Інтэрнэт — на службу ДАІ

Лента новостей

У аўторак адбылася прэс-канферэнцыя начальніка ўпраўлення Дзяржаўтаінспекцыі УУС Гродзенскага аблвыканкама Сяргея Валер’евіча Талатая з прадстаўнікамі друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі вобласці.

На пачатку мерапрыемства С.В.Талатай агучыў асноўныя лічбы-паказчыкі дарожна-транспартных здарэнняў, якія адбыліся за мінулае паўгоддзе, а таксама колькасці загінуўшых і параненых у гэтых ДТЗ. Так, у гэтым годзе ў Гродзенскай вобласці было зафіксавана 282 ДТЗ. У параўнанні з мінулым годам гэта колькасць паменшылася на 9%, што, па словах С.В.Талатая, сведчыць пра хоць і нязначную, але станоўчую дынаміку. Асабліва Сяргей Валер’евіч засяродзіў увагу на прычынах ДТЗ:
— На пачатку года мы прааналізавалі леташнія здарэнні і прыйшлі да высновы: траўматызм на дарогах цыклічны, сезонны і паслядоўны. Самыя частыя ДТЗ — гэта наезды на пешаходаў, лабавыя сутыкненні, перакульванні і наезды на веласіпедыстаў. На жаль, павялічылася колькасць ДТЗ і па прычыне кіравання ў нецвярозым стане.
С.В.Талатай выразіў занепакоенасць тым, што тры восеньскія месяцы чакаюцца самымі напружанымі для Дзяржаўтаінспекцыі. Прычыны таму — скарачэнне светлавога дня, пагаршэнне кліматычных умоў, а нярэдка — і адсутнасць ведання элементарных правіл бяспекі ўдзельнікамі дарожнага руху.
Вялікую зацікаўленасць у журналістаў выклікала папярэджванне аварыйнасці на дарогах метадам “відэа-двойкі”, калі фіксацыя парушэнняў правіл дарожнага руху ажыццяўляецца супрацоўнікам ДАІ або дружыннікам, якія знаходзяцца на пэўнай адлегласці ад месца нясення службы нарадам ДАІ. Інфармацыя аб парушэнні перадаецца з выкарыстаннем тэхналогій мабільнай сувязі (GPRS, EDGE, 3G) і праграм абмену імгненнымі паведамленнямі ў рэжыме рэальнага часу. Такія тэхнічныя новаўвядзенні ўжо выкарыстоўваюцца ў Ваўкавыскім, Іўескім, Лідскім, Слонімскім, Смаргонскім і Шчучынскім раёнах. Наш раён — таксама на чарзе ўкаранення “навінкі”.
Характарызуючы работу Дзяржаўтаінспекцыі, С.В.Талатай адзначыў:
— Наша крэда — гэта якасць, таму асаблівы ўпор мы робім на яе павышэнне. Галоўнай мэтай для нас з’яўляюцца не лічбавыя паказчыкі, а ўкараненне нестандартных формаў прафілактыкі ДТЗ, кансалідацыя намаганняў розных ведамстваў, эфектыўная работа са СМІ (дарэчы, Інтэрнэт-старонка гродзенскай Дзяржаўтаінспекцыі знаходзіцца на 3-ім месцы па наведванні сярод сацыяльных сайтаў нашай краіны).
Напрыканцы сустрэчы начальнік упраўлення Дзяржаўтаінспекцыі выказаў пажаданне аб цесным і плённым супрацоўніцтве службы ДАІ і сродкаў масавай інфармацыі.
Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *