“Вялікая Бераставіца вітае ўсіх сваіх гасцей і жыхароў і запрашае на «Бераст-Фэст»! Вас чакае сустрэча з гістарычным мінулым Бераставіччыны, з вытокамі сівой даўніны. Бераст і Тавіца падораць вам чысціню пачуццяў і кахання. У гонар малой радзімы нашай, зямлі бераставіцкай, загадана ладзіць дзеі водныя ды вогненныя. Стравамі традыцыйнымі ды шляхецкімі пачастуе «Бераст-Фэст» госця кожнага, заезжага і заходжага. Артысты бераставіцкія, гарадзенскія і мінскія зладзяць фэст песенны з вавёрчынымі пацехамі і кірмашовымі забавамі, з рыцарскімі паядынкамі ды сярэдневяковымі музыкамі. Святкуем «Бераст-Фэст» разам! Святкуем па-бераставіцку!” – такімі словамі распачалося тэатралізаванае прадстаўленне на сцэне летняга амфітэатра ў скверы 500-годдзя Вялікай Бераставіцы, куды перанеслася свята і дзе адбылося яго ўрачыстае адкрыццё.
У сярэдневяковых традыцыях удзельнікі прадстаўлення нагадалі пра важныя вехі ў гісторыі Вялікай Бераставіцы і яе ваколіц – ад першага пісьмовага ўпамінання ў 1506 годзе, калі мясцовыя землі былі падараваны Аляксандру Хадкевічу, дзяржаўнаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага, да надання мястэчку ў 1754 годзе магдэбурскага права, ці права на самакіраванне.
Старшыня Бераставіцкага райвыканкама Антон Кулісевіч, якому, дарэчы, была ўручана сімвалічная каралеўская грамата аб заснаванні фэсту, аб’вясціў свята адкрытым:
– Паважаныя бераставічане і госці гарпасёлка! Віншую вас з пачаткам добрай традыцыі – з сённяшняга дня, кожны год, у Вялікай Бераставіцы будзе праходзіць наша з вамі свята – “Бераст-Фэст”. Фестываль – у добры шлях!
Завяршылася тэатралізаванае адкрыццё фэсту дэманстрацыяй прыгожага велічнага герба Вялікай Бераставіцы, выкананага ў тэхніцы аплікацыі саломкай, а таксама частаваннем гасцей прысмакамі. А тое, што наша Бераставіца вызначаецца асаблівай шчодрасцю і гасціннасцю, ні ў кога не выклікае сумнення.
Святлана Ганчарова, фота аўтара
Відэа Віктара Фрыдэля