І модны аксэсуар, і арыгінальны падарунак

Лента новостей

Стагоддзямі вучоныя-філосафы біліся над азначэннем тэрміна прыгажосці. Яна заўсёды хвалявала і з’яўлялася крыніцай натхнення для паэтаў… Таму, мабыць, і нездарма ў 1995 годзе на Сусветным кангрэсе Міжнароднага камітэта эстэтыкі і касметалогіі было прынята рашэнне 9 верасня адзначаць Сусветны дзень прыгажосці.

Што ж, адных прырода надзяляе прыгажосцю, іншых жа — талентам ствараць прыгажосць сваімі рукамі. У Эліне Абасавай (на здымку) гэтыя дзве якасці ўдала спалучаюцца. Эліна жыве і вучыцца ў Мінску, але кожныя летнія канікулы наведваецца да бабулі Яўгеніі Аляксандраўны Кучынскай у Бераставіцу. У вольны ад заняткаў час яна рэалізуе сябе ў лепцы, але… лепцы незвычайнай: дзяўчына вырабляе самаробныя аксэсуары. Яе захапленню споўніўся ўжо амаль год. За гэты час яна вырабіла больш за сотню самых розных і непаўторных прадметаў. А пачалося ўсё… з выпадку: аднойчы дзяўчына напаткала сваю знаёмую, у якой і заўважыла дзіўныя завушніцы. “Тэхналогія” вырабу, як высветлілася, аказалася вельмі простай. Са спецыяльнай пластыкі (не пластыліну) вырабляецца фігурка, якая чапляецца на металічныя калечкі альбо штыфты, а потым усё гэта падвяргаецца тэрмаапрацоўцы ў звычайнай духавой шафе.
І паняслося! Свае вырабы Эліна нідзе не рэкламуе (акрамя, хіба што, у групе па інтарэсах у сацыяльнай сетцы “(ВКонтакте”), да таго ж нядрэнна дзейнічае і “сарафаннае радыё”: адна сяброўка расказала другой, тая перадала трэцяй і г.д. Эліна адзначае, што нават хлопцы і тыя неаднаразова цікавіліся рэчамі, зробленымі ёю. А што ж?! Чым ні падарунак для сястры або любімай дзяўчыны!
Звязваць сваё далейшае жыццё з лепкай Эліна пакуль не збіраецца, але мара выляпіць збан на ганчарным крузе пакуль стаіць у яе на першым месцы….
Прыгадваю, як падчас вучобы ва ўніверсітэце самаробныя аксэсуары з пластыку сталі і для мяне сапраўды карысным вынаходніцтвам: як вядома, студэнты — народ небагаты, а тут такія адносна танныя і якасна вырабленыя рэчы, ды яшчэ і па-свойму ўнікальныя. Як высветлілася, мода на пластыкавы “хэнд-мэйд” (ад англійскага слова hand made, што значыць ”выраблены ўручную”) ахапіла не толькі гро-дзенскіх, але і сталічных студэнтаў ды навучэнцаў каледжаў. Завушніцы ў форме марожанага альбо суніцаў, кулоны з абстрактнымі малюнкамі або з выявамі любімых акцёраў кіно, незвычайныя пярсцёнкі… Яркія ўпрыгожванні карыстаюцца поспехам: хтосьці вырабляе іх выключна для ўласнага карыстання, а хтосьці праяўляе прадпрымальніцкую жылку ды выстаўляе іх праз інтэрнэт на продаж.
Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *