«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне»

Лента новостей

Хутка мінулі дні летняга адпачынку дзяцей і моладзі. Распачаўся чарговы школьны і катэхетычны год.
Дарагія бацькі! Хрыстос перш за ўсё да вас кіруе свой заклік: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім; бо да такіх належыць валадарства Божае” (Мк 10,14). Таму што менавіта сям’я з’яўляецца першым і самым важным асяроддзем, у якім фарміруецца асабовасць дзіцяці. Бацькі – гэта першыя настаўнікі веры для сваіх дзяцей, іх выхаваўцы, а разам з тым – сведкі веры. Таму дазвольце звярнуцца да вас словамі Блаславёнага Яна Паўла ІІ: «Дарагія бацькі, вы добра ведаеце, як нялёгка ў сучасным свеце стварыць хрысціянскія ўмовы для выхавання дзяцей. Вы павінны рабіць усё, каб Бог быў прысутны і шанаваны ў вашых сем’ях. Не забывайце пра супольную штодзённую малітву, асабліва вечаровую; пра святкаванне нядзелі і ўдзел у нядзельнай св. Імшы. Вы з’яўляецеся для сваіх дзяцей першымі настаўнікамі малітвы і хрысціянскіх цнотаў, і ніхто не можа замяніць вас у гэтым. Захоўвайце рэлігійныя звычаі і дбайце пра хрысціянскія традыцыі, вучыце сваіх дзяцей павазе да кожнага чалавека. Няхай вашым самым вялікім імкненнем стане выхаванне маладога пакалення ў еднасці з Хрыстом і Касцёлам. Толькі так вы захаваеце вернасць вашаму бацькоўскаму пакліканню і духоўным патрэбам вашых дзяцей».
Ідучы за навучаннем Блаславёнага Яна Паўла ІІ, прашу вас, каб вашы дзеці сістэматычна ўдзельнічалі ва ўроках рэлігіі ў кожным класе, і не толькі падчас падрыхтоўкі да Першай Святой Камуніі, але ажно да часу заканчэння навучання ў сярэдняй школе. Ніякія абставіны не могуць вызваліць вас ад гэтага абавязку, за які вы адпавядаеце ў сумленні перад Богам.
Дарагая моладзь! Заставайся вернай ідэалам Евангелля! Фарміруй на ўроках рэлігіі сваю асабовасць і чалавечнасць. Умілаваны вамі Блаславёны Ян Павел ІІ так горача заахвочваў вас да еднасці з Хрыстом: «Маладосць шукае ўзораў і прыкладаў. З дапамогай прыходзіць вам сам Езус, які прысвяціў усё сваё жыццё дзеля дабра іншых. Няхай ваша думка кіруецца да Хрыста, які вас любіць, які з’яўляецца вашым верным таварышам і які дапамагае пераадолець усе цяжкасці. Вы ведаеце, што вы – не самотныя, што побач з вамі Той, які ніколі не падводзіць. Хрыстос разумее самыя патаемныя імкненні вашага сэрца. Ён чакае вашай любові і вашага сведчання». З радасцю і энтузіязмам сістэматычна ўдзельнічайце ў катэхетычных занятках у вашай парафіі.
Дарагія дзеці! Вы – скарб для вашых любімых бацькоў, для нашага Касцёла і ўсёй краіны. Звяртаюся да вас з гарачай просьбай, каб вы яшчэ больш палюбілі навучанне рэлігіі, яшчэ больш старанна сёлета наведвалі ўрокі рэлігіі. Вы павінны шукаць і пазнаваць Бога ў вялікай працы. Таму бяжыце туды, дзе можна Яго знайсці. Можа, гэта будзе халодны касцёл або цёмная каплічка ці цесны пакоік у касцельным будынку. Няхай гэта не разахвочвае вас. Памятайце, што добры Бог любіць вас і прагне ісці з вамі ў школу, а таксама на ўрокі рэлігіі і праз усё ваша жыццё.
Напрыканцы звяртаюся да вас, Вялебныя Браты Святары. Навучанне давераных вам вернікаў – гэта ваша найважнейшае святарскае заданне і абавязак. Арганізуйце навучанне рэлігіі ў парафіі, у прыватных дамах і ў іншых даступных месцах. Супрацоўнічайце ў справе катэхізацыі з бацькамі, настаўнікамі, ордэнскімі сёстрамі і свецкімі катэхеткамі.
Заклікаю Маці Міласэрнасці да заступніцтва і аддаючы ў апеку святых ахоўнікаў нашай ды-яцэзіі і заступніцтву Блаславёнага Папы Яна Паўла ІІ бацькоў, настаўнікаў, душпастыраў і катэхетаў, а таксама дзяцей і моладзь нашай дыяцэзіі.
З пастырскага ліста біскупа Гродзенскай дыяцэзіі
Аляксандра Кашкевіча

Дарэчы, 7 верасня ў касцёле Перамянення Пана прайшло набажэнства на распачацце новага навучальнага і катэхетычнага года. У ходзе яго адбылося асвячэнне школьных прыладаў, дзённікаў, сшыткаў – усяго, чым карыстаюцца ў вучобе, а таксама ўдзелена благаслаўленне вучням, студэнтам і настаўнікам.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *