Час ляціць імкліва, і да свайго завяршэння набліжаецца чарговы навучальны год. І калі ў школьнікаў яшчэ ёсць трохі часу, каб памарыць аб тым, дзе і як яны правядуць летнія канікулы, то дарослыя ўжо цяпер вырашаюць, як зрабіць іх адпачынак карысным і цікавым.
Аб тым, якой плануецца летняя аздараўленчая кампанія 2019 года, я пацікавілася ў метадыста Бераставіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталлі Кудлаш.
— Наталля Міхайлаўна, раскажыце, як на Бераставіччыне ідзе падрыхтоўка да летняга аздараўленчага сезона?
— З улікам аналізу арганізацыі летняй аздараўленчай кампаніі мінулага года складзены перспектыўны графік аздараўлення дзяцей раёна ў летні перыяд 2019 года, які прадугледжвае раўнамерную працу дзіцячых аздараўленчых лагераў усіх тыпаў на працягу ўсяго летняга перыяду 2019 года. Ужо прынята рашэнне аблвыканкама і зацверджаны план аздараўлення школьнікаў па нашым раёне. У прыватнасці, за летні перыяд 2019 года запланавана аздаравіць 796 бераставіцкіх дзяцей, у тым ліку ў лагерах з кругласутачным знаходжаннем – 445, з дзённым знаходжаннем – 351.
— Дзе канкрэтна юныя бераставічане змогуць адпачыць гэтым летам?
— Летняя кампанія 2019 года традыцыйна будзе шматпрофільнай. На працягу ўсяго лета, з чэрвеня па жнівень, будуць працаваць дзіцячыя аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем на базе ўстаноў адукацыі раёна. 330 бераставіцкіх дзяцей будуць праходзіць аздараўленне ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Бераставіцкі”, 115 – у профільных лагерах. Гэтым летам на Бераставіччыне плануецца адкрыццё пяці профільных лагераў: “Юны пагранічнік” — на базе сярэдняй школы аг. Пагранічны, “Навука” — на базе Вялікабераставіцкай сярэдняй школы, “Краяведы” (Малабераставіцкая сярэдняя школа) і двух лагераў у маляўнічай мясцовасці. Такія лагеры будуць працаваць на базе Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы і Макараўскага ясляў-сада-сярэдняй школы. Дарэчы, у Макараўцах на першую змену ў лагер у маляўнічай мясцовасці заедуць адпачываць 20 дзяцей з горада Гродна. Акрамя таго, наш раён плануе прыняць на аздараўленне і 350 дзяцей з Гродзенскай вобласці, якія будуць адпачываць у дзіцячым аздараўленчым лагеры “Бераставіцкі”: плануецца адкрыццё пятай, 9-дзённай змены, для 120 дзяцей з горада Гродна. У час усіх іншых змен у “Бераставіцкім” таксама будуць адпачываць дзеці з іншых раёнаў Гродзенскай вобласці.
Таксама гэтым летам будуць працаваць 5 лагераў працы і адпачынку: на базе СШ аг. Пагранічны, Малабераставіцкай, Вялікаэйсмантаўскай, Алекшыцкай сярэдніх школ і Канюхоўскага ясляў-сада-сярэдняй школы. Лагеры гэтага тыпу прымуць 61 школьніка.
— Як ідуць работы па падрыхтоўцы дзіцячага аздараўленчага лагера “Бераставіцкі” да летняга перыяду?
— Ужо пачалася актыўная падрыхтоўка гэтага стацыянарнага лагера да аздараўленчага сезона па ўсіх напрамках. Праводзіцца шырокая рэкламная кампанія, створаны спецыяльны буклет аб лагеры, які накіраваны ў арганізацыі не толькі нашага раёна, але і вобласці, уся неабходная інфармацыя размешчана на сайце лагера. Зараз у “Бераставіцкім” актыўна вядуцца рамонтныя работы: дах сталовай заменены металапрофілем, праведзены бягучы рамонт складскіх памяшканняў, набыты праточны воданагравальнік у сталовую, пракладзены знешнія асфальтавыя дарожкі, вядуцца і іншыя работы, прычым, шмат з іх выканана гаспадарчым спосабам. Падрыхтаваны перспектыўны план добраўпарадкавання тэрыторыі, які прадугледжвае пасадку дрэваў і кветак. На сённяшні дзень на падрыхтоўку лагера ўжо засвоена 22 тысячы 500 рублёў, і работы працягваюцца. Ужо вырашаецца і пытанне з кадрамі, наладжана супрацоўніцтва з райкамам БРСМ па падрыхтоўцы педагагічных атрадаў, зроблены заяўкі ў навучальныя ўстановы.
Распрацоўваецца таксама план аздараўленча-выхаваўчых мерапрыемстваў, якія будуць праводзіцца ў лагеры, прадугледжаны там мерапрыемствы да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, да 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці, да Года малой радзімы, запланавана шырокая экскурсійная дзейнасць і шмат іншага.
Ірына МІКЛАШ