У ліпені-жніўні прайшлі справаздачы і выбары ў раённай арганізацыі ГА “БелТІ”. Пра гэта мы ўжо часткова расказвалі на старонках газеты, у інтэрв’ю са старшынёй арганізацыі Л.А.Дудар. А сёння завяршаем тую размову: Ларыса Аляксандраўна дзеліцца ўражаннямі ад сходаў у Малабераставіцкім, Пархімаўскім і Бераставіцкім сельскіх Саветах, г.п. Вялікая Бераставіца і ў цэлым падагульняе справаздачна-выбарчую кампанію.
— Мне яшчэ раз прыемна падкрэсліць, з якім разуменнем аднесліся на месцах да арганізацыі сходаў, як дастойна аформілі іх правядзенне, — кажа старшыня. – Размова вялася ўсюды дзелавая, канкрэтная. Пра тое, чым жывуць “пярвічкі”, які клопат праяўляецца аб інвалідах. А таксама аб праблемах, што хвалююць сёння гэтых людзей. Да прыкладу, гаварылася пра матэрыяльную і гуманітарную дапамогу, забяспячэнне сродкамі рэабілітацыі. Пра спартыўныя спаборніцтвы і паездкі, якія арганізоўваліся для інвалідаў – літаральна нядаўна, да прыкладу, многія пабывалі ў Жыровічах. У Пархімаўцах прысутныя з задавальненнем зазначалі, што пра іх не забываюцца не толькі на Дзень інвалідаў – абавязкова ўручаюць прадуктовыя пакеты – але і ў паўсядзённым жыцці. І ў “Малабераставіцкім элітгасе” людзі з абмежаванымі магчымасцямі таксама заўсёды могуць разлічваць на дапамогу мясцовага сельгаскааператыва…
— Ларыса Аляксандраўна, мінулае інтэрв’ю мы цалкам прысвяцілі пытанням, што ўздымаліся на сходах. Ці мелі месца яны падчас гэтых сустрэч?
— Мелі. І пытанні, і просьбы, бо жыццё ёсць жыццё, яно кожны дзень ставіць праблемы. Напрыклад, жыхары Кулёў прасілі патурбавацца пра ўстаноўку каля іх вёскі знака абмежавання хуткасці. Са старшынёй сельсавета В.К.Дзікевіч мы звярнуліся да начальніка аддзела ДАІ Я.С.Леановіча і спадзяёмся, што пытанне будзе вырашана. Былі таксама іншыя просьбы. Інвалід з Галынкі хацеў бы, каб дровы яму завозіліся парубанымі драбней. І яшчэ зазначыў, што падчас, на яго думку, колькасць іх не адпавядае тым кубаметрам, за якія заплачана.
У райпалівазбыце патлумачылі, што выпісваюцца дровы не ў кубаметрах, а ў складаметрах. Адзін жа складаметр раўняецца 0,7 кубаметра. Што датычыцца памеру дроў, то іх рубае машына па пэўных стандартах. І ўвогуле, калі ўзнікаюць нейкія пытанні, дырэктар райпалівазбыту В.Ч.Заміроўскі просіць тэлефанаваць непасрэдна яму па тэлефоне 2 – 10 – 89 або па тэлефонах спецыялістаў 2 – 11 – 89 ці 2 – 24 – 89. Любое пытанне будзе высветлена.
— Былі і іншыя просьбы ў інвалідаў – сяльчан – адрамантаваць агароджу, комін… Усе яны ўлічаны і будуць, несумненна, сіламі мясцовых сельгаскааператываў выкананы.
— Кампанія была справаздачна – выбарчай. Дык ці перавыбраны дзе старшыня “пярвічкі”?
— Так, у Пархімаўцах. Просьба ранейшага старшыні там задаволена – ён пакінуў пасаду па стану здароўя. А старшынёй мясцовай “пярвічкі” абраны А.А.Курыла. Новы старшыня і яго намеснік ў пярвічнай арганізацыі Алекшыцкага сельсавета: гэта А.А.Прылуцкі і Я.В.Дзямбіцкая. А таксама намеснікамі старшынь “пярвічак” цяпер сталі: Н.С.Андрушэвіч у Пагранічным сельсавеце, Т.А.Грыгенч у Канюхоўскім і К.М.Галавач у Малабераставіцкім.
На здымку: удзельнікі сходу пярвічнай арганізацыі інвалідаў г.п. Вялікая Бераставіца.
Гутарыла
Марыя ДРАПЕЗА