8 снежня на Бераставіччыне стартавала рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці», якая традыцыйна праводзіцца напярэдадні калядных і навагодніх святаў і заклікана аказаць увагу і падтрымку дзецям, якія маюць найбольшую патрэбу ў клопаце з боку дзяржавы і грамадства.
Актыўна ўключыцца ў правядзенне дабрачыннай акцыі і раённае аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду.
— Мы ўжо пачалі збор добраахвотных ахвяраванняў для арганізацыі мерапрыемстваў у рамках акцыі “Нашы дзеці”, — гаворыць дырэктар раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Наталля Кудлаш. — Члены прэзідыума нашага грамадскага аб’яднання пастараюцца наведаць як мага больш арганізацый і ўстаноў раёна, каб расказаць аб дзейнасці Беларускага дзіцячага фонду і асабіста выказаць працоўным калектывам словы падзякі за ўдзел у праграмах Беларускага дзіцячага фонду, за неабыякавасць і спагадлівасць. Агульнымі намаганнямі мы зможам дабіцца таго, каб навагоднія і калядныя святы падарылі радасць і казку кожнаму дзіцяці, а асабліва тым, якія воляю лёсу знаходзяцца ў цяжкім становішчы.
Наталля Міхайлаўна адзначыла, што за сродкі Беларускага дзіцячага фонду будуць набыты больш за 70 навагодніх падарункаў для дзяцей-інвалідаў і дзяцей сіроцкай катэгорыі, якія ў сілу свайго ўзросту або стану здароўя не змогуць прыняць удзел у раённай дабрачыннай ёлцы. На гэтыя мэты будзе накіравана больш за 520 рублёў.
Акрамя таго, навагоднія падарункі ад Беларускага дзіцячага фонду атрымаюць і дзеці, якія не наведваюць установы адукацыі, а навучаюцца дома. Сумесна з валанцёрскім атрадам «Добрае сэрца» Вялікабераставіцкай сярэдняй школы запланавана іх віншаванне з навагоднімі святамі падчас акцыі «Падары ўсмешку дзецям».
Сродкі раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду будуць накіраваны і на набыццё прызоў для правядзення разнастайных конкурсаў падчас раённай дабрачыннай ёлкі, на арганізацыю святочнага пасяджэння клуба прыёмных бацькоў «Сямейны ачаг».
На правядзенне гэтых мерапрыемстваў патрэбны немалыя сродкі, таму Наталля Міхайлаўна ад імя прэзідыума раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду заклікала кіраўнікоў і працоўныя калектывы Бераставіччыны аказаць пасільную дапамогу і ўключыцца ў збор добраахвотных ахвяраванняў, каб напярэдадні Калядаў і Новага года святочныя падарункі атрымалі і тыя дзеці, якія маюць у гэтым найбольшую патрэбу.
Ірына МІКЛАШ