Алекшыцкі вучань Серафім Гмір выступіў на міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Казані

Образование Общество События года

У Алекшыцкай сярэдняй школе актыўна дзейнічае навукова-даследчае таварыства вучняў “Дыяменты”. Алекшыцы маюць багатую гісторыю, у якой шмат недаследаваных плям і неразгаданых таямніц. Удачай юных даследчыкаў можна лічыць вызначэнне месца нараджэння сусветна вядомага ўсходазнаўца Восіпа Міхайлавіча Кавалеўскага, бацька якога, Міхаіл Антонавіч Кавалеўскі, служыў у Алекшыцкай уніяцкай царкве настаяцелем. Справа ў тым, што архіў вучонага быў знішчаны яшчэ пры яго жыцці, і на сённяшні дзень застаюцца палемічнымі многія моманты яго біяграфіі. Вывучыўшы захаваныя архіўныя дакументы Алекшыцкай, Масалянскай, Гольнеўскай цэркваў Бераставіцкага раёна, вучні знайшлі запісы пра бацьку В.М. Кавалеўскага і членаў яго сям’і. Далей шлях даследчыкаў ляжаў у Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна, дзе знайшлося пацвярджэнне версіі аб наяўнасці сваякоў Кавалеўскіх у Ляўкова (сёння тэрыторыя Польшчы). Больш таго, дзякуючы даследаванню Д.Лісейчыкава “Святар у беларускім соцыуме”, удалося скласці радавод святарскага роду Кавалеўскіх, а таксама адшукаць яго нашчадка ў 10-м пакаленні, які працягвае традыцыі роду і таксама служыць настаяцелем храма ў г.Туле.
Вынікі школьных даследаванняў прыцягнулі ўвагу пецярбургскіх вучоных з Інстытута ўсходніх рукапісаў Расійскай Акадэміі Навук, якія ў рамках гранта Расійскага фонда фундаментальных даследаванняў рыхтавалі навуковае мерапрыемства. Пасля азнаямлення з вынікамі вучнёўскага даследавання аўтар работы, 11-класнік Серафім Гмір, быў запрошаны на Першыя Кавалеўскія чытанні ў г. Казань.

Біяграфічная даведка
Прафесар Казанскага ўніверсітэта (1833–1860 гг.), член-карэспандэнт РАН, ганаровы член Азіяцкага таварыства ў Парыжы, акадэмік Пецябургскай Акадэміі навук, рэктар Казанскага ўніверсітэта (1855–1860 гг.), прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Восіп Міхайлавіч Кавалеўскі.
Пасля заканчэння Гродзенскай губернскай гімназіі ў Свіслачы здольны мэтанакіраваны сын уніяцкага святара Восіп Кавалеўскі ў 1817 г. паступае ў Віленскі ўніверсітэт, заканчвае яго са ступенню кандыдата філасофіі, пачынае выкладаць у Віленскай гімназіі і працягвае навучанне ў педагагічным інстытуце. У тым жа 1817 г. Кавалеўскі па рэкамендацыі Адама Міцкевіча становіцца дзявятым членам таварыства філаматаў. Пасля разгрому Таварыства ён асуджаны да высылкі ў Казань, дзе залічаны ў Казанскі ўніверсітэт для вывучэння ўсходніх моваў.
Экспедыцыі ва Усходнюю Сібір, Манголію і Кітай дазволілі ад’юнкту Кавалеўскаму сабраць унікальны дакументальны матэрыял, які ўвайшоў у залаты фонд сусветнага і расійскага манголазнаўства і буддызму і паклаў пачатак бібліятэцы старажытных рукапісаў і музею Казанскага ўніверсітэта.
За час навуковай камандзіроўкі В.М.Кавалеўскім быў сабраны вельмі багаты матэрыял, які стаў асновай яго фундаментальных прац: трохтомнага “Мангольска-руска-французскага слоўніка”, “кароткай граматыкі кніжнай мангольскай мовы”, “Мангольскай хрэстаматыі”, “Буддыйскай касмалогіі”.
Пасля вяртання ў Казань В.М. Кавалеўскі ўзначаліў кафедру мангольскай мовы, якая была адкрыта ў 1833 г. В. М. Кавалеўскі аднагалосна прыняты ў члены Пецярбурскай Акадэміі Навук, узнагароджаны Дзямідаўскай прэміяй. Дыяпазон яго даследаванняў надзвычай шырокі: гэта і мова, літаратура, этнаграфія,гісторыя, пытанні матэрыяльнай культуры і быту, рэлігія. Сваёй навуковай, асветніцкай дзейнасцю Восіп Міхайлавіч імкнуўся звярнуць увагу царскага ўрада на бурат, тунгусаў, калмыкаў і іншыя народы далёкай Сібіры.
Восіп Міхайлавіч быў бліскучым педагогам, што пацвярджае прызначэнне яго ў 1850-м годзе загадчыкам толькі што заснаванай кафедры педагогікі, пакінуўшы за ім і кафедру мангольскай мовы. Кавалеўскі выхаваў цэлую плеяду вучняў, што сталі пасля вядомымі ўсходазнаўцамі.
Міжнародная навуковая канферэнцыя “Першыя Кавалеўскія чытанні”
Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная 185-годдзю стварэння кафедры мангольскай славеснасці ў Казані прайшла 24-25 верасня 2018 г. на базе Інстытута Міжнародных адносін Казанскага федэральнага ўніверсітэта. На ўрачыстым адкрыцці канферэнцыі старшыня пасяджэння дырэктар Інстытута Міжнародных адносін КФУ прафесар Р.Р. Хайрутдзінаў падкрэсліў наступнае: «Казань — адзін з традыцыйных цэнтраў манголазнаўства ў Расіі і ў свеце. 185 гадоў таму — 25 ліпеня 1833 г. — у Імператарскім Казанскім універсітэце была адкрыта першая ў Еўропе і ў свеце ўніверсітэцкая кафедра мангольскай славеснасці. Узначаліў яе толькі што прызначаны прафесарам Восіп Міхайлавіч Кавалеўскі. Аргкамітэт спадзяецца, што правядзенне Першых Кавалеўскіх чытанняў менавіта ў Казані будзе з’яўляцца не проста данінай памяці нашаму слаўнаму мінуламу, але і адкрыццём новага вымярэння слаўнай будучыні»-.
На навуковы форум у Казань з’ехаліся каля 40 удзельнікаў з розных монголазнаўчых устаноў Масквы, Санкт-Пецярбурга, Калмыкіі, Бураціі, Манголіі, Казахстана, КНР. Іх паведамленні былі прысвечаны гісторыі, культуры, мове, літаратуры манголамоўных народаў.
Канечне ж, інтрыгай канферэнцыі было выступленне школьніка, што на мерапрыемствах такога ўзроўню сустракаецца не часта. Серафім Гмір выступіў на адкрыцці канферэнцыі з дакладам “У пошуках малой радзімы В.М. Кавалеўскага (па матэрыялах яго святарскага роду з царкоўных архіваў)”, чым заслужыў пахвальныя водгукі старшыні пасяджэння і вучонай грамадскасці. Наогул прысутнасць беларусаў на канферэнцыі вельмі цёпла віталася ўсімі прысутнымі. Самай галоўнай задачай было растлумачыць слухачам, што Кавалеўскі па паходжанні – этнічны беларус, аб чым сведчыць канфесія яго продкаў. Таму прыйшлося зрабіць акцэнт на асаблівасці сацыяльна-палітычнага і рэлігійна-канфесійнага становішча на беларускіх землях ў пачатку ХIX ст., што выклікала ажыўленне і вялікую цікавасць усходазнаўцаў.
У час канферэнцыі былі праведзены экскурсіі ў 3 музеі ўніверсітэта (усяго іх налічваецца 8), якія пакінулі незабыўнае ўражанне. Хіба ж забудзеш калі світак з Музея старажытных рукапісаў, даўжынёй 35 метраў, сшыты са скур, на якім запісана ўся Тора! Серафім пабываў у мемарыяльнай Ульянаўскай аўдыторыі, пасядзеў за партай, дзе слухаў лекцыі малады Валодзя Ульянаў (помнік яму стаіць перад галоўным корпусам універсітэта). Канешне, адбылося знаёмства і з Казанскім Крамлём, і са Стара-Татарскай слабадой, і з казанскім Арбатам – вуліцай Баўмана.
Пры развітванні беларусы пачулі ў свой адрас ад арганізатараў мерапрыемства самыя цёплыя словы падзякі і запрашэнне працягваць супрацоўніцтва. Сапраўды, кропку ў вывучэнні біяграфіі нашага славутага земляка ставіць яшчэ рана, і алекшыцкія школьнікі працягнуць свой пошук. Магчымасць пабываць у Казані, выступіць перад такой вучонай аўдыторыяй сапраўды стымулюе школьную даследчую дзейнасць, усяляе ўпэўненасць у патрэбнасці пошукавай працы і іх грамадскай значнасці.

Галіна Румак, кіраўнік
навуковага таварыства,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алекшыцкай СШ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *