар“. Аўтаматыка ўсё паправіла – хто не наеўся, можа харчавацца і ноччу, калі іншыя ўжо спяць. Сучасныя тэхналогіі далі і яшчэ адну выгоду – свінні могуць самі “гатаваць” сабе мешанку. Адны любяць, каб там было менш вады, другія наадварот. Камбікармы гатуюцца на ўласным ма-більным заводзе са свайго збожжа, уключаючы кукурузу.
Васіль Жукоўскі вельмі цікава расказвае пра работу свінакомплекса. А дзякуючы таму, што дзяржава падымае закупачную цану на свініну, можна трымацца “на плаву”, закупляць неабходныя кампаненты для збалансаванння рацыёнаў жывёлы.
На свінакомплексе зараз працуе і сучасная камп’ютарызаваная сістэма вентыляцыі, каб быў добры мікраклімат. Інжынерная служба сочыць за захаваннем неабходных параметраў. Тут пастаянна займаюцца  і ўдасканаленнем “ланцужка вытворчасці”.
Выхад мясных свіней зараз – 70-80%. Гэта патрабаванне часу, ва ўсім свеце цэняцца  менавіта “беконныя свінні”. Дзякуючы прадуманым мерам, удаецца раскрываць генетычны патэнцыял парод ландрас, дзюрок і йоркшыр. Свіней зараз тут каля 12 тысяч і,  дзякуючы далейшай рэканструкцыі і аптымальнаму выкарыстанню таго, што ёсць, пагалоўе будзе і далей нарошчвацца. А гэта дадатковая выгада. Начальнік комплексу хваліць свой калектыў і, безумоўна, заслужана. А кантроль за здароўем жывёлы ажыццяўляюць галоўны    ветурач Міраслаў  Крупа са сваёй дружнай “камандай” і  ў цесным супрацоўніцтве з заатэхнічнай службай. Увага надаецца паўнацэннаму кармленню, прафілактыцы захворванняў, своечасоваму лячэнню хворых свіней.
На малочнатаварным комплексе заслужанай павагай карыстаюцца вопытныя аператары машыннага даення Юзэфа Іядкоўская і Ірына Токарава. Яны адказныя працаўніцы і добрыя мамы. У Юзэфы трое дзяцей, а дачка Ірыны ў гэтым годзе паступіла ў медыцынскі ўніверсітэт.
Цялятніца Ядвіга Барташэвіч на малочнатаварным комплексе “Рымуцеўцы” даглядае цялят ад іх нараджэння да трох месяцаў. Выпойвае спачатку з соскі, потым з вёдраў.  Клапоціца, каб атрымалі дастаткова малозіва для фарміравання імуннай сістэмы. Цяляты ў яе дагледжаныя.
А маладая сям’я галоўнага агранома Паўла Станеўскага нядаўна атрымала асабняк. Зараз даводзяць яго да ладу, каб усё было прыгожа і зручна.
Старшыня СВК імя Варанецкага Іосіф Колас і прафкам клапоцяцца пра людзей. Няхай і далей спадарожнічаюць працаўнікам гаспадаркі моцнае здароўе, дабрабыт, удача, новыя поспехі і здабыткі!
Урадлівай нівы, ураджаяў шчодрых
І паболей мяса, “экстрай”  малака!
Мы жадаем добрым, працавітым людзям,
Хай жывуць багата!
Шчасця ім, цяпла!

Мэта–развівацца
дынамічна, багацець
Заданне па тэмпу росту аб’ёмаў вытворчасці на 9% у гэтым годзе ў параўнанні з мінулым у СВК імя Варанецкага будзе выканана. Яшчэ адзін важнейшы паказчык развіцця – рэнтабельнасць продажу прадукцыі тут па выніках года перавыканаюць.
У моцнай гаспадарцы вырас аб’ём інвестыцый у асноўны капітал і на 1 кастрычніка склаў 7,7 мільярда рублёў, што з’яўляецца вельмі значнай лічбай.  Пабудавана 8 домікаў, будуюцца 2 вытворчыя жывёлагадоўчыя  памяшканні, набыта шмат новай тэхнікі, напрыклад,  плуг абаротны, трактар “МТЗ —  82”, кармаўборачны камбайн “Ягуар” і зернеўборачны айчынны  камбайн, культыватар, раскідальнік мінеральных угнаенняў, машына для ўнясення вадкіх угнаенняў, касілка – плюшчылка ратацыйная, 2 паўпрыцэпы і іншае.
За год спадзяюцца  давесці валавую вытворчасць малака да 6900 тон, свініны – 2360 тон, буйной рагатай жывёлы – 574 тон. За 9 месяцаў вышэйшым гатунакам  тут здадзена 45% малака і 46% — “экстрай”.  Надаецца вялікая ўвага якасці сыравіны.
За 9 месяцаў гэтага года ў параўнанні з такім жа перыядам мінулага года  выручка ўзрасла ў 1,7 раза.
У СВК імя Варанецкага робяць усё магчымае, каб вытворчасць дынамічна развівалася і людзі багацелі. Няхай збываюцца мары, а  флагман і далей дае добры прыклад іншым!

Ніна Наддэ



Теги:

1 комментарий по теме “СВК імя Варанецкага: «Культ» сучасных тэхналогій, сумленныя працаўнікі

  1. ну и клоунада пусть лутше к людям нормально относятся а то привыкли только пыль в глаза пускать

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *