Той першы жах і сёння ў іх памяці

Лента новостей

Першыя дні вайны. Землякоў, якія на свае вочы бачылі, памятаюць пачатак акупацыі, якія перажылі жах раптоўных бамбёжак, сярод нас усё менш. Тады, раніцай у нядзелю 22 чэрвеня, ніхто не ведаў, чаму равуць у нашым небе чужыя самалёты з чорнымі крыжамі на крылах і кідаюць на нашу зямлю бомбы. Гэтае страшнае слова – “Вайна!” – не прагучала яшчэ ўслых. А ўжо палалі аэрадромы ў Кватарах, Росі, Барысаўшчыне, Чарлёне, пад Шчучынам. Нядаўна па рэспубліканскім тэлебачанні расказвалася пра гэта.

Мне пашанцавала на днях пазнаёміцца і гутарыць з жыхаром вёскі Кулікі нашага раёна Каральенам Стэфанавічам Малішэўскім. У 41-м гэты чалавек жыў на хутары каля былога панскага двара Барысаўшчына. Там яшчэ заставаўся палац, розныя гаспадарчыя пабудовы, досыць вялікі бровар, чваракі для парабкаў.
— Мой татка ў 38-м годзе купіў у пана дзесяць гектараў зямлі і 5 гектараў лесу (мы да гэтага часу ў Польшчы жылі). Дык вось, хутар наш стаяў каля самага лесу. Сям’я ў таткі вялікая была: сямёра дзяцей. У 41-м мне было пяць гадоў. Вядома, мала што помню з пачатку вайны, а вось той жах, калі у нядзельку раніцай фашысты бамбілі аэрадром – ён быў непадалёку ад Барысаўшчыны – не мог не ўрэзацца ў дзіцячую памяць.
— Хавайцеся ў панскі склеп. – крычалі людзі, і ўсе пабеглі туды.
Самалёты раўлі, зніжаючыся да самай зямлі, так, што закладвала вушы. Фашысты бамбілі аэрадром. Я сам не помню, але потым бацькі і чужыя людзі расказвалі, як гэта было страшна. Казалі, што палова самалётаў рамантавалася – яны былі ў разабраным стане. А лётчыкі, казалі, вечарам у суботу атрымалі “увольнительную” і былі ноччу ў бліжняй вёсцы Кулёўшчына на танцах. Сонныя, у сподняй бялізне, выскоквалі яны з казармы і беглі да самалётаў.
Людзі ўспаміналі, што дваім лётчыкам, машыны якіх былі не разабраныя, удалося падняць іх у паветра і ўвязацца ў бой з фашыстамі. Адзін з нашых пілотаў загінуў. Яго пахавалі непадалёку ў лесе, паставілі крыж. Помню тую адзінокую магілку, да яе людзі насілі кветкі.
Слухаючы расказ Каральяна Стэфанавіча, я ўспомніла аб раней прачытаным пра тое, як бясстрашна ўздымалі пад бамбёжкай свае самалёты і лётчыкі на аэрадроме пад Шчучынам. Над вёскай Дзембрава быў збіты фашысцкі пілот-ас, які ваяваў у небе над Іспаніяй. А вось што ўспамінае жыхар Вялікай Бераставіцы Анатоль Уладзіміравіч Зданчук, ураджэнец вёскі Эймінаўцы:
— Было гэта на другі ці трэці дзень вайны. Нашы войскі адступалі, у тым ліку і па тагачаснай дарозе ваеннага значэння Бераставіца – Ваўкавыск, якая ішла цераз вёску Бераставічаны на Шылавічы.
Нашы салдаты прабіраліся лясамі, і фашысты абстрэльвалі іх з паветра, апускаліся падчас зусім нізка. І вось у разгар такога “палявання” жыхары Бераставічан і навакольных вёсак сталі сведкамі таго, як быў збіты фашысцкі самалёт. Нашы байцы адкрылі агонь са стралковай зброі. Задыміўся правы матор варожай машыны, і яна пачала на страшэннай хуткасці – мы з татам таксама бачылі гэта – зніжацца. Непадалёку ад хутара Рымарчыкаў, на полі, нямецкія лётчыкі ўсё ж здолелі пасадзіць самалёт. Як потым расказвалі хутаране, абодва пілоты выскачылі з кабіны і пачалі пяском тушыць агонь. А яшчэ нешта выцягвалі з машыны і хавалі ў недалёкім ад гэтага месца хмызняку.
Нашы байцы беглі, страляючы, у бок таго самалёта. Немцы, аднак, зніклі ў Сямёнаўскім лесе. Толькі ўратавацца ім усё ж не ўдалося. Казалі людзі, што на двор аднаго з хутароў ускочылі двое нейкіх саладат у чырвонаармейскіх шынялях. А якраз у той час там былі яшчэ нашы ваенныя. І адразу разгледзелі, што з-пад шынялёў тых выглядвае каўнер з фашысцкімі знакамі адрознення. Немцаў узялі ў палон і кудысьці павялі.
А самалёт той стаяў на полі ўсю вайну. Пакрысе яго расцягнулі сяляне – у гаспадарцы дбайнага гаспадара ўсё згадзіцца. Помню, пасля вайны мы з сябрукамі аднеслі ў краму алюміневае крыло – нам за яго далі грошы на прысмакі…
Мая добрая знаёмая, жыхарка вёскі Дзявяткі, Марыя Іванаўна Здунэк, пры сустрэчах зноў і зноў вяртаецца ва ўспамінах пра тое, як фашысты бамбілі аэрадром у Кватарах і чыгунку. Хутар, дзе жыла Марыя Іванаўна, стаяў якраз паблізу чыгуначнага палатна.
— На аэрадроме цяжка вухкала і дым уздымаўся да неба, — расказвала Марыя Іванаўна. – Людзі з жахам думалі: Божа, хто ж там уцалее пад такой бамбёжкай? А тут пачалося яшчэ адно пекла. Самалёты з чорнымі крыламі пачалі нізка раўсці над чыгункай, бамбіць цягнік, які ішоў у Ваўкавыск. А па людзях, якія разбягаліся з вагонаў, лётчыкі страчылі з кулямётаў. Надта многа там было маладых мам з дзецьмі: поезд ішоў з Чырвонага Бору, што пад Беластокам, там, казалі, стаяла вельмі вялікая ваенная часць. І гэта эвакуіраваліся сем’і ваеннаслужачых, ехалі і самі салдаты. Лес быў далёка, з кіламетр, а па баках чыгункі – пасадкі елак. Людзі хаваліся і тут, і ў полі, у пасевах. Многія мамы былі забіты, засталіся адны дзеткі. Сям’я Акудовічаў выратавала дзяўчынку, якую ледзь жывой знайшлі ў мурашніку. Многа хто ўзяў тады сіротак. Палуянчыкі з Гарбачоў узялі хлопчыка, у добрых людзей у Ятаўтах расла дзяўчынка. У Карчэўскіх – на кляпацкім хутары – гадаваўся хлопчык Валодзя, людзі выратавалі і дзяўчынку Ніну. А мой татка знайшоў каля чыгункі, у елачках, мёртвае дзіцятка, помню, як хавалі яго і плакалі.
У Марыі Іванаўны ўжо вельмі шаноўны ўзрост, яна перажыла нямала нягод, але ўспаміны пра пачатак вайны – самыя жудасныя для яе. Той першы жах, тая бамбёжка і людская смерць і сёння перад вачамі. Самае галоўнае – гэта спакой на зямлі, лічыць жанчына. Бо твар у вайны надта ж страшны.
Марыя Драпеза



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *