“З маленькага зярнятка пачынаецца моц дзяржавы…”

Лента новостей

Светлае і радаснае свята – Дажынкі — прайшло 20 жніўня ў г.п. В.Бераставіца. Людзі сустрэлі апладысментамі пераможцаў жніва 2011 года, якія папрацавалі, не шкадуючы сваіх сіл, і зрабілі ўсё для таго, каб свежы хлеб з новага каравая апынуўся на нашым стале. Пачэсныя госці – генеральны дырэктар ААТ “Малочны Мір” Іосіф Шышко, генеральны дырэктар РУП “Гроднаэнерга” Уладзімір Шатэрнік, заслужаныя работнікі сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь – Іван Захарчук і Мікалай Зданчук аказалі гонар хлебаробам, аддаўшы ім шчырую даніну павагі.
— З маленькага хлебнага зярнятка пачынаецца моц і сіла дзяржавы. Ад паху свежага хлеба робіцца цёпла на душы. У агульным ураджайным куфэрку ўсёй краіны ёсць і важкі ўклад нашых землякоў, — такія прачуленыя словы гучалі са сцэны летняга амфітэатра ў г. п. В.Бераставіца.
Затым ушаноўвалі герояў жніва 2011 года ў класе камбайнаў “Ліда — 1300”, “Дон — 1500”, “КЗС — 7”. “Бізон”, “ТС — 59”. Іх праца таксама была нялёгкай. Пераможцам стаў і заняў першае месца экіпаж камбайна СВК “Макараўцы” Андрэя і Юзэфа Панасюкоў, другое – камбайнер Юрый Багдзей з СВП “АграМір”, трэцяе — Віктар Лапіч і Аляксей Новік з СВК “Цецяроўка”. Іх уклад адзначаны Ганаровай граматай Бераставіцкага райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовай прэміяй.
Чакалі заслужаныя ўзнагароды і тых, каго мы сёння з гонарам называем сапраўднымі спецыялістамі сваёй справы, людзей, якія любяць сваю працу, сваю дзяржаву, якія прысвяцілі працоўную дзейнасць сельскай гаспадарцы. Лепшым аграномам 2011 года стаў Павел Станеўскі з СВК імя Варанецкага. Яго добрасумленнасць і стараннасць была адзначана Ганаровай граматай Береставіцкага райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК, а таксама грашовай прэміяй. Лепшым інжынерам 2011 года прызнаны Аляксандр Масько з РУСП “Масаляны”, лепшым намеснікам кіраўніка па ідэалагічнай рабоце – Уладзімір Вайцюк з РУСП “Масаляны”, лепшым загадчыкам участка — Леанід Ротбарт з СВК імя Варанецкага (аналагічныя ўзнагароды).
Шчырую даніну павагі аддалі ўсім, хто прымаў актыўны ўдзел ва ўборцы. Лепшым вадзіцелем стаў Васіль Легашчоў з СВК імя Варанецкага. Яго чакала Ганаровая грамата райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовая прэмія. Такія ж узнагароды атрымалі звеннявы звяна па сціртаванні саломы Міхаіл Рудэнка з СВК “Цецяроўка”, звеннявы звяна па дапрацоўцы зерня Станіслаў Эйсмант з СВК імя Варанецкага.
У важкі раённы каравай унеслі неабходны ўклад спецыялісты гаспадарак раёна, спецыялісты упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Ганаровай граматай Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў і Бераставіцкага райвыканкама за шматгадовую і плённую працу, вялікі асабісты ўклад у арганізацыю паспяховага забеспячэння ўборкі збожжавых і зернебабовых у 2011годзе былі ўзнагароджаны галоўны інжынер СВК імя Варанецкага Генадзь Аксаміт, галоўны аграном РУСП “Масаляны” Сяргей Калеснік, вядучы інжынер па электрафікацыі аграфірмы “Стары Дворац” Леанід Крывапляс, першы намеснік старшыні СВК “Алекшыцы” Мікалай Прымачэнка, галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віктар Столік, вядучы аграном – насеннявод СВК “Цецяроўка” Аляксей Ціханаў, загадчык участка СВК “Макараўцы” Віктар Шмыга, галоўны інжынер СВК “Малабераставіцкі элітгас” Мікалай Шчарбінін.
Падзячным пісьмом Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў агра-прамысловага комплексу ўзнагародзілі намесніка старшыні СВК “Алекшыцы” па ідэалагічнай рабоце і старшыню прафсаюзнага камітэта Ганну Міхаленка.
Была аб’яўлена падзяка Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК галоўнаму спецыялісту аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Алене Качук, а таксама механізатару СВК “Малабераставіцкі элітгас” Аляксандру Савоську.
Кожная гаспадарка раёна ганарыцца сваімі людзьмі. Бо менавіта дзякуючы іх працоўным намаганням дасягнуты добрыя паказчыкі. А лепшымі маладзёжнымі экіпажамі сёлетняга жніва сталі Аляксандр і Віктар Яўсейчыкі з СВК “Макараўцы”, Дзмітрый Кавальчук і Сяргей Гром з аграфірмы “Стары Дворац”, Дзмітрый і Міхаіл Кухарчыкі з СВК “Цецяроўка”.
Сярод маладых вадзіцеляў перамог Віктар Сазон з СВК “Пархімаўцы”. Яны былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі райкама ГА “БРСМ” і каштоўнымі падарункамі.
Словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый. Пад іх пільным вокам поле апрацоўвалася, засейвалася і ўбіраўся ураджай. Старшыні гаспадарак былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў і Бераставіцкага райвыканкама.
За вялікі асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны раёна, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў Ганаровай граматай Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў і райвыканакама быў узнагароджаны першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валерый Хелскі.
У сапраўднага селяніна-гаспадара паміж буднямі і святамі практычна няма амаль ніякага адрознення. У любы дзень зямля павінна быць апрацавана, сельгаскультуры – своечасова пасеяны, дагледжаны, убраны. Ад вынікаў, дасягнутых хлебаробамі, у першую чаргу, залежыць наша ўпэўненнасць у заўтрашнім дні. На свяце з самай шчырай павагай і цеплынёй была выказана глыбокая ўдзячнасць працаўнікам сельскай гаспадаркі за ўклад у развіццё раёна, за вернасць роднай зямлі і сялянскаму абавязку.
Напрыканцы ўшанавання перадавікоў, якое гарманічна суправаджалася віншаваннямі і музычнымі падарункамі, усіх запрасілі пачаставацца раённым караваем 2011 года.
— Наш каравай прынясе вам шчасце, моц, бадзёрасць, асалоду, — жадалі людзям самадзейныя артысты. — Гэта кавалачак працы кожнага гаспадара, кожнага хлебароба. Творчага вам уздыму, натхнення ў ажыццяўленні сваіх мар і задум, паспяховай працы на карысць сабе і сваёй сям’і. Нізкі вам паклон!
На славу пастараліся, каб адарыць людзей добрым настроем, рэжысёр свята Ангеліна Гуліна, мастацкі кіраўнік канцэрта Ганна Кавалевіч. Цудоўны канцэрт быў падрыхтаваны ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці раёна. І, шчыра кажучы, пасля раённага мерапрыемства ў мяне засталося маё асабістае ўражанне – гэта дотык і сардэчная сувязь з людзьмі нялёгкай сялянскай працы, дзякуючы якім у нас кожны дзень “хлеб і да хлеба” на стале, шчырая павага да іх.
На здымках: у час раённага свята ўраджаю.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *