6 верасня — дзень утварэння Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі

Лента новостей Общество

6 верасня Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі адзначае свой дзень нараджэння. Дзевяць гадоў таму ўтварылася гэта грамадскае аб’яднанне, і на працягу кароткага часу яно стала адной з найбольш масавых маладзёжных арганізацый рэспублікі. Аб тым, чым жыве сёння Бераставіцкая раённая арганізацыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, мы гутарым з першым сакратаром раённага камітэта БРСМ С.М.Ваўчок.

-Святлана Мікалаеўна, колькі моладзі аб’ядноўвае раённая арганізацыя БРСМ?
— Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі аб’ядноўвае ў сваіх радах неабыякавых людзей, тых, хто не збіраецца сядзець, склаўшы рукі, а сам гатовы прыкласці свае сілы, выкарыстаць свае здольнасці для таго, каб зрабіць цікавейшым, ярчэйшым, больш асэнсаваным сваё жыццё і жыццё сваіх аднагодкаў. Што датычыць нашай раённай арганізацыі, то па стану на першага верасня яна налічвае ў сваіх радах 1238 чалавек, аб’яднаных у 49 пярвічных арганізацый. Гэта складае 34% ад агульнай колькасці моладзі ва ўзросце ад 14 да 31 года, якая пражывае на тэрыторыі раёна. За восем месяцаў гэтага года арганізацыя папоўнілася на 168 новых членаў БРСМ.
-Якія галоўныя накірункі дзейнасці арганізацыі?
— Самая галоўная задача нашага саюза – аб’яднаць моладзь, накіраваць яе на карысныя справы.
У кожнага з нас ёсць ідэі, задумкі, творчыя планы. БРСМ дапаможа рэалізаваць іх разам са сваімі аднадумцамі. Кожны малады чалавек мае магчымасць быць пачутым, абмеркаваць пытанні, якія яго хвалююць, з іншымі зацікаўленымі людзьмі — аднагодкамі, прадстаўнікамі ўлады, старэйшага пакалення, даведацца, што ён можа зрабіць для рашэння існуючых праблем, а таксама атрымаць падтрымку сваіх будучых дзеянняў. БРСМ па-сапраўднаму адзіны маладзёжны саюз. Працуючы ў адной камандзе, мы выступаем не толькі як жыхары свайго раёна, пасёлка, вёскі ці навучэнцы сваёй школы, але і як прадстаўнікі ўсёй беларускай моладзі.
Прыярытэтны накірунак работы нашага саюза моладзі – патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Актывісты БРСМ займаюцца добраўпарадкаваннем месцаў воінскіх пахаванняў і помнікаў, аказваюць шэфскую дапамогу ветэранам, інвалідам і састарэлым грамадзянам, праводзяць шэраг мерапрыемстваў па выхаванню ў маладых людзей грамадзянскасці, павагі да гісторыі і культуры свайго народа.
Не застаюцца па-за ўвагай маладзёжнай арганізацыі пытанні прафілактыкі правапарушэнняў, фарміравання здаровага ладу жыцця ў асяроддзі маладых людзей, другасная занятасць школьнікаў і студэнтаў у час летніх канікул, арга-нізацыя вольнага часу. Шырокае развіццё ў апошні час атрымаў валанцёрскі рух БРСМ “Добрае сэрца”.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца рабоце з сельскай моладдзю, павышэнню прафесійнага майстэрства маладых працаўнікоў сельскай гаспадаркі,а таксама развіццю творчых здольнасцей адоранай моладзі.
Я лічу, што кожны малады чалавек у нашай арганізацыі зможа знайсці сабе занятак па душы і разам са сваімі аднадумцамі дабіцца значна большага, чым кожны зрабіў бы гэта паасобку.
-Як актывісты БРСМ будуць адзначаць дзень нараджэння сваёй арганізацыі?
— Да дня ўтварэння БРСМ прымеркавана маладзёжная працоўная акцыя “Маладосць. Традыцыі. Будучыня”, дакладней, яе другі этап, які прадугледжвае правядзенне ў пярвічных арганізацыях працоўных дэсантаў, а заробленыя падчас іх сродкі будуць накіраваны на будаўніцтва новага будынка дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, акцыя “У саюз з сябрамі” дасць магчымасць шырэй прадставіць нашу арганізацыю і будзе садзейнічаць актыўнаму прыцягненню моладзі да дзейнасці ў БРСМ. Таксама ў верасні традыцыйна праходзіць месячнік дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў “Будучыня за моладдзю”.
— Арганізацыя – гэта, у першую чаргу, актывісты, якія дапамагаюць рэалізаваць усе планы і праекты. Каго хацелася б адзначыць са святочнай нагоды?
— Хачу падзякаваць усім, хто прымае актыўны ўдзел у дзейнасці раённай арганізацыі. Вядома, усіх не пералічыш, але словы асаблівай падзякі за працу хачу выказаць сакратарам пярвічных арганізацый Таццяне Дудко (Алекшыцкая СШ), Вользе Хілюта (Паплаўскі дзіцячы сад –БШ), Вользе Гардзейка (ЦБУ №401 філіяла №400 АСБ “Беларусбанк”), Валерыю Нікіціку (РЭС), Яўгену Шапавалаву (РА па НС), педагогу-арганізатару Вялікаэйсмантаўскай СШ Г.З.Курстак, класнаму кіраўніку Кватарскага дзіцячага сада-БШ Т.І.Сідаркевіч, актывістам БРСМ Вялікабераставіцкай СШ Лізе Дубіцкай і Ілоне Карвацкай.
Жадаю ўсім аптымізму, моладзевага запалу, кахання і рамантыкі, а таксама цікавых і запамінальных спраў на карысць як сваіх равеснікаў, так і дзяржавы ў цэлым.
Гутарыла Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *