У Бераставіцы адкрыта новая зала для заняткаў вольнай барацьбою

Лента новостей

Значнай падзеяй у спартыўным жыцці раёна стала ўрачыстае адкрыццё новай залы для заняткаў вольнай барацьбою. Мерапрыемства адбылося ў суботу, 15 кастрычніка, у прысутнасці шматлікіх гасцей.

Былая глядзельная зала кінатэатра цяпер стала залай для заняткаў юных барцоў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама. Пасля праведзенага рамонту памяшканне проста не пазнаць: трэніровачная зала набыла сучасны выгляд, тут прадугледжаны пакой для пераапранання, душавая, санвузел.
— Цяпер для нашых юных спартсменаў, дасягненні якіх вядомы далёка за межамі раёна, створаны належныя ўмовы для трэніровак,— падкрэсліў старшыня райвыканкама А.С.Кулісевіч, звяртаючыся на адкрыцці залы да прысутных гасцей. А выхаванцам і трэнерам пажадаў новых перамог не толькі на раённых, абласных спаборніцтвах, але і на Алімпійскіх гульнях.
Галоўны спецыяліст вучэбна-спартыўнага аддзела ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама Г.І.Юцэвіч выказаў падзяку кіраўніцтву раёна за разуменне і садзеянне ў адкрыцці залы. Ён нагадаў, што за апошнія восем гадоў бераставіцкія спартсмены паказваюць дастойныя вынікі на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. Так, член Нацыянальнай зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па вольнай барацьбе Аляксандр Мотыль з’яўляецца кандыдатам для ўдзелу ў ХХХ Алімпійскіх летніх гульнях у Лондане, якія адбудуцца ў 2012 годзе. Ён, дарэчы, стаў сёлета чэмпіёнам краіны ў гэтым відзе спорту. На чэмпіянаце Еўропы сярод кадэтаў серабро і бронзу заваявалі Крысціна Цан і Андрэй Карпач, Наталля Маслоўская на чэмпіянаце Еўропы сярод моладзі стала пятай.
Дзеля далейшага ўдасканалення спартыўнага майстэрства навучэнцаў і належнага вядзення вучэбна-трэніровачнага працэсу Генадзь Іосіфавіч перадаў ад упраўлення падарункі—спартыўныя касцюмы і трыко, футбольныя мячы. Неўзабаве тут з’явіцца і новы барцоўскі дыван.
Пажаданні спартыўных перамог на самых высокіх узроўнях выказвалі юным выхаванцам ДЮСШ і іншыя госці—трэнеры вобласці, спонсары. Дарэчы, дзякуючы людзям, неабыякавым да развіцця вольнай барацьбы ў раёне, многія паездкі, многія прызы для дзяцей сталі рэальнымі, з іх падтрымкай у школе ажыццяўляецца арганізацыйная і гаспадарчая дзейнасць. Гэта намеснік старшыні райвыканкама С.Я.Чыкун і старшыні сельгаскааператываў раёна, а таксама С.А.Кудлаш, Ю.І.Пятручак, А.В.Нікан, І.М.Жывулька, В.Р.Глякоўскі, К.К.Кулікоўскі, В.К.Кулікоўскі, Ю.Ю.Ядкоўскі, С.Я.Болбат, П.Б.Палтарак, В.В.Жывель, С.С.Зэшут, В.А.Кулеш, У.П.Шых і А.С.Дзешка.
Спартыўнае свята прадоўжылася матчавай сустрэчай паміж Свіслацкім і Бераставіцкім раёнамі, якая завяршылася з лікам 6:4 на карысць нашых барцоў.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *