Дэлегацыя Бераставіцкага раёна прыняла ўдзел ва ўрачыстым канцэрце, прысвечаным святкаванню 100-годдзя з дня абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, які адбыўся ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры.
У вялікім зале драмтэатра сабраліся прадстаўнікі Гродзеншчыны, якія сваёй шматгадовай добрасумленнай працай умацоўвалі не толькі патэнцыял свайго рэгіёна, але і тым самым ўносілі пасільны ўклад у развіццё беларускай дзяржавы – заслужаныя людзі, арганізатары вытворчасці, дзеячы навукі, культуры, мастацтва, прамысловасці і сельскай гаспадаркі, вядомыя будаўнікі, урачы, педагогі, спартсмены, людзі, якія адзначыліся ў ахове грамадскага парадку і воінскай службе.
Яшчэ да пачатку мерапрыемства госці святочнага канцэрта акунуліся ў атмасферу савецкіх гадоў: у фае драмтэатра дзейнічалі тэматычныя выставы, фотазоны з атрыбутыкай БССР, у выкананні духавога аркестра гучалі мелодыі мінулых гадоў.
Урачысты вечар адкрыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Жук. Ён спыніўся на асноўных этапах станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці, расказаў, якой цаной здабывалася наша незалежнасць, выказаў надзею, што і надалей наша краіна ў цэлым і прынёманскі край у прыватнасці будуць дынамічна развівацца.
— Залогам гэтага з’яўляюцца людзі, якія ўмеюць сумленна працаваць, а іх на Гродзеншчыне нямала. Шэсцьдзесят чатыры Героя Сацыялістычнай Працы і тры Героя Беларусі ўзгадавала гродзенская зямля, — адзначыў Ігар Георгіевіч. — Мы радуемся таксама і за нашу моладзь, якая імкнецца да ведаў, актыўна ўдзельнічае ў жыцці краіны, рыхтуецца ўзяць на сябе адказнасць за будучыню дзяржавы.
Ад імя абласнога выканаўчага камітэта і абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук падзякаваў усім, хто сваёй працай стварае нашаму рэгіёну аўтарытэт і славу, павіншаваў са 100-годдзем абвяшчэння БССР, якое будзе адзначацца 1 студзеня 2019 года, пажадаў росквіту нашай краіне, а ўсім жыхарам Гродзеншчыны — моцнага здароўя, шчасця, міру і дабрабыту.
Пра гісторыю Беларусі за мінулыя 100 гадоў з дня ўтварэння БССР напомніў і святочны канцэрт, які быў падмацаваны фота- і кінахронікай, а таксама радкамі з вядомых вершаў беларускіх паэтаў. А заслужаныя калектывы Гродзеншчыны, якія прымалі ў ім удзел, падарылі цудоўны настрой усім прысутным у зале.