На працягу двух дзён, 17 і 18 кастрычніка, на Бераставіччыне праходзілі здымкі мастацка-дакументальнага фільма пра наш раён з цыкла “Зямля беларуская” Агенцтвам тэлівізійнных навін (АТН) Беларускага тэлебачання .
Амаль тры гады таму аўтары гэтага маштабнага цыкла вырашылі аб’ехаць 118 раёнаў Беларусі і расказаць пра кожны з іх. У фільмах — гісторыя рэгіёна і людзей, якія жывуць у ім, адметныя мясцовыя краявіды, архітэктурныя помнікі і г.д.
Прыкладна два месяцы таму аўтар сцэнарыя і рэжысёр праекта ўжо прыязджалі ў гарпасёлак, цікавіліся мясцовымі легендамі і паданнямі, гістарычнымі фактамі, кансультаваліся ў метадыста РМЦ НТ па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны М.І.Пацэнкі. І вось чарга дайшла да нас. Дарэчы, у ролі гістарычных персанажаў зняліся мясцовыя жыхары — Андрэй Аруткін, Юрый Заяц, Андрэй Пашко, Алена Пастушок, Ганна Кавалевіч, Дзмітрый Зязюля, Віктар Ігнатовіч, Віталій Жданук, Анатоль Крэчка і іншыя. Тэлевізіёншчыкі здымалі сюжэты каля Верхаўлянскага свяцілішча, храмаў у Алекшыцах, Вялікай і Малой Бераставіцы, Гольнях, Макараўцах і інш.
Госці са сталіцы далі высокую адзнаку ўзроўню арганізацыі здымачнага працэсу, які забяспечылі работнікі аддзела культуры райвыканкама, а таксама творчым здольнасцям і акцёрскаму майстэрству некаторых удзельнікаў.
Выхад фільма пра Бераставіцкі раён на экраны тэлебачання плануецца ў сярэдзіне лістапада. Так што, паважаныя чытачы, уважліва сачыце за тэлеэфірам Першага канала! Праект “Зямля беларуская” трансліруецца па суботах у 17.45.
Святлана ГАНЧАРОВА