Бераставіцкія вуліцы ў даваенны час

Из истории земли Берестовицкой Культура

Наўрад ці хто зможа сёння дакладна сказаць, колькі вуліц было да вайны ў Вялікай Бераставіцы і як яны ў той час называліся? Пры адсутнасці пад рукамі тагачаснага друкаванага плана мястэчка зрабіць гэта немагчыма, аднак афіцыйных архіўных матэрыялаў (у тым ліку картаў і планаў) адносна некалі невялікага цэнтра вясковай гміны было няшмат. А сёння ад таго часу нас аддзяляюць ужо больш за 70 гадоў.
Тым не менш, абапіраючыся нават на небагатыя архіўныя крыніцы і на тую інфармацыю, якую ўдалося атрымаць ад карэнных жыхароў пасёлка сталага ўзросту, зраблю спробу хаця б часткова адказаць на дадзенае пытанне.
Нагадаю, што ў так званы міжваенны перыяд (20-30 гады ХХ ст.) Вялікая Бераставіца была ў складзе Польшчы і з’яўлялася цэнтрам вясковай гміны (гміна – адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, нешта накшталт сённяшняга сельсавета). У канцы 30-х гадоў, перад самай вайной, у мястэчку пражывала па некаторых звестках прыблізна 2000 чалавек. З іх палякаў – каля 600, яўрэяў – 750, астатнія – беларусы. Вялікая Бераставіца падзялялася жыхарамі на дзве часткі. Адна з іх з плошчай у цэнтры – гэта непасрэдна само мястэчка. Тут пражывала пераважная большасць насельніцтва. Другая частка населенага пункта знаходзілася за рэчкай Бераставічанкай і возерам (у бок Гродна). Тут размяшчаліся графскі маёнтак з паркам, новы касцёл, пабудаваны Касакоўскімі, касцельная плябанія, нешматлікія жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы, сады і агароды. Дарэчы, кавалак зямлі за касцёлам, які знаходзіцца паміж сённяшнімі вуліцамі Заслонава і Міхайліна і цягнецца да так званай “альшыны”, амаль да самай аб’яздной дарогі, у даваенны час належаў касцёлу і называўся ў народзе “ксяндзоўшчына”, у той час, як ворныя землі паміж дарогамі на Хмеліска і Плюскалаўцы называлі “папоўшчынай”, бо яны былі ў распараджэнні бераставіцкай царквы. Вялізны абшар зямлі ад сучасных вуліц Міхайліна і Матросава аж да Хмеліска і Белага Дворка і паміж ляснымі масівамі Ракітнева (Старынскі лес) і Пеляжын (Паляжыно) быў уласнасцю графоў Касакоўскіх. Людзі называлі гэтыя землі “панскім полем”.
З майго пункта гледжання, даваенная Бераставіца налічвала дзесьці каля 15-20 вуліц і завулкаў. Паспрабую агучыць тую інфармацыю, якая мне вядома, і выказаць некаторыя свае меркаванні па гэтым пытанні.
1. Плошча ў цэнтры мястэчка называлася Рынкам. Па адным з бакоў яе праходзіла вуліца Рынкавая. Адрасы дамоў абазначаліся так: вул. Рынкавая, дом № 1, альбо яшчэ прасцей – Рынак, дом № 1. Ад Рынкавай плошчы ў розныя бакі разыходзіліся іншыя ву-ліцы.
2. Хадкевічоўская (частка цяперашняй вуліцы Дзяржынскага). Названа яна была ў гонар легендарнага гетмана Яна Караля Хадкевіча (таксама не выключана, што ў гонар прадстаўнікоў усяго роду Хадкевічаў, цесна звязанага з гісторыяй Бераставіцы). Пачыналася яна ад Рынку.
3. Свентаяньская (Святога Яна). Мяркую, што гэта быў кароткі кавалак сённяшняй вуліцы Чырвонаармейскай ад Рынку (плошчы Леніна) да развілкі з вуліцай Партызанскай. Свентаяньская вуліца хутчэй нагадвала прадаўгаватую плошчу. Яна была шырокай, а пасярэдзіне, бліжэй развілкі, у тыя часы тут стаяла фігура (каплічка) Святога Яна Непамуцэна (Непамука).
4. Ваўкавыская (вул. Чырвонаармейская). Цягнулася ад Свентаяньскай вуліцы ў накірунку шашы на Бераставічаны, мястэчка Шыдлавічы і павятовы горад Ваўкавыск.
5. Свіслацкая (вул. Партызанская). Ішла ад Свентаяньскай вуліцы да шашы ў бок мястэчка Свіслач праз Мянькі. Цяпер у гэтым месцы пры выхадзе з пасёлка шашы ўжо няма.
6. Прабашчоўская (ад слова “пробашч”, што азначае ў перакладзе з польскага парафіяльны святар, ксёндз). Верагодна, што так называлася некалі сённяшняя вуліца Чкалава. Увогуле, увесь раён драўлянай забудовы вакол вул. Чкалава паводле ўспамінаў мясцовых старажылаў да вайны называлі “Прабоства”. Людзі тады казалі:”Прыйшоў з Прабоства” альбо “Быў на Прабостве” і г.д..
7. Беластоцкая (Савецкая). Выходзіла на беластоцкую дарогу. Тут адразу ўзнікае пытанне адносна далейшага маршруту гэтай вуліцы. Магчыма, што ён цалкам супадаў з сённяшняй Савецкай вуліцай (у бок Івашкаўцаў-пасёлка Пагранічны-Беластока). Аднак не выключана таксама і тое, што Беластоцкая далей пераходзіла ў цяперашнюю вул.1-га Мая і пралягала паміж хрысціянскімі могілкамі (праваслаўнымі і каталіцкімі) да шашы Шаляпкі-Галынка-Беласток.
8. Школьная (Камсамольская). У канцы вуліцы бліжэй да права-слаўных могілак знаходзілася некалі бераставіцкая польская пачатковая школа, якая згарэла ў 1937 годзе. Прычыны пажару так і не былі высветлены. На вуліцы таксама знаходзілася праўленне Вялікабераставіцкай гміны і Свята-Мікалаеўская царква.
9. Дольная (Кастрычніцкая). Ляжала ніжэй адносна іншых вуліц і галоўнай плошчы мястэчка, бліжэй рэчкі Бераставічанкі. Не цяжка здагадацца, што адсюль і паходзіць яе назва.
10. Эймінаўская. Пачыналася яна ад вуліцы Св.Яна, прыкладна ад дамоў № 17-21 на Чырвонаармейскай і ішла ў накірунку Эймінаўцаў. У раёне сённяшніх дамоў № 30-32 па вуліцы Дзяржынскага да яе далучалася вул. Хадкевічоўская. У наш час часткі былой Эймінаўскай вуліцы (ад Свентаяньскай да злучэння з Хадкевічоўскай) ужо няма.
11. Гродзенская (Леніна). Вуліца ішла ад Рынку праз мост міма маёнтка Касакоўскіх і новага касцёла у бок павятовага Гродна.
У архіўных дакументах таксама згадваюцца вуліцы Касцюшкоўская (Тадэвуша Касцюшкі), Канстытуцыі 3-га мая, Касцельная.
Цікава, што некалькі бераставіцкіх вуліц у пасляваенны час увогуле перасталі існаваць. Акрамя ўзгаданай вуліцы Эймінайскай знікла і невялікая вузкая вулачка, што пачыналася дзесьці каля цяперашняй гасцініцы і па дыяганалі злучала Хадкевічоўскую (Дзяржынскага) і Свентаяньскую вуліцы. Сёння ад яе няма ўжо і слядоў. На гэтым месцы знаходзяцца прыватныя аднапавярховыя дамы з агародамі, а жыхары гэтых дамоў нават і не падазраюць, што некалі тут праходзіла вуліца. На жаль, назва яе не ўстаноўлена.
Нагадаю, што некаторыя вуліцы мястэчка свае гістарычныя назвы захоўвалі яшчэ нават і ў пасляваенныя гады. Ужо дзесьці ў 50-я гады яны поўнасцю змянілі свае назвы.
Сяргей ЛУШЧЫК, г.Гродна



5 комментариев по теме “Бераставіцкія вуліцы ў даваенны час

  1. «У архіўных дакументах таксама згадваюцца вуліцы Касцюшкоўская (Тадэвуша Касцюшкі), Канстытуцыі 3-га мая, Касцельная.»
    3-га мая — цяпер 1-га Мая. Мой дзед перабраўся ў Бераставіцу з Крушынян у 1930 і пабудаваў на гэтай вуліцы хату. А мой бацька там нарадзіўся у 1940.

  2. У адным з архіваў г.Гродна ўзгадваецца ў царскія часы яшчэ вуліца Луненская (назва ад мястэчка Лунна). Да якога часу існавала назва гэтай вуліцы невядома. Лагічна, што вуліца была дзесці ў накірунку Лунна.

  3. Паважаны Андрэй, я не зразумеў – Вы задаеце мне пытанне ці існавала ў даваеннай Вялікай Бераставіцы плошча 11 Лістапада, альбо ўжо сцвярджаеце факт, што такая плошча да вайны была ў мястэчку? Сапраўды гэтая дата адметная ў гісторыі Рэчы Паспалітай – гэты дзнеь з’яўляецца Днём адшукання Незалежнасці. Многія даваенныя польскія гарады і мястэчкі мелі вуліцы і плошчы з такімі назвамі. У гэты дзень па ўсёй краіне адбывалісь святочныя мерапрыемствы, а ў Варшаве кожны год праходзіў ваенны парад. У Бераставіцы патрыятычныя мітынгі заўсёды адбывалісь на плошчы насупраць старога касцёла. Што датычыцца плошчы з назвай 11 Лістапада ў нашым мястэчку, то, працуючы ў гродзенскім архіве, я такой інфармацыі не знайшоў. Не далі мне гэтай інфармацыі і мясцовыя старажылы. Спадар Андрэй, калі Вы маеце якую-небудзь інфармацыю адносна даваеннай бераставіцкай тапанімікі (назвы вуліц, завулкаў, плошчаў, раёнаў забудовы мчястэчка), дапоўніце мой артыкул. Магчыма я што-небудзь не ўлічыў. Буду ўдзячны.

  4. Вялікі дзякуй аўтару за цікавы матэрыял па гістарычным нарысе бераставіцкіх вуліц.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *