Матэрыяльную дапамогу ў памеры дзвюх базавых велічынь атрымалі ад раённага выканаўчага камітэта напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь ветэраны Вялікай Айчыннай вайны з Бераставіччыны.
Са святочнымі віншаваннямі да тых, хто асабіста набліжаў вызваленне нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у Вялікай Бераставіцы 29 чэрвеня завіталі старшыня раённага савета ветэранаў Алена Сілкова і загадчык аддзялення пярвічнага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Карвацкая.
— З кожным годам усё менш застаецца сярод нас удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія вызвалялі нашу зямлю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — гаворыць старшыня раённага савета ветэранаў Алена Сілкова. – На сённяшні дзень іх на Бераставіччыне засталося толькі 9 чалавек. І нам вельмі важна не забываць пра тых, хто, не шкадуючы свайго жыцця, здабываў для нас свабоду і незалежнасць, падымаў з руінаў нашу краіну ў пасляваенныя гады. Таму ў гэтыя перадсвяточныя дні мы яшчэ раз выказалі нашым ветэранам словы падзякі за іх баявы подзвіг і ўручылі ім грашовую дапамогу ад райвыканкама.
Ветэранам, якія пражываюць на тэрыторыі раёна, грашовую дапамогу з віншаваннямі з Днём Незалежнасці перадалі старшыні мясцовых сельсаветаў.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара