У крыжы – збаўленне. Вернікі Вялікай Бераставіцы прайшлі Крыжовай дарогай

Лента новостей Общество

Вялікі пост – найлепшы час, каб задумацца аб сэнсе  свайго жыцця, зразумець і прыняць усе выпрабаванні, якія сустракаюцца на нашай жыццёвай дарозе, звярнуцца думкамі да Таго, хто аддаў за нас сваё жыццё – да Хрыста, і крыжа, які стаў сімвалам нашага збаўлення. У сучасным свеце людзі ўсё часцей саромеюцца сваёй веры, саромеюцца Бога, саромеюцца крыжа. Вядома, лёгка быць хрысціянінам у храме ці за зачыненымі дзвярыма свайго дома, а вось даць сведчанне веры ў асяродку працы, на вуліцы ці іншым грамадскім месцы можа далёка не кожны.

У гэты Вялікі пост арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў увесь Касцёл на Беларусі даць сведчанне павагі да крыжа, які ў сучасным свеце зневажаецца і высмейваецца на кожным кроку, праз набажэнства Крыжовай дарогі.

Вядома, кожны ведае пра крыжовую смерць Хрыста, але  адно – ведаць, а зусім іншая справа – удзельнічаць у пакутным шляху Езуса на Галгофу, на свае вочы ўбачыць, няхай сабе і ў тэатралізаваным выкананні, усе мукі, якія давялося Яму выцерпець за грахі свету перш чым памерці на крыжы. І хоць з таго моманту прайшло ўжо больш за дзве тысячы гадоў, і сёння кожны з нас забівае ўсё новыя цвікі граху ў цела ўкрыжаванага Хрыста, зневажае Яго крыж.

14 красавіка, у Вербную нядзелю, вернікі парафіі Перамянення Пана па ўжо добрай традыцыі прайшлі Крыжовым шляхам вуліцамі Вялікай Бераставіцы, каб даць сведчанне сваёй веры і ў гэтым жалобным набажэнстве папрасіць прабачэння за кожны грэх святатацтва супраць Святога Крыжа, учынены на нашай зямлі ва ўсе часы.

Удзел у набажэнстве прынялі не толькі шматлікія жыхары гарадскога пасёлка,  але і святары і вернікі з суседніх парафій Бераставіцкага дэканата.

Сцэны мукі і смерці Хрыста былі інсцэніраваны на 14 прыпынках, якія далі магчымасць прысутным глыбей зразумець сэнс цярпення Езуса, якое Ён ахвяраваў за нашы грахі.

Узяўшы ў рукі крыжы,  вернікі разважалі не толькі над крыжам Хрыста, але і над уласнымі крыжамі, якімі з’яўляюцца штодзённыя праблемы, хваробы, над сэнсам жыцця і смерці, над узаемаадносінамі з іншымі людзьмі.

Дзякуючы прысутнасці святароў, кожны жадаючы падчас Крыжовага шляху мог прыняць сакрамэнт пакаяння.

На заканчэнне набажэнства ксёндз-дэкан а.Вальдэмар Слота падзякаваў усім, хто прыняў удзел у Крыжовай дарозе, і асабліва тым, хто рыхтаваў яе сцэны.

— Не забывайце, што крыж – гэта знак, які мы атрымалі на святым хросце, і гэты знак будзе стаяць на нашай магіле. Але мы верым, што гэта не будзе канец нашага жыцця.   Езус першы ўваскрос, і мы таксама ўваскрэснем для жыцця вечнага, калі  ў нашым штодзённым жыцці будзем  Яго прызнаваць і шанаваць святы знак збаўлення. Кожны хрысціянін пакліканы быць апосталам Хрыста, які нясе святло веры іншым людзям. Веры, якая не баіцца крыжа, не баіцца здзекаў, асуджэння, супрацьстаіць несправядлівасці і сведчыць пра тое, што адзінае наша выратаванне – у Езусе Хрысце і Яго бязмежнай любові.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *