Калі я ўпершыню ўбачыла гераіню сваёй публікацыі Вольгу Герасюк, у мяне адразу ўзнікла асацыяцыя з вясной. Прыгожая дзяўчына з яскравай, прамяністай усмешкай, доўгімі белакурымі валасамі, блакітнымі вачыма і з такім упэўненым поглядам, які адразу прыцягнуў маю ўвагу.
Далей гутару з дзяўчынай, і разумею – я не памылілася, ад кожнага яе слова сапраўды зыходзіць цеплыня і пяшчота, нібыта ад першага вясенняга сонейка.
– Памятаю сябе яшчэ дзяўчынкай-першакласніцай, калі ўпершыню ў сваім жыцці пераступіла парог школы, села за першую парту і чакала нечага незвычайна цікавага, – успамінае Вольга. – А яшчэ памятаю добразычлівую, спакойную і неверагодна шчырую сваю першую настаўніцу Святлану Іосіфаўну Буцько, гледзячы на якую мара стаць настаўніцай з першых школьных дзён пасялілася ў маім сэрцы.
Як вядома, калі вельмі пастарацца – мары абавязкова здзяйсняюцца. І вось, 1 верасня 2012 года дзверы Малабераставіцкай сярэдняй школы адчыніліся для маладога спецыяліста, настаўніцы Вольгі Герасюк.
– Перадаць эмоцыі, якія мяне тады напаўнялі, цяжка, адзінае памятаю – мне зусім не было страшна – я ведала куды прыйшла і што мяне чакае. Калектыў адразу хораша прыняў, ды і дзеці не крыўдзілі, – з усмешкай успамінае мая субяседніца. – Так і не заўважыла, як стала настаўніцай.
З таго моманту і пачаўся яе працоўны шлях педагога.
Сёння Вольга Вячаславаўна педагог-арганізатар, настаўніца музыкі, выкладчык харэаграфіі для дзяцей, а таксама сакратар ПА ГА “БРСМ” Малабераставіцкай сярэдняй школы.
Вольга штовечар наведвае секцыю па валейболе, разам з камандай прымае ўдзел у раённых, абласных спаборніцтвах. Яна з’яўляецца таксама актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці, арганізаванай на базе філіяла па КДД аграгарадка Малая Бераставіца.
Вольга акрамя ўсяго – шасцікурсніца завочнага аддзялення Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта па спецыяльнасці інжынер-тэхнолаг.
І хоць, як адзначае сама дзяўчына, у яе руках зусім скора апынецца дыплом “тэхнара”, настаўніцкую дзейнасць яна, пакуль што, пакідаць не збіраецца.
Нездарма фотаздымак Вольгі Герасюк за яе высокія дасягненні ў працы і актыўнае грамадскае жыццё знаходзіцца на раённай Дошцы гонару.
– Галоўнае, гэта займацца справай, якая прыносіць табе радасць і задавальненне, – разважае мая субяседніца. – Штодня я іду на сваю працу з жаданнем, з новымі ідэямі, з натхненнем. Не буду хлусіць, часам вяртаюся дадому зусім без сіл, але гэта таго варта, асабліва, калі ты бачыш шчаслівыя ўсмешкі дзяцей і чуеш словы ўдзячнасці ад іх бацькоў.
Тое, што да Вольгі Вячаславаўны дзеці цягнуцца і любяць яе, я заўважыла з першай хвіліны знаходжання ў школе, калі малеча раз-пораз падбягала да маладой настаўніцы, імкнучыся яе прыабняць ці нешта шапнуць на вуха.
І гэта нядзіўна, бо нягледзячы на малады ўзрост, на не зусім вялікі настаўніцкі стаж, Вольга Герасюк – таленавіты педагог, які валодае дзіўным спакоем, любоўю да дзяцей, да сваёй справы, і запальвае ў дзіцячых сэрцах агонь любові да прыгожага і да вучобы.
Сама Вольга Вячаславаўна лічыць, што галоўнае ў дачыненні настаўніка да вучня – гэта старацца быць прыкладам для яго і заўсёды вучыцца самому.
“Спазнаваць новае, не стаяць на месцы, заўсёды дабівацца сваіх мэтаў” – галоўныя жыццёвыя запаветы маёй гераіні. Магчыма, на гэтым і трымаецца яе поспех.
Анжаліка Дудко