Сёння, калі ўся Беларусь рыхтуецца адзначыць 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка- фашысцкіх захопнікаў, успаміны людзей, якія ваявалі, жылі пад акупацыяй ворага, асабліва каштоўныя і вартыя таго, каб зноў вярнуцца да іх. Шмат аповедаў пра жыццё ў час ваеннага ліхалецця чула я ад сваячкі Ніны Іванаўны Карытца, якой, на жаль, няма ўжо сярод нас. Ніна Іванаўна – дзіця вайны. Родам яна была з вёскі Трацякі. Такой запомнілася дзяўчынцы фашысцкая акупацыя, якая адабрала ў яе, як і ва ўсіх яе аднагодкаў, шчаслівае дзяцінства.
***
– Да вайны ў нашых Трацяках жылі дзве настаўніцы. Дзяўчыны былі прыезджыя, абедзве прыгожыя і вясёлыя. Вяскоўцы ласкава называлі іх Люсяй і Жэнькай. Люся выйшла замуж за хлопца Косцю, які быў ваенным і служыў недзе непадалёку. Не ведаю дзе, але кожную суботу ён прыязджаў у Трацякі да маладой жонкі. Дзяўчаты вялі ў нашай пачатковай школе па два класы кожная. У чэрвені 41-га яны збіраліся ў водпуск. Але Косця, казалі, параіў сваёй жонцы так: “Няхай цяпер у адпачынак ідзе Жэня, а мы з табой у ліпені паедзем дамоў – мне тады дадуць водпуск”. Так яны і рашылі. У той час у Косці і Люсі была ўжо маленькая дачушка Сонечка. А 22 чэрвеня пачалася вайна. Косця больш ніколі не прыехаў у Трацякі. Як стала вядома потым, ён загінуў. Люся ж – а яна па нацыянальнасці была яўрэйкай – баялася, што немцы заб’юць яе і дачушку і ўсё плакала. З Вялікай Бераставіцы тады прыходзілі жудасныя весткі, што яўрэяў сабралі ў гета і будуць знішчаць. Уся вёска спачувала Люсі. Ісці ёй не было куды: усюды немцы.
– Будзем ратаваць настаўніцу, – рашылі людзі.– Яна нам дабро рабіла, вучыла нашых дзяцей. Няўжо аддамо яе немцам?
Усе тры гады Люся і яе Сонечка жылі па чарзе ў сем’ях вяскоўцаў. Іх кармілі, хавалі ад немцаў: як толькі яны з’явяцца ў вёсцы, маладзіцу з дзіцём хаваюць у якім-небудзь пограбе. Вёска наша вялікая, і ні стараста, ні хто іншы з вяскоўцаў не выдалі настаўніцу. Успамінаючы пра тое ўсякі раз, ганаруся сваімі землякамі. Бо не маглі яны, вядома, не ведаць, што за ўтойванне чалавека яўрэйскай нацыянальнасці ўсю вёску чакала расправа.
… Пасля вызвалення раёна Люся адразу зноў стала вучыць дзяцей. Выпусціла свае класы і тады паехала з дачкой да сябе дамоў. Але не забылася пра людскую дабрыню. Праз нейкі час зноў прыязджала ў Трацякі, каб яшчэ раз падзякаваць усім. Помню, як мае бацькі з радасцю казалі “Люся прыехала!” і спяшаліся сустрэцца з ёю. Сувязі з Трацякамі настаўніца не траціла і потым. Яе запрашалі на святы, вяселлі. Я ўжо была замужам і помню, як на адным вяселлі Люся паднялася, пакланілася людзям і сказала: ”Дзякуй усім вам, што ўратавалі мяне і маю Соню”. І заказала гарманісту сыграць для ўсіх “Добры дзень”. Усе вясельнікі падняліся, многія пры гэтым выціралі слёзы.
***
На фронце загінула з Трацякоў дзесяць чалавек. Шасцярых хлопцаў якраз перад вайною ўзялі служыць у войска, і дамоў яны не вярнуліся. Гэта два Іваны Гарбачыкі, браты Іван і Сямён Марцішкі, Міця Марэцкі і Аляксандр Марцішка. А ў 44-м у нас забралі на фронт амаль усіх мужчын. Ваявалі яны ў Прусіі, і чатыры чалавекі там загінулі. Гэта брат майго таткі Павел Пракопчык, Канстанцін Марцішка, Міхась Пракопчык і Іван Навумовіч.
Яшчэ дваіх мужчын немцы забралі з вёскі хіба што ў 41-м ці ў 42-м годзе. Я помню, як гэта было. Моцна спалоханая і белая як мел, прыбегла на поле за вёскай, дзе ўсе выбіралі бульбу. Спачатку татка з мамай і не разабраліся, пра што кажу ім. А я ўсё тлумачыла, што непадалёку ад нашай хаты стаіць нямецкая машына. І што немцы з аўтаматамі запынілі дзядзькаў Сямёна Гарбачыка і Сцяпана Пракопчыка, якія везлі возам бульбу, звязалі ім рукі. Потым абодвух прымусілі лезці ў кузаў. Самым страшным для мяне, малой, было тое, што ў кузаве вялізны сабака і ён нападзе на дзядзькаў. Але, на маё вялікае здзіўленне, сабака нават не гаўкнуў, і я старалася расказаць пра гэта бацькам. А яшчэ я расказала, што немцы грукалі ў дзверы да бабы Ганулі, але яе не было ў хаце.
Татка адразу ўсё зразумеў. І нешта сказаў сыну бабы Ганулі, Паўлюку, які выбіраў бульбу непадалёку і ўжо клаў мяшкі на воз. Запомнілася толькі, як татка крыкнуў яму:
– Цяпер дахаты лепей не едзь!
Пазней я даведалася, што мой татка пры панскай Польшчы быў падпольшчыкам, сядзеў за гэта ў турме. А немцы з такімі людзьмі распраўляліся жорстка. Татку пашанцавала пазбегнуць гэтага. За што пацярпелі дзядзька Сямён і дзядзька Сцяпан, я не ведаю. Толькі дамоў яны не вярнуліся…
– Летам, калі ішоў трэці год вайны, пачалі даходзіць чуткі, што наша армія ўжо недалёка. Неяк я выбегла за вугал хаты і аслупянела: за блізкімі прысадамі стаяў вялізны нямецкі танк, а на ім сядзелі чатыры нямецкія салдаты і “шваргіталі” нешта па-свойму… Пабегла і сказала татку.
– Не бегай больш нікуды! – насварыўся ён. – У канцы вёскі стаяць яшчэ такія ж танкі “тыгры” і другая тэхніка.
А маме тлумачыў, што немцы ўжо ўцякаюць, але ці не каля нашых Трацякоў яны збіраюцца даць бой?
Людзі ў вёсцы, баючыся снарадаў, забілі дошкамі вокны. А самі хаваліся ў ямах для бульбы. Наша яма была вялікая, а татка яшчэ яе расшырыў. Помню, там нават вісела калыска для малога брата. Разам з намі ў яме хаваліся і суседзі.
Усе з трывогай прыслухоўваліся, ці пачаўся бой. Аднак татка, які раз-пораз выбіраўся на вуліцу, меркаваў, што планы немцаў змяніліся. Бо частка тэхнікі рушыла ў напрамку да Ярмолічаў і ракі Свіслач, а частка – на Жукевічы і адтуль, чуваць было па гуку, на Малую Бераставіцу. Адзін шырокі і нязграбны “тыгр” ехаў чамусьці праз нашу вёску. Такі грукат стаяў! Дарога ў нас была брукаваная, дык камяні ён быццам бараною выгараў.
***
…Мы, аднагодкі, заўсёды трымаліся разам, сваім вялікім гуртам. Для гуляў аблюбавалі тоўстыя бярвенні, якія не так даўно скінулі каля прысадаў немцы. Дарослыя меркавалі, што будуць рабіць пераправу цераз раку Свіслач. Але пад немцамі ўжо “гарэла” зямля: уцякалі, як маглі. І хутка ў Трацяках з’явіліся чатыры разведчыкі-чырвонаармейцы. Дык вось назаўтра пасля таго, як па вёсцы прагрукаў “тыгр”, мы падаліся ранкам да “сваіх” бярвенняў. Здзіўлена застылі: там сядзелі чатыры мужчыны ў ваеннай форме. Але не ў такой, якая была ў немцаў.
– Нашы! Нашы! – радасна закрычалі старэйшыя хлопчыкі і пабеглі да мужчын. Чамусьці ўсе мы, якія так страшна баяліся немцаў, не адчувалі ніякага страху і адразу пазналі, што гэта чырвонаармейцы. Тыя ўсміхнуліся нам і паклікалі да сябе.
Гэты момант я запомніла на ўсё жыццё. Сіняе неба, яркае сонца, і я ў дужых мужчынскіх руках узлятаю ўгору. Салдаты падкідвалі нас уверх па чарзе. Мы шчасліва смяяліся, а адзін з дзядзькаў чамусьці плакаў. Нам было гэта дзіўна, і мы расказалі пра тое сваім матулям. Мама, слухаючы мяне, чамусьці таксама пачала выціраць слёзы.
– У гэтых дзядзькаў, Ніначка, як і ў твайго таткі, у хаце засталіся, відаць, дзеці. Вось і ўспаміналі пра іх, гушкаючы вас на руках…
Жанчыны неслі салдатам у фартухах пачастункі – хто гарачую бульбачку, хто малако, а хто і тварог. Тыя ж частавалі нас, дзяцей, кавалачкамі цукру.
***
Так мы аказаліся вызваленымі нават без перастрэлкі. А вось далей, па рацэ Свіслач, грымелі баі. Татка казаў, што гінулі і фашысты, і нашы салдаты.
Потым яго разам з іншымі вясковымі мужчынамі забралі на вайну. Я не бачыла, як тата ад’язджаў на фронт. Мама ранкам сказала:
– Наш татка, Ніначка, таксама пайшоў ваяваць, – і заплакала. Выцірала слёзы і наша бабуля. А дзядуля стаў з той пары яшчэ больш маўклівым.
У хаце без таткі стала зусім маркотна. Дзядуля, мама і цётка Каця многа працавалі і восенню, і ўзімку. Цётка Каця – жонка татавага брата Паўла, які таксама пайшоў на вайну, і ў яе на руках засталося трое малых дзетак.
На дзядзьку хутка прыйшла пахаронка. Як жа плакала цётка Каця, як галасіла…
А ад нашага таткі напрыканцы зімы прыйшло пісьмо. Ды з якою радаснаю навіною! Паштальён прынёс тое пісьмо і аддаў бабулі, бо ні мамы, ні цёткі ў хаце якраз не было. Бабуля старая, я малая – ніводная з нас не ўмела чытаць. Суседка так-сяк разабралася ў напісаным і кажа:
– Ваш Іван піша, што ўжо хутка канец вайне. І ён вось-вось прыйдзе дахаты.
***
… Але ішоў час. Чужыя таткі прыходзілі з фронту, а нашага ўсё не было. Я з крыўдай паглядвала і на паштальёна, які прынёс тады такое радаснае пісьмо, і на суседку, што абнадзеіла, маўляў, чакайце, ваш Іван вось-вось прыйдзе.
Сястра і брат татку не памяталі, таму і не сумавалі. А я… Божачка, як жа я чакала яго!
…Той зімовы адліжны дзень помню да драбніц.
– Ніна, твой татка вярнуўся! – падышла да мяне школьная прыбіральшчыца цётка Рая Янчэўская. – Бачыла, як ішоў дахаты.
Не памятала, як уляцела ў хату. Там ужо сядзелі суседскія дзядзькі. Мяне душылі слёзы.
–Татка, татачка, родненькі…
Татка працягнуў да мяне рукі. У імгненне вока я праціснулася каля дзядзькаў і ўзабралася да яго на калені, моцна абняла за шыю…
Татка мой быў на вайне сувязістам і ўвесь час знаходзіўся на перадавой. Дабіваў ён фашыстаў яшчэ і пасля перамогі, а потым за мяжой даслужваў у войску. Пісьмы нам пісаў, толькі яны чамусьці да нас не даходзілі…
Марыя Драпеза